Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ад заўтра, з 27 ліпеня пачнуць дзейнічаць зьмены ў законы, якімі ўсталяваныя памеры штрафаў за парушэньні правілаў дарожнага руху.

Гэтак, парушэньне правілаў паркоўкі ці няправільная паркоўка на адмысловым месцы для інвалідаў, што зафіксавана відэакамэрай, цяпер будзе карацца штрафам у адну базавую велічыню для легкавікоў і 3 базавыя велічыні для грузавых аўтамабіляў. Але паўторнасьць пры такім парушэньні на памер штрафу ўплываць ня будзе.

Большымі стануць і штрафы за перавышэньне хуткасьці, калі парушэньне зафіксавана спэцсродкамі, якія працуюць аўтаматычна. Цяпер за перавышэньне ад 20 да 30 кілямэтраў на гадзіну парушальнік заплаціць 2 базавыя велічыні, ці 300 тысяч рублёў, а пакуль мог заплаціць толькі 150 тысяч рублёў. Цяпер перавышэньне ў прамежку 30-40 км/г пацягне на штраф у 4 базавыя велічыні, а вышэй за 40 км — нават 6 базавых велічынь. Адметна, што калі за такое ж парушэньне спыніць інспэктар ДАІ, новы закон дае яму права ўжыць як меншае, гэтак і большае пакараньне. Прыкладам, за перавышэньне хуткасьці ў прамежку 20-30 кілямэтраў на гадзіну інспэктар можа выпісаць штраф 150–450 тысяч.

Вырасьце вышэйшы ўзровень штрафу за несваечасовы тэхагляд, прычым за гэта парушэньне ўводзіцца паўторнасьць. Зараз за нясвоечасовы тэхагляд могуць ці папярэдзіць, ці аштрафаваць максымум на 2 базавыя велічыні, але звычайна давалі 75 тысяч. Ад заўтра папярэджаньне як мера ўзьдзеяньня выключаецца, а максымум штрафу падымецца да 3 базавых велічынь. Калі ж парушальнік пападзецца паўторна, яго можна будзе аштрафаваць і на 750 тысяч рублёў, то бок на 5 базавых.

Больш жорсткімі сталі й пакараньні за «пагоню». Не спыніўся на патрабаваньне інспэктара — атрымай штраф ад 2 да 8 базавых велічынь. Неаднаразовае такое ж парушэньне — да 1,5 мільёна штрафу ці нават пазбаўленьне права кіраваньня аўтамабілем цягам паўгода. А ў выпадку пагоні аўтамабіля ДАІ за кіроўцам, які не спыніўся і ўцякае, апошняга чакае штраф ад 750 тысяч да 3 мільёнаў ці пазбаўленьне правоў на 2 гады. Да сёньня такому парушальніку пагражаў толькі штраф у 3 мільёны рублёў.

XS
SM
MD
LG