Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнка ўхваліў новага старшыню Беланафтахіма і папярэдзіў, што Жыліну ня будзе прабачэньня


Ігар Ляшэнка, які займае пасаду першага намесьніка старшыні Белнафтахіма, будзе прызначаны на старшыню кампаніі са згоды Аляксандра Лукашэнкі.

Адпаведнае рашэньне кіраўнік Беларусі прыняў сёньня пасьля сустрэчы зь Ігарам Ляшэнкам і кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта Андрэем Кабяковым.

Падчас размовы Аляксандар Лукашэнка ўскосна выказаўся наконт экс-старшыні Белнафтахіма Ігара Жыліна:

«Кіраўніка зь вядомых прычынаў там няма. Але гэта ягоныя (Ігара Жыліна, экс-старшыні Беланафтахіма. — Рэд.) праблемы. Я ўсіх папярэджваў, што прабачэньня нікому ня будзе, калі людзі паводзяць сябе непрыстойна і глядзяць у дзяржаўную кішэню, нічога туды не паклаўшы. Гэта грамадзтву вядома».

Інфармацыя пра арышт старшыні канцэрну Ігара Жыліна зьявілася ў інтэрнэце вечарам 2 ліпеня. Паводле крыніцы сайту «Хартыя-97», Жыліна арыштавалі 1 ліпеня і зьмясьцілі ў СІЗА.

Паводле інфармацыі агенцтва Белапан, супраць Ігара Жыліна распачатая крымінальная справа паводле артыкула 424 — «Злоўжываньне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі».

Амбасада Расеі ў Беларусі пацьвердзіла Радыё Свабода, што ёй вядома пра затрыманьне Ігара Жыліна.

Пазьней на рэсурсе tut.by са спасылкай на ўласныя крыніцы была разьмешчаная інфармацыя пра тое, што Жыліна падазраюць у выкарыстаньні службовага мабільнага тэлефона ў асабістых мэтах. Нібыта Ігар Жылін разам з жонкай нагаварылі на 10 тысяч даляраў.

Ігар Жылін, якому ў студзені сёлета споўнілася 73 гады, родам з гораду Арджанікідзэ (цяпер Уладзікаўказ). Канцэрн ён узначаліў 4 лютага 2011 году. Да гэтага кіраваў прадпрыемствам «Гродна-Азот», а ў 1990–1993 гадах быў дэпутатам Вярхоўнага Савету Расеі. З 2003 году працаваў тэхнічным кансультантам кампаніі «СреднеАзГаз» (Масква), з 2006 году — першым намесьнікам генэральнага дырэктара АТ «Энэрджы Інвэст» (Руставі, Грузія).

XS
SM
MD
LG