Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нашто беларусу вышыванка? — Каб быць сабой!


Праца з майстэрні Насты Глушко

Праца з майстэрні Насты Глушко

Тры маладыя дзяўчыны — Наста, Натальля і яшчэ адна Наста — разам зь сябрамі гадамі ўзнаўляюць беларускія нацыянальныя строі. Носяць самі і праз рукі і сэрца прапускаюць кожную кашулю, зробленую на замову.

У сваіх фэйсбуках хтосьці енчыць, што цяперашнія беларусы ня ведаюць сапраўдных вышыванак, малпуюць украінцаў у модзе на «крыжыкі» і топчуцца па сьвятынях, апранаючы на сабе стылізаваныя пад вышыванку майкі.

А вось Наста Глушко, Наталья Ярмалінская і Наста Шпілеўская гадамі прышчапляюць усім ахвотным выкшталцоны густ да вышыванак.

Зь дзяўчатамі мы сустрэліся ў памяшканьні Студэнцкага этнаграфічнага таварыства. Немалы, як на грамадзкую арганізацыю, пакой літаральна завалены адзеньнем, прывезеным са шматлікіх экспэдыцыяў, адрэзамі саматканай тканіны, ніткамі, у куце стаяць кросны.

Тут на Лібкнехта, 112 адна з нашых суразмоўніц Наста Глушко ўжо сем гадоў вучыць усіх ахвотных, як пашыць сапраўдны беларускі строй.

«Сёлета да мяне народу прыйшло столькі, колькі за апошнія два гады разам, — распавядае Наста. — Сядзелі ў два шэрагі. Я пытаюся: навошта прыйшлі?

Наста Глушко

Наста Глушко

Чатыры чалавекі ў мяне хацелі на народныя сьвяты хадзіць, ім была патрэбная аўтэнтычная вопратка.

Была цудоўная жанчына, у якой сын хацеў здаваць ЦТ у вышыванцы. І маму адправіў вучыцца на гурток. І яна прыйшла, і навучылася, і сабе стала нешта шыць. Заадно чалавек пачаў капацца ў сваіх каранях. Мы зь ёю выявіліся з адных земляў родам. Пазнаходзіла ручнікі ў куфэрках сваіх.

А большасьць сказала: «Проста, каб была».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Працы з майстэрні Насты Глушко

Працы за майстэрні Натальля Ярмалінскай

Дзяўчаты сь сьціплым гонарам і гумарам кажуць, што ў цяперашняй модзе на вышыванкі ёсьць і іхны ўнёсак. Калі таварыства на пачатку 2000-х запрашала ўсіх ахвотных на Купальле, перад гасьцямі ставілі толькі дзьве ўмовы. Трэба быць не назіральнікам, а ўдзельнікам сьвята.

І другое — абавязкова ў нацыянальным строі.

«Першыя вышыванкі шылі па малюнках у энцыкляпэдыях»

«Я першую вышыванку зрабіла ў 2004 годзе, — кажа Натальля. — Гэта была такая вышываная стылізаваныя кашуля крыжыкам. Калі я ўжо пабачыла зблізу музэйныя кашулі, я зразумела, як глыбока я памылялася. І пасьля „панеслася“ — я пашыла строй сабе, кашулю — мужу. А пазьней зьявіліся і першыя замоўцы, каму спадабалася мая праца».

Адмысловых кніг тады не было, хадзілі па музэях, прасілі сфатаграфаваць, памацаць, мералі лінейкай, разглядалі выварат. Шмат чаго прывезьлі з экспэдыцыяў.

Натальля Ермалінская

Натальля Ермалінская

Звычайна першыя кашулі і строі шылі сваім хлапцам і будучым мужам. Захопленыя прыгажосьцю і майстэрствам іхнага шытва, замовы сталі рабіць сябры і знаёмыя. Натальля кажа, што цяпер у яе праца расьпісаная на два месяцы наперад:

«Калі казаць пра людзей, якія прыходзяць і кажуць: хачу вышыванку, — я пытаюся: для чаго? Каб ведаць, ці на вясельле, ці на сцэну, ці чалавек этнограф-рэканструктар. Бо ёсьць розныя патрабаваньні.

Часьцей мужчыны кажуць: каб насіць на сьвяты. І гэта людзі ня нашага кола, яны ходзяць на іншыя сьвяты.

Часта кажуць: я хачу кашулю хадзіць на працу. Мы часам тады абмяркоўваем, як адаптаваць пад больш сучасныя.

Летам замаўляе моладзь проста насіць.

Ну, і вялікі сэгмэнт замоваў — гэта вясельныя строі. Людзі хочуць жаніцца па-беларуску».

Плястыкавыя вянкі, брылі-самбрэра і колеры «вырві-вока»

На так званыя «народныя касьцюмы» ў дзяўчат свая «злосьць»: плястыкавыя вянкі, вышытыя рукавы на мужчынскіх кашулях (а ў нашай традыцыі такога няма — папярэджваюць дзяўчаты), надзвычай яркія колеры і «брылі-самбрэра» — адбілі ў нашых людзей густ.

Па словах Насты Глушко, людзі думаюць, што народны строй — гэта нешта аляпаватае, «скамароства» — як яна называе.

Менавіта такія «народныя ўзоры» адбілі людзям смак да вышыванак.

Наста Шпілеўская распавядае, як у самаробным строі прыйшла ў парк Горкага, дзе паабяцалі, што за гэта будуць бясплатна катаць на карусэлях. Прыйшла, вядома, не дзеля гэтага, а каб скарыстаць магчымасьць выйсьці ў людзі ў сьвяточным строі.

«Прыходжу, а там усе „народныя калектывы“.... Строі непазнавальных народаў і касьмічных абарыгенаў. І я іду і думаю: як бы мне не сказалі, што — дзевушка, гэта ў вас не нацыянальны строй», — сьмяецца дзяўчына.

Але доўгія гады іхнай працы не прайшлі дарма. Большасьць замоўцаў ужо хоча мець не абы якую, а сапраўдную беларускую адзежу.

«Я ўжо колькі разоў людзей адпраўляла ў крамы купіць нешта вышыванае, ці там ва Ўкраіне шмат усялякага адзеньня. Але цяпер ужо чалавек абавязкова сходзіць, паглядзіць, вернецца да нас і скажа: не, я лепш пачакаю, але я хачу сапраўднае», — дзеліцца Наста сваім досьведам.

Мужчыну ў вышыванцы куля не бярэ

Дзяўчаты могуць ня толькі адрозьніць беларускую вышыванку ад любой іншай, але і распавесьці, як яны адрозьніваюцца па рэгіёнах. Больш таго, распавядаюць, што калі чалавек выбірае сабе, што б яму хацелася, неяк падсьвядома паказвае на ўзоры з тых мясьцінаў, адкуль паходзяць яго карані.

Да таго ж Наста Глушко верыць, што аўтэнтычны строй захоўвае сваю моц.

«У мяне ў сувязі з гэтымі ўкраінскімі падзеямі зьверскімі ўзьнікла жаданьне... Ведаеце, калі шыеш кашулю, натуральна, ты штосьці думаеш, штосьці ў душы адбываецца.

Я вось веру, як нашы продкі, што лён — ахоўная тканіна. І хацелася, канечне, каб калі ты наносіш гэтыя знакі, арнамэнты на тканіну, каб яна літаральна ў браню пераўтваралася. Каб мужчыны, адзетыя ў гэтыя кашулі, рабіліся натуральна супэрчалавекамі.

Каб іх куля ня брала і шабля ня рэзала. Мужчын трэба берагчы. Яны часта замаўляюць, і кожнаму хочацца з добрым пасылам рабіць. Каб яны да ста гадоў жылі».

«Дзяўчыны ў нацыянальных строях — усе прыгожыя»

Гэта клясычны выраз у асяродзьдзі дзяўчат.

«Апранеш правільна строй — і як ты не варочайся, як ты не нагінайся, усе прыгожае. І старэйшыя, і паўнейшыя, — пераконвае Наста Шпілеўская. — А ўжо як у цябе зьяўляецца не адна кашуля, ці як любіш пабалавацца рознымі гарсэтамі, фартушкамі... І калі гэта правільна яшчэ пасадзіць... Зусім іншая ўжо фігура!»

Дзявочыя вырабы разьехаліся па ўсім сьвеце. Наста Глушко распавядае, што ў яе вышыванках выступаюць на канфэрэнцыях і ўдзельнічаюць у важных прыёмах, іх дораць сваякам, якія зьехалі, і студэнтам, якія вучацца за мяжой.

Наста Шпілеўская

Наста Шпілеўская

Людзі ўсё больш хочуць адчуваць сябе беларусамі — сьцьвярджаюць дзяўчаты.

«Мусіць быць правільнае разуменьне, як насіць, — распавядае Наста. — Бяруць і на балі, і на канфэрэнцыі, і нават на нейкія кітайскія конкурсы ўвесь час пазычаюць. Кожны раз папярэджваю: апранайце правільна! Не насілі ў нас расхрыстаныя кашулі, расшпіленыя да пупа, пояс ніжэй таліі таксама не завязвалі. Кожнаму кажаш — вы павінны гэта апрануць так, як штодзённае адзеньне: акуратна, прыгожа, зашпілена. І тады кожная дзяўчына як цукерка».

Сапраўдная вышыванка: стрыманыя колеры і зробленая сваімі рукамі

«Калі чалавек да мяне прыходзіць, я яму адразу паказваю колеры. — тлумачыць Наста Глушко. — У нас няма алых, пунсовых такіх сарочак. А ў крамах мы пераважна бачым чырвоныя. Беларускі ж строй больш стрыманы па колеры. І вось гэты халодны бардовы добра кампануецца з гарсэтамі, зь зялёным, зь сінім». Дзяўчаты доўга распавядаюць, як з кожным замоўцам падрабязна высьвятляюць, для чаго яму вышываныя кашулі, што яму падабаецца і адкуль ягоныя карані. Дарэчы, кашулі найбольш замаўляюць мужчыны. Майстрыхі лічаць, што кожная жанчына ўсё ж марыць калісьці зрабіць сабе адзежу сама.

Самі дзяўчаты, як нечакана высьвятляецца ў размове, носяць яшчэ тыя вышыванкі, якія калісьці пашылі сабе на вясельле. «Ужо бялюткая ў мяне стала, — сьмяецца Наста Глушко. — Больш за дзесяць год таму пашыла». Натальля таксама са сьмехам распавядае, як ужо другі год спрабуе дашыць сабе новую кашулю.

Але гэта ж гэта і старая беларуская завядзёнка, — тлумачыць Наста. — Рэдка калі жанчына ў вёсцы мела новыя кашулі, апроч вясельнай.

Шалёную цікавасьць да вышыванак дзяўчаты тлумачаць па-рознаму. Гэта і прыгожа, і сьвяточна. Канечне, шмат каго зь беларусаў натхніла і павага суседаў-украінцаў да свайго адзеньня.

Але іхны адказ на пытаньне, навошта сучаснаму беларусу вышыванка, самы просты — каб быць сабой.

«Строй — гэта ня толькі ваша заяўка, што я беларус, але і ўсьведамленьне, што я такі. Але я і не супернічаю з кімсьці, не крычу пра гэта, я проста такі», — кажа Наста Глушко.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG