Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пэнтагон можа дапамагчы Кіеву зьнішчаць ракетныя комплексы сэпаратыстаў


Пэнтагон і выведка ЗША распрацоўваюць пляны, якія дазволяць адміністрацыі Барака Абамы паведамляць украінскаму ўраду аб канкрэтным месцазнаходжаньні ракетных комплексаў «зямля-паветра» сэпаратыстаў ва ўсходняй Украіне, каб украінцы маглі зьнішчаць гэтыя ўстаноўкі.

Пакуль што, аднак, як сьцьвярджае The New York Times са спасылкай на ананімных амэрыканскіх чыноўнікаў, гэтая прапанова не выносілася на абмеркаваньне ў Белым доме.

Раней Барак Абама ўхваліў перадачу амэрыканскай выведнай інфармацыі Ўкраіне ў абмежаваных маштабах. Пакуль няясна, ці прэзыдэнт ЗША пагодзіцца на перасылку больш выразнай інфармацыі ўкраінцам аб патэнцыйных мішэнях.

«Гэты крок азначаў бы больш глыбокае ўцягваньне ЗША ў канфлікт», — тлумачыць газэта.

Паводле крыніцаў інфармацыі газэты, у цэнтры абмеркаваньня ў амэрыканскіх вайсковых і выведных колах знаходзіцца пытаньне аб тым, якая павінна быць мэта ЗША — «проста падтрымаць украінскі ўрад, які не пасьпявае ачуньваць ад атакаў сэпаратыстаў, ці падаць суворы сыгнал Пуціну, актыўна дапамагаючы Ўкраіне наносіць удары па ракетных устаноўках, якія паставіла Расея». «За апошнія 10 дзён гэтыя ўстаноўкі зьбілі ня менш за 5 самалётаў, у тым ліку малайзійскі авіялайнэр», — пішуць журналісты The New York Times Дэйвід Сэнджэр і Эрык Шміт.

Адміністрацыя Абамы ўжо дзеліцца з украінскай бокам спадарожнікавымі фота і іншымі доказамі рухаў войскаў і тэхнікі паблізу ўкраінска-расейскай мяжы. Але адзін высокапастаўлены супрацоўнік адміністрацыі ЗША сказаў газэце, што такія дадзеныя, атрыманыя некалькі гадзін ці нават некалькі дзён раней, недастаткова сьвежыя, каб выкарыстоўваць іх пры атаках на сэпаратыстаў.

Прапанова даваць ўкраінскаму боку інфармацыю ў рэальным часе «пакуль не дайшла да прэзыдэнта», дадаў згаданы чыноўнік. Адна з прычын, паводле газэты — у тым, што Белы дом быў заняты іншымі справамі: ён пераконваў эўрапейскіх саюзьнікаў ўвесьці жорсткія эканамічныя санкцыі супраць Масквы, а таксама дамагаўся, каб на месца крушэньня малайзійскага лайнэра дапусьцілі міжнародных інспэктараў.

Кіраўнікі Пэнтагону адназначна ўхваляюць пляны перадачы больш карысных выведных зьвестак Украіне. «Гэтыя пляны ў цэлым упішуцца ў зьнешнепалітычную дактрыну Абамы, якая складваецца цяпер. Яе ідэя — дапамагаць саюзьнікам і краінам-партнэрам з абаронай іх тэрыторыі безь непасрэднага ўдзелу амэрыканскіх вайскоўцаў», — гаворыцца ў артыкуле.

XS
SM
MD
LG