Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лінкявічус пра размову зь Мясьніковічам: «Жорсткая з абодвух бакоў, але адкрытая»


Лінас Лінкявічус, архіўнае фота

Лінас Лінкявічус, архіўнае фота

Без разьвязваньня праблемы палітычных вязьняў у Беларусі Эўразьвяз ня можа ісьці наперад у стасунках з афіцыйным Менскам.

Пра гэта на сустрэчах з прэм’ерам Міхаілам Мясьніковічам і міністрам замежных спраў Уладзімерам Макеем заявіў міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус. Ён 24–25 ліпеня быў у Менску з працоўным візытам. А падчас размовы з прадстаўнікамі апазыцыі, праваабаронцамі і сваякамі палітзьняволеных літоўскі міністр падкрэсьліў: у Брусэлі па-ранейшаму лічаць важным дамагацца дэмакратычных зьменаў, забесьпячэньня правоў чалавека, вызваленьня палітзьняволеных.

Міністра Лінкявічуса прымаў ня толькі ягоны беларускі калега Макей, як звычайна бывае пры падобных візытах, але і кіраўнік ураду Мясьніковіч. Аналітыкі ацэньваюць гэта як жаданьне афіцыйнага Менску палепшыць дачыненьні з Эўразьвязам. Яны зьвяртаюць увагу і на тое, што ў афіцыйным паведамленьні пра візыт Лінкявічуса на сайце МЗС Беларусі адзначаецца: «У кантэксьце дачыненьняў па лініі Беларусь — ЭЗ беларускі бок падкрэсьліў, што разглядае ініцыятыву „Ўсходняе партнэрства“ ў якасьці важнага фармату дыялёгу і ўзаемадзеяньня з Эўразьвязам».

Праўда, у гэтым жа паведамленьні ёсьць і такі радок: «...дадзеную ініцыятыву трэба перафарматаваць, каб пазьбегнуць дыскрымінацыйнага падыходу да яе ўдзельнікаў». Аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Андрэй Елісееў так камэнтуе гэтае паведамленьне:

Андрэй Елісееў

Андрэй Елісееў

«Беларусь хоча скарыстаць момант і прасунуць больш прагматычнае бачаньне „Ўсходняга партнэрства“, каб прынцып „Большае — за большае, а меншае — за меншае“ адышоў на другі плян, а ЭЗ адкрыў болей магчымасьцяў для Беларусі, нягледзячы на адсутнасьць дэмакратычных і лібэральных рэформаў.

Момант гэтаму адпавядае, бо „Ўсходняе партнэрства“ цяпер зайшло ў тупік. Тры краіны (Грузія, Малдова, Украіна) дасягнулі пэўнага прагрэсу. А яшчэ ў трох краін (Беларусь, Азэрбайджан, Армэнія) прагрэс мінімальны. Фактычна выгады „Ўсходняга партнэрства“ для Беларусі абнуленыя праз удзел у эўразійскай інтэграцыі.

Сам Эўразьвяз задумваецца над тым, як перафарматаваць „Усходняе партнэрства“. І таму Беларусь карыстаецца момантам і гне сваю лінію».

Беларускія чыноўнікі цьвердзяць, што асноўнымі тэмамі на сустрэчах Лінкявічуса зь Мясьніковічам і Макеем «сталі пытаньні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва дзьвюх краін, рэалізацыі сумесных інвэстыцыйных праектаў. Асобна быў разгледжаны блёк пытаньняў, зьвязаных з эфэктыўным выкарыстаньнем транзытнага патэнцыялу дзьвюх краін і магчымасьцяў іхніх транспартных сыстэмаў».

А вось пра тое, што на абедзьвюх сустрэчах спадар Лінкявічус уздымаў пытаньне пра вызваленьне палітвязьняў, стала вядома ад літоўскага боку. Ужо пасьля размоваў зь Мясьніковічам і Макеем літоўскі міністар сустрэўся зь беларускімі апазыцыянэрамі, праваабаронцамі і сваякамі палітзьняволеных. Удзельнік гэтай сустрэчы, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька сказаў Свабодзе, што Лінкявічус назваў размову з прэм’ерам у прысутнасьці Макея «з абодвух бакоў жорсткай, але адкрытай»:

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

«Міністар даў нам кароткую інфармацыю пра зьмест сваіх размоваў зь Мясьніковічам і Макеем. Ён зыходзіць з таго, што ў адносінах да Беларусі павінен быць балянс каштоўнасьцяў і інтарэсаў. І што тычыцца каштоўнасьцяў, то гэта, безумоўна, пытаньне палітычных вязьняў, пра якое ён гаварыў падчас гэтых сустрэч. Лінкявічус падкрэсьліў: без разьвязваньня гэтай праблемы немагчыма ісьці наперад».

Спадар Лябедзька кажа, што ён асабіста ў размове зь міністрам акцэнтаваў увагу на правядзеньні ў Беларусі свабодных, справядлівых выбараў паводле стандартаў АБСЭ:

«Добра, што па палітычных вязьнях ёсьць кансэнсус — і ў грамадзянскай супольнасьці Беларусі, і ў міжнародных структурах. Такая ж кансалідацыя патрэбная па выбарах. Бо калі мы гэтага не вырашаем, то выходзім на тое, што адных выпусьцяць, другіх пасадзяць... І гэта будзе бясконцая лава, на якой сядзяць беларускія палітычныя вязьні. Тут мяне падтрымалі і Шушкевіч, і Вячорка, і Севярынец...»

«Тэма ня толькі вызваленьня палітвязьняў, але і іх абавязковай рэабілітацыі была галоўнай на нашай сустрэчы», — адзначае сябра аргкамітэту ў справе стварэньня партыі «Беларускі рух» Вінцук Вячорка:

Вінцук Вячорка

Вінцук Вячорка

«У ёй бралі ўдзел і Алесь Бяляцкі, і Марына Адамовіч, і іншыя сваякі вязьняў. І гэта добра. Таму што быў момант, калі асобныя эўрапейскія палітыкі, а можа, і асобныя эўрапейскія краіны праблему рэабілітацыі з падачы афіцыйнага Менску хацелі зьвесьці ў цень.

Разам з тым гучалі такія тэзы, што дзеля вызваленьня вязьняў патрэбныя і кантакты, і дыялёг, і размовы.Таму што самае галоўнае — выцягнуць іх зь вязьніцы. Зрэшты, наконт стратэгіі і тактыкі вызваленьня вязьняў і была пэўная палеміка. Гучалі думкі, што Эўразьвяз тут мусіць быць вельмі пасьлядоўны. Бо любая непасьлядоўнасьць і адступленьне разглядаецца Лукашэнкам як праява слабасьці».

XS
SM
MD
LG