Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Пагоняй на футбол? Забаронена!


У Магілёве за выяву Пагоні на вопратцы не пусьцілі на матч першынства Беларусі па футболе заўзятара мясцовага клюбу «Дняпро».

Хлопца спыніў на ўваходзе на стадыён супрацоўнік міліцыі. Яму падаўся падазроным старажытны беларускі сымбаль, які, дарэчы, прысутнічае на афіцыйным гарадзкім гербе. Заўзятару міліцыянт прыгразіў адміністрацыйным арыштам, калі ён адмовіцца падпарадкоўвацца. Хлопец падпарадкаваўся, але паведаміў пра інцыдэнт у сацыяльных сетках.

Дваццацідвухгадовы Ўладзіслаў кажа, што выправіўся на футбольны матч, каб пабачыць, як падтрымліваюць заўзятары свае клюбы, а таксама адчуць атмасфэру спаборніцтва. Швэдар жа з Пагоняй, як ён прызнаецца, надзеў, каб паглядзець, якая будзе рэакцыя міліцыянтаў.

Раней Уладзіслаў хадзіў на футбол у адзежы зь беларускай нацыянальнай сымболікай, і прэтэнзіяў да яго не было. Гэтым жа разам на яго зьвярнулі ўвагу:

«Таварыш у крапавым бэрэце западозрыў, відаць, што не зусім правільныя сымбалі на батніку, і сказаў мне, што лепей ты ідзі пагуляй са стадыёну — інакш паедзеш на суткі, — апавядае пра здарэньне Ўладзіслаў. — Я ня стаў пярэчыць, бо гэта было бессэнсоўна. Я яму толькі з дакорам адказаў: «Што вы прапускаеце хлопцаў у майках з надпісамі „Слава Руси“, „За веру, царя и отечество“, — а ён мне ў адказ: „А мы любім Расею“. Я так зразумеў, што Беларусь ён не зусім любіць».

«Калі б я быў сярод фанатаў клюбу, то яны б не дапусьцілі, каб мяне выправадзілі са стадыёну», — заўважае Уладзіслаў.

«Ніводзін фанацкі рух свайго таварыша не аддасьць, — заяўляе суразмоўца. — Я ведаю — яны за фанацкія правы змагаюцца і да такіх інцыдэнтаў абыякавымі не застаюцца».

Уладзіслаў адзначае, што ягоны сябар у такім жа адзеньні прайшоў на стадыён. З гэтага хлопец высноўвае, што кожны міліцыянт падыходзіць да вызначэньня крамолы на ўласны розум. Заўзятар лічыць ненармальнай сытуацыю, калі вопратка з нацыянальнай сымболікай становіцца перашкодай, каб прайсьці на публічнае спартовае мерапрыемства.

«Так не павінна быць у нашай краіне. Нават не зважаючы на тое, што ў нас дужа жорстка з ідэалёгіяй. Калі б самы галоўны чалавек у нашай краіне дазволіў бы гэтую сымболіку, то ў яго б нават рэйтынг павысіўся».

Беларускамоўныя налепкі ўльтрас «Дняпра»
Беларускамоўныя налепкі ўльтрас «Дняпра»

Спэцыяліст па працы з заўзятарамі «Дняпра» Сяргей Гунаеў кажа, што пра інцыдэнт чуў, але да яго ніхто не зьвяртаўся, каб канфлікт залагодзіць. «Можа, ня ўсе і ведаюць, што такі інцыдэнт быў, бо не займеў ён шырокага розгаласу. Да мяне асабіста ніхто не зьвяртаўся, — кажа суразмоўца. — Я нібыта і ведаю, што такі інцыдэнт быў, але чалавека, якога не пусьцілі, я ня ведаю. Я наагул ня памятаю інцыдэнтаў на футболе, зьвязаных з нацыянальнымі сымбалямі. Хачу параіць: каб такія сытуацыі не паўтараліся, трэба патрабаваць, каб падышло на месца інцыдэнту вышэйшае кіраўніцтва».

На думку Сяргея Гунаева, працэс беларусізацыі заўзятарскага асяродзьдзя Дняпра яшчэ толькі ў зародку. «Ёсьць крычалкі на беларускай мове. Ёсьць банэр „Дняпро“. Пэрыядычна нешта крычаць фанаты на мове. Нешта беларускае ёсьць, вядома ж, але ня скажаш, каб дужа была мова папулярная».

Шлях да беларушчыны. Назва каманды па беларуску — гораду па расейску
Шлях да беларушчыны. Назва каманды па беларуску — гораду па расейску

З ультрас магілёўскага «Дняпра» пагутарыць не ўдалося. На ўзаеміны з журналістам ніводзін зь іх не пагадзіўся.

Ўладзіслаў жа зазначае, што ў заўзятарскім асяродзьдзі прыхільнасьць да беларускай мовы і нацыянальных сымбаляў пакрысе шырыцца. Убаку не застаюцца і футбалісты:

«Акрамя тых жа банэраў на беларускай мове, зьяўляецца шмат налепак з «Пагоняй». Больш нацыянальна сьвядомым становіцца беларускае заўзятарства, — мяркуе Ўладзіслаў. — Мяняецца сьветаўспрыманьне ў людзей. Яны пачынаюць разумець, што наша роднае. Як факт можна адзначыць: гулец «Дняпра» Фёдар Чарных, ён сышоў ужо з каманды, дык заўзятарам падарыў банэр, на якім на беларускай мове было напісана: «Дняпро Магілёў».

Той матч, на які не пусьцілі Ўладзіслава, «Дняпро» згуляў унічыю з клюбам «Гомель». Паводле футбольных заўсёднікаў, мог яго і выйграць. У турнірнай табліцы першынства Беларусі «Дняпро» на перадапошнім месцы. Афіцыйны сайт клюбу — расейскамоўны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG