Лінкі ўнівэрсальнага доступу

24 гады Дэклярацыі аб сувэрэнітэце. Незалежнасьць у найбольш крытычным стане?


24 гады таму Вярхоўны Савет БССР прагаласаваў за Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце, якая адкрыла шлях да незалежнасьці цяперашняй Беларусі. У штаб-кватэры БНФ адбылася дыскусія палітыкаў і дэпутатаў адносна праблемы захаваньня незалежнасьці.

Ці стала незалежнасьць, якая зрабіла першыя крокі ў канцы ліпеня 1990 году, каштоўнасьцю для большасьці беларусаў і што трэба зрабіць, каб Беларусь захавала незалежнасьць? Ці варта змагарам за беларушчыну падтрымліваць уладу, калі тая робіць пэўныя крокі ў падтрымку незалежнасьці? Адказы на гэтыя пытаньні шукалі ўдзельнікі сустрэчы з дэпутатамі Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, якія 27 ліпеня 1990 году прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі.

Тагачасны дэпутат Вярхоўнага Савету, міністар працы ў першым урадзе Аляксандра Лукашэнкі Аляксандар Сасноў згадаў, што прымалі дэклярацыю аб незалежнасьці без асаблівых спрэчак, бо сьпяшаліся, каб не застацца адзінай рэспублікай у СССР, якая яшчэ не абвясьціла пра сваю незалежнасьць ад Масквы. Нехта далучыўся да змагароў за незалежнасьць у парлямэнцкай залі, нехта марыў пра пасады ды іншыя выгоды. А вось праз год сытуацыя была іншая, кажа Аляксандар Сасноў:

«Спрэчак асаблівых не было, і дэклярацыю падтрымалі. Больш складана ішоў працэс праз год, калі Дэклярацыі аб сувэрэнітэце надавалі сілу канстытуцыйнага закону. Вось тады было змаганьне моцнае. Бо ўся намэнклятура зразумела, што ў выніку адбудзецца. Спрэчкі ішлі вакол пытаньняў, што трэба забараніць кампартыю, перадаць яе маёмасьць дзяржаве, прыняць беларускія дзяржаўныя сымбалі. І прынялі і гэты закон, і нават, чаму вельмі зьдзіўляюся, незалежную сымболіку зацьвердзілі.

Аляксандар Сасноў

Аляксандар Сасноў

Але што да стаўленьня людзей да незалежнасьці, на маю думку, асаблівых зьменаў не адбылося. І тады невялікая купка людзей лічыла незалежнасьць каштоўнасьцю, а большасьць ставілася да яе абыякава, і цяпер тое самае. Зусім няшмат людзей лічаць, што незалежнасьць важнейшая за чарку ды скварку», — мяркуе Аляксандар Сасноў. Пры гэтым былы міністар мяркуе, што апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці трэба працягваць рабіць сваю справу па прапагандзе ідэяў незалежнасьці, захоўваць беларускую мову і сымболіку.

Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч мяркуе, што ніколі за часы незалежнага існаваньня Беларусь не была гэтак блізка да страты незалежнасьці, як цяпер.

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

Асноўную пагрозу спадар Янукевіч бачыць у палітыцы Крамля, які пачаў будаваць новую імпэрыю, у якой месца незалежнай Беларусі не застанецца. Беларускія ўлады, на думку Аляксея Янукевіча, змарнавалі гады незалежнасьці на змаганьне зь беларушчынай. Апошнім часам, паводле спадара Янукевіча, улада робіць нейкія крокі па ўмацаваньні ў сьвядомасьці беларусаў ідэяў незалежнасьці, але вельмі непасьлядоўна, па-ранейшаму варожа ставячыся да прыхільнікаў беларушчыны. Якую пазыцыю заняць адносна гэтых супярэчлівых тэндэнцыяў?

«Пытаньне ў тым, ці мы павінны апрыёры лічыць кожнага прадстаўніка гэтай улады варожым да незалежнасьці Беларусі? Мяркую, што сёньня, калі мы ставім пытаньне „ўсё альбо нічога“, то мы маем нічога і будзем гэта мець заўсёды. Між тым лічу, што сёньня магчымая тактыка малых крокаў, і мы павінны ёю кіравацца. І такія крокі, калі яны ёсьць і з боку ўлады, трэба вітаць. Няма гарантыі, што гэтыя малыя крокі прывядуць да перамогі, але калі ня будзе нічога, то гэта дакладна ўсё скончыцца каляпсам і катастрофай вельмі хутка».

Палітоляг, намесьнік старшыні руху «За свабоду» Алесь Лагвінец прапануе:

Алесь Лагвінец

Алесь Лагвінец

«Тое, што ёсьць пазытыўнае, варта ацэньваць адпаведна, але казаць, што гэтага недастаткова. Трэба ісьці наперад і паказваць, што сёньняшняя ўлада няздольная, гэта не ў яе натуры рабіць далейшыя крокі па ўмацаваньні незалежнасьці. Яна проста даволі ўдала балянсуе паміж інтарэсамі Расеі і Эўропы, захоўваючы, можна гэтак сказаць, тут кантрольны пакет акцыяў».

Удзельнік дыскусіі, намесьнік старшыні кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў прывёў дадзеныя сацыялягічных дасьледаваньняў, паводле якіх толькі 14% беларусаў сёньня згодныя бараніць незалежнасьць краіны, а для 63% грамадзян Беларусі ўсё роўна, ці захаваецца яна як самастойная дзяржава.

Андрэй Дзьмітрыеў

Андрэй Дзьмітрыеў

Андрэй Дзьмітрыеў мяркуе, што больш небясьпечная, чым зьнешнія пагрозы для незалежнасьці, пагроза ўнутраная, якую ён бачыць у абыякавасьці грамадзян да лёсу краіны і ў пазыцыі дзяржаўнай прапаганды.

У сустрэчы ўзяла ўдзел равесьніца дэклярацыі аб незалежнасьці, нядаўняя студэнта менскага ін’яза Алена Смолік. Як моладзь ставіцца да незалежнасьці? Ці большасьць моладзі будзе яе бараніць, ці прамяняе за павелічэньне, прыкладам, стыпэндыі?

Алена Смолік

Алена Смолік

«Не скажу за большасьць, але мяркую, што дастаткова шмат будуць за незалежнасьць. І іх, мяркую, будзе больш, чым тых, хто адкрыта будзе падтрымліваць расейскі бок. Ведаю шмат маіх аднакурсьнікаў, якія цяпер вельмі катэгарычна настроеныя адносна Расеі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG