Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША апублікавалі спадарожнікавыя здымкі абстрэлаў Украіны з боку Расеі


ЗША апублікавалі ў нядзелю шэраг спадарожнікавых фатаграфій, на якіх зафіксаваныя пазыцыі расейскіх войскаў каля мяжы з Украінай і абстраляныя імі месцы на ўкраінскай тэрыторыі.

Фотаздымкі распаўсюджваюць, у прыватнасьці, у сацыяльных сетках амэрыканскія журналісты і дыпляматы.

Першы здымак паказвае наступствы ўдару па ўкраінскай тэрыторыі з рэактыўных сыстэмаў залпавага агню, другі і трэці — вынікі абстрэлу з самаходнай артылерыі па ўкраінскім вайсковым падразьдзяленьні. На чацьвёртым здымку рэактыўныя сыстэмы стралялі па мэтах з тэрыторыі Украіны ля самай мяжы — на думку ЗША, у гэтым выпадку гаворка ішла аб выкарыстаньні ўстановак, прадастаўленых сэпаратыстам з Расеі.​

Украінскія вайскоўцы даўно заяўляюць, што іх пазыцыі непадалёк расейскай мяжы нярэдка абстрэльваюць або зь мяжы, або з тэрыторыі Расеі. Гэтыя заявы пацьвярджалі ў сацыяльных сетках і самі расейцы, жыхары памежных сёлаў, і салдаты, якія хваліліся сваімі абстрэламі. Заходнія выведкі таксама заяўлялі, што маюць пацьверджаньні абстрэлаў Украіны з расейскай тэрыторыі. Расея адхіляе ўсе доказы і называе іх ілжывымі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG