Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прарасейскія баевікі плянавалі перакідваць наймітаў праз тэрыторыю Беларусі


Вярбоўшчыкі самаабвешчаных ДНР і ЛНР зьбіраліся выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю для перакідваньня грамадзян у расейскі лягер падрыхтоўкі наймітаў.

У Цярнопальскай вобласьці затрымана група асоб, якія займаліся вярбоўкай жыхароў рэгіёну для ўдзелу ў баявых дзеяньнях на баку т. зв. Данецкай і Луганскай народных рэспублік, паведамляе агенцтва УНІАН са спасылкай на Упраўленьне службы бясьпекі Украіны ў Цярнопальскай вобласьці.

Вярбоўшчыкаў затрымалі 25 ліпеня падчас «непасрэднай вярбовачнай прапановы» двум жыхарам вобласьці. Устаноўлена, што затрыманыя асобы дзейнічалі на тэрыторыі вобласьці па ўказаньні расейскіх спэцслужб. Сфармаваную групу наймітаў плянавалася даставіць да мяжы зь Беларусьсю, дзе яе павінны былі сустрэць супрацоўнікі спэцслужб РФ і пераправіць у ваенны лягер падрыхтоўкі ў Растове-на-Доне. Вярбоўшчыкі прапаноўвалі грамадзянам 1.500 даляраў у месяц за ўдзел у незаконных узброеных фармаваньнях, а таксама ўзнагароду за кожнага забітага ўкраінскага вайскоўца, зьнішчаную тэхніку і блёкпасты.

У дачыненьні да затрыманых абраная мера стрыманьня ў выглядзе ўтрыманьня пад вартай. Зарэгістравана крымінальная вытворчасьць на падставе ч. 1 арт. 258-3 КК Украіны (стварэньне тэрарыстычнай групы ці тэрарыстычнай арганізацыі). Затрыманым пагражае ад 8 да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG