Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Сьпеўны сход аб’ядноўвае народ». Беларусаў навучаць сьпяваць свае песьні


Сяржук Доўгушаў

Сяржук Доўгушаў

Госьцем «Вольнай студыі» — ініцыятар і арганізатар сьпеваў на вольным паветры Сяржук Доўгушаў.

Ужо некалькі месяцаў у Менску праходзяць незвычайныя культурніцкія акцыі — Сьпеўныя сходы. Хто можа стаць іх удзельнікам і якія песьні там можна пачуць? Госьцем «Вольнай студыі» — ініцыятар і арганізатар сьпеваў на вольным паветры Сяржук Доўгушаў.

— Сяржук, якую мэту вы ставіце перад сабою, зьбіраючы людзей на свае Сьпеўныя сходы?

— Мы хочам навучыць людзей сьпяваць беларускія песьні. Каб яны адчулі сябе адзінай супольнасьцю. Нездарма ў нас ёсьць такі слоган: «Сьпеўны сход аб’ядноўвае народ!» Менавіта песьнямі гэта можна зрабіць. Людзі цікавяцца, прыходзяць, чым далей — тым больш. Мы адчуваем, што гэта сапраўды патрэбна. Сходы бясплатныя, можа прыйсьці кожны — і студэнт, і чалавек сталага веку. У нас некалькі старонак у сацсетках, і сяброў там назьбіралася багата. Пра чарговы сход людзі даведваюцца таксама і адзін ад аднаго. Наша каманда: я, як галоўны кіраўнік, вядоўца праекту, падбіраю песьні і вырашаю, як будзе ўсё праходзіць; адзін з кіраўнікоў Аляксей Чубат — мы зь ім распачыналі гэты праект; таксама нам дапамагаюць Юрась Адамовіч, яго сябра Макс, музыка Андрэй Еўдакімаў і гурт «Вурай». Пакуль прайшло пяць Cьпеўных сходаў. На адным зь іх мы разьбіралі купальскія песьні.

— Дык вы ня толькі сьпяваеце, але яшчэ і лекцыі нейкія чытаеце?

— Так. Я тлумачу людзям, адкуль песьня ўзялася, калі яе сьпявалі. На купальскім Сьпеўным сходзе рабілі нават маленечкі абрад, вадзілі карагод і сьпявалі. Калі развучвалі песьню палескую, — запрасілі ў госьці гурт «Кудмень» зь Ірынай Мазюк. Яна трошкі распавяла пра гісторыю песьні. На сходзе мы ня проста стаім і сьпяваем, мы робім нейкія рухі, каб быў інтэрактыў, каб людзям было цікава. Ну, і я даю майстар-клясу па сьпевах, дзялюся тым, чаму я навучыўся ў акадэміі, у вандроўках, калі сам браў майстар-клясы ў выдатных выкладчыкаў. Галоўнае — навучыць людзей карыстацца галасамі, каб яны гучалі натуральна, прыродна. Даю некалькі практыкаваньняў на дыханьне, на сьпеў, на гук. Пачынаючы з восені ў нас штомесяц будзе адбывацца адзін буйны Сьпеўны сход — тэматычны. Будзе, напрыклад, тэма, прысьвечаная Агінскаму, мы разьбярэм адзін яго раманс. А таксама будзе факультатыўны сход, калі людзям захочацца сабрацца, папрактыкавацца. Ёсьць пляны правесьці Сьпеўныя сходы ў іншых гарадах.

— А дзе вы ладзіце свае сходы? Сталага месца, наколькі я разумею, няма?

— Пакуль лета, зьбіраемся на вуліцах. Самы апошні сход па часе ў нас быў на фэстывалі «Вольнае паветра». Там было ажно неяк касьмічна — вогнішча, ноч, і ўсе сьпявалі песьні. Пазамінулы раз зьбіраліся каля Музэя Азгура, там ёсьць пляцоўка. Сьпявалі таксама каля менскай ратушы.

— Летась людзей на менскіх вуліцах затрымлівалі толькі за тое, што яны пляскалі ў далоні. А ў вас зь міліцыяй праблемаў няма?

— Мы дамаўляліся з адміністрацыяй, якая адказвае за імпрэзы каля ратушы. Мы таксама пляскалі ў далоні, хадзілі, сьпявалі, на нас глядзелі шматлікія мінакі, людзі на аўтобусным прыпынку. Некаторыя далучаліся да нас, нават нейкія замежнікі далучыліся і сьпявалі. Ім тэксты былі незразумелыя, але яны слухалі і паўтаралі. Народная песьня рытмічная, яе мэлёдыка кранае, хочацца сьпяваць, і ўжо немагчыма спыніцца. Ніхто нам заўвагаў не рабіў. Было нават трохі дзіўна.

— У рэпэртуары Сьпеўных сходаў толькі беларускія песьні?

— Так. Наша галоўная мэта — навучыць людзей сьпяваць менавіта сваё. Беларусы ня ведаюць сваіх песьняў. Сьпяваюць на вясельлях «Ой, мороз, мороз...» і г. д. А ў нас такія цікавыя застольныя песьні! Таму і ўзьнікла такая думка — навучыць. Калі я быў у адной вандроўцы ў Швайцарыі, там сабраліся розныя народы і сьпявалі кожны сваё. Калі дайшла чарга да беларусаў, то акрамя «Купалінкі» не змаглі нічога прасьпяваць.

Міхась Скобла

Міхась Скобла

— На дзяржаўныя сьвяты ў Менску зьбіраюцца тысячы людзей і сьпяваюць дзяржаўны гімн, перароблены з савецкага. Таксама нейкае падабенства сьпеўнага сходу. Як вы ставіцеся да такіх акцый?

— Маё меркаваньне — людзей ня трэба прымушаць. Людзі павінны самі прыходзіць, а ня толькі тады, калі ім сказалі, што трэба прыйсьці і засьпяваць. Песьня павінна гучаць па жыцьці. Мы свае песьні сьпяваем ня толькі на Сьпеўных сходах, але і дома, сьпяваем ад душы. Прызначэньне гімну — аб’ядноўваць народ. Калі мы былі ва Ўкраіне, выступалі на фэстывалі ў Чаркасах, і калі там усе людзі засьпявалі гімн Украіны, гэта было сапраўды моцна. А потым мы выйшлі і засьпявалі беларускія песьні — разам з украінцамі. Людзі павінны любіць свой гімн. Калі ёсьць любоў да роднай песьні, да роднай мовы, народ дужэе.

— У якасьці альтэрнатыўных гімнаў часам на беларускіх імпрэзах выкарыстоўваюцца «Пагоня» ці «Магутны Божа». Яны адпавядаюць патрабаваньням гімну?

— Мне вельмі падабаюцца і «Пагоня», і «Магутны Божа», у іх ёсьць нешта большае, чым проста песьні. Трэба, каб прайшоў нейкі час, каб беларусы зразумелі, хто яны. І тады, магчыма, зьявіцца яшчэ адзін гімн, які будуць усе любіць і сьпяваць, які будзе гучаць у кожнай душы.

Купальле на "Вольным паветры"

Купальле на "Вольным паветры"

— Вы кіраўнік гурта «Вурай», які нядаўна выпусьціў альбом «Раёк». Першая песьня там пачынаецца: «Вэлытай, пэрэпылко...» Гэта на якой мове?

— Гэта песьня з Палесься. І тамтэйшая мова — гэта, канешне ж, пытаньне. Частка людзей кажа, што яна вельмі падобная на ўкраінскую. Напрыклад, на Століншчыне. Хтосьці схіляецца да таго, што гэта самастойная мікрамова. Прычым, мова на Палесьсі вельмі адрозьніваецца ў розных рэгіёнах. На гомельскім Палесьсі размаўляюць так, на цэнтральным — гэтак, на Берасьцейшчыне — таксама па-свойму. Рэпэртуар нашага гурта складаецца зь песень, якія я знаходжу ў экспэдыцыях. Альбом «Раёк» — самая сур’ёзная наша праца, мы яго рабілі два гады і цяпер актыўна прэзэнтуем. Мы — гэта Андрэй Еўдакімаў (гітара і гармонік), Наста Папова (скрыпка), Андрэй Гарохаў (бубны), Эрык Арлоў (кантрабас), Вольга Палякова (флейта) і я, Сяржук Доўгушаў (сьпевы і розныя драўляныя духавыя інструмэнты).

— Днямі я быў акурат на Століншчыне, у мястэчку Гарадная, дзе праходзіў пленэр ганчароў. Я адмыслова прыслухоўваўся да мовы мясцовых людзей, да песьняў, якія яшчэ жывуць на Століншчыне. Адна са сьпявачак, цётка Вольга зь вёскі Лукі, насьпявала нам цэлы кораб народных песьняў, а на маё «нацыянальнае» пытаньне адказала: «Мы — цьвёрдыя беларусы!». І насамрэч, мясцовыя людзі там гавораць па-беларуску, з пэўнымі фанэтычнымі асаблівасьцямі. Дык пра якую «мікрамову» гаворка?

— Мне складана ацэньваць моўныя зьявы, я ж не лінгвіст. Я пытаўся ў мясцовых людзей: на якой мове вы размаўляеце? гэта ўкраінская мова? Яны адказвалі: не. Беларуская? Не. Бывала, адказвалі, што — беларуская, але часьцей адказ быў такі: гэта мова тутэйшая, на якой нашы дзяды размаўлялі, бабулі. Пытаюся: вы палешукі? Не. А дзе палешукі? Недзе там, пад Пінскам. Пад Пінскам пытаюся: вы палешукі? Не. А дзе ж тыя палешукі? Ну можа пад Столінам... Тое ж самае было і стагодзьдзе таму.

— 100 гадоў прайшло, а людзі ня вызначыліся, да якой нацыянальнасьці яны належаць?

— Атрымліваецца — так. Мне даводзілася бываць у вёсках, дзе ў хатах няма тэлебачаньня. Людзі жывуць у сваім сьвеце, захоўваюць свае традыцыі і, як і стагодзьдзе таму, кажуць, што яны — тутэйшыя. Большасьць нашых экспэдыцый была якраз на Палесьсе. Мяне дужа цікавіла сьпеўная традыцыя мужчынская. А там, уздоўж Прыпяці, можна яшчэ пачуць дзядоў, якія сьпяваюць. Мне вельмі цікавыя гэтыя людзі, бо гэта іншы сьвет. Там у хатах яшчэ можна адчуць незвычайны дух, шчырасьць, дабрыню. Мне было нецікава, калі я слухаў запісы сьпеваў, пакуль я сам не пабачыў выканаўцаў. І я стаў слухаць больш уважліва, бо гэта сьпеў, які можа моцна ўзьдзейнічаць на чалавека. Слухаеш і робісься іншым. Песьня можа зьмяніць чалавека.

— Аднойчы сьпявак Якаў Навуменка расказваў мне, як яго запрашалі на закрытыя канцэрты ва ўрадавай рэзыдэнцыі ў Драздах, і як ён там спрабаваў сьпяваць беларускія песьні. Калі б на падобны канцэрт запрасілі вас, вы — згадзіліся б? Ну, каб паспрабаваць кагосьці зьмяніць.

— Складанае пытаньне. Я параіўся б са сваімі музыкамі, бо ня я адзін вырашаю. Быў час, калі мы не жадалі ўдзельнічаць у дзяржаўных сьвятах. Разумееце, калі ідзе мікс невядома чаго, і павінны зайграць мы... Быў такі выпадак. Перад намі ішла расейскамоўная папса, і мы хацелі адмовіцца выходзіць на сцэну. Але што адбылося? Мы ўсё ж выступілі, і людзі былі вельмі ўдзячныя. Мы ўбачылі ўсьмешкі на іхных тварах, пачулі падзякі — па-беларуску. Таму я лічу, што трэба сьпяваць і ў неспрыяльных умовах, каб пасеяць у людзкіх душах зернетка сапраўднага, зернетка нашага роднага.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG