Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фясенка: У Яцанюка нэрвовы зрыў, але ўсё ідзе паводле графіка


Уладзімер Фясенка

Уладзімер Фясенка

Украінскі палітоляг Уладзімер Фясенка лічыць, што Пятро Парашэнка мае ўсе шансы сфармаваць сваю парлямэнцкую большасьць у Вярхоўнай Радзе новага скліканьня. Пра пэрспэктывы новага ўкраінскага прэзыдэнта, а таксама пра распад кааліцыі і адстаўку прэм’ер-міністра з экспэртам пагутарыла Радыё Свабода.

— Распад кааліцыі і адстаўка Арсенія Яцанюка — гэта заканамерныя тэхнічныя рэчы ці факт, які сьведчыць пра тое, што новая дэмакратычная ўкраінская ўлада ня можа паразумецца?

— У Вярхоўнай Радзе адбылося тое, што і чакалася. Адбыўся распад кааліцыі, са складу якой выйшлі фракцыі партыяў «Удар» і «Свабода», дзьвюх партыяў, моцна зьвязаных з Майданам. Іх выхад зьвязаны з тым, што распад кааліцыі павінен забясьпечыць умовы для перавыбараў парлямэнту. Гэта прагназавалася.

Але чамусьці я думаю, што праз унутраныя практычныя непаразуменьні паміж партыямі Майдана гэта было крытычна ўспрынята трэцяй партыяй Майдана, якой кіруюць Юлія Цімашэнка і Арсені Яцанюк, партыяй «Бацькаўшчына». Ім выхад фракцыяў «Удара» і «Свабоды» моцна не спадабаўся, яны крытычна ўспрынялі навіну. Відавочна, замяшаныя нейкія ўнутраныя партыйныя інтарэсы, бо асноўная спрэчка вялася наконт таго, калі гэта лепш зрабіць, у які пэрыяд часу распусьціць парлямэнт. Відаць, не знайшлі агульнай мовы, і ў выніку гэтыя супярэчнасьці выліліся навонкі.

Але сам роспуск кааліцыі быў чаканы. Паводле працэдураў, калі пасьля роспуску кааліцыі на працягу месяца не ствараецца новая кааліцыя, то тады зьяўляецца ўказ прэзыдэнта пра роспуск парлямэнта і прызначэньне датэрміновых парлямэнцкіх выбараў, якія павінны адбыцца ў апошнюю нядзелю кастрычніка. Таму тут усё паводле графіка.

— Чым тлумачыцца рэакцыя Арсенія Яцанюка, які заявіў пра адстаўку? І як гэта можа паўплываць на ягоны імідж?

— Рэакцыя Яцанюка была выклікана супярэчнасьцямі паміж партыямі. Як мне падаецца, у ягонай рэакцыі было вельмі шмат эмоцыяў. Гэта было бачна падчас ягонага выступу. Я б нават назваў гэта нэрвовым зрывам. Відавочна, што ён стаміўся. Ён сутыкнуўся ня толькі з праблемамі распаду кааліцыі — гэта фармальная рэч, і дэ-факта кааліцыі ніколі і не існавала, бо не было ўстойлівай большасьці ў парлямэнце. Найбольшай ягонай праблемай стала тое, што парлямэнт не галасаваў за зьмены бюджэту і цэлы шэраг іншых урадавых законапраектаў. Гэта і выклікала вось такую эмацыйную рэакцыю.

Рашэньне пра адстаўку, на маю думку, было сур’ёзнай памылкай Яцанюка, таму што людзі паставіліся да такога рашэньня як да ўцёкаў ад адказнасьці

А вось рашэньне пра адстаўку, на маю думку, было сур’ёзнай памылкай Яцанюка, таму што людзі паставіліся да такога рашэньня як да ўцёкаў ад адказнасьці. І гэта вельмі сур’ёзна можа ўдарыць па ягонай рэпутацыі ў доўгатэрміновай пэрспэктыве.

Што тычыцца юрыдычных наступстваў, то тут нічога драматычнага няма. Паводле Канстытуцыі Ўкраіны цяперашняя Вярхоўная Рада будзе працягваць працаваць і далей, пакуль ня зьявіцца новая парлямэнцкая кааліцыя, якая павінна стварыць новы ўрад. Дэ-юрэ прэм’ерам застаецца Арсені Яцанюк, а дэ-факта яго абавязкі будзе выконваць віцэ-прэм’ер Уладзімер Гройсман.

— У прэзыдэнта Пятра Парашэнкі цяпер няма большасьці ў парлямэнце. А якія сілы яго падтрымліваюць?

— Вядома, у прэзыдэнта ёсьць прыхільнікі і ў цяперашнім парлямэнце. Гэта фракцыя «Ўдар», частка дэпутатаў фракцыі «Бацькаўшчыны», некалькі дзясяткаў пазафракцыйных дэпутатаў. Але вядома, што цяпер яны ў меншасьці. Сваёй большасьці ў парлямэнце Парашэнка ня мае, хоць парлямэнт і падтрымліваў шэраг кадравых рашэньняў прэзыдэнта і ўвогуле праяўляў ляяльнасьць да Парашэнкі. Аднак ён спадзяецца, што ў новым парлямэнце такую большасьць ён зможа стварыць. У яго ёсьць добрыя шансы: паводле апытаньня грамадзкай думкі наконт падтрымкі парлямэнцкіх партыяў, лідзіруе партыя Пятра Парашэнкі «Салідарнасьць», якая можа набраць каля 23% галасоў. На другім месцы — Радыкальная партыя Алега Ляшко, на трэцім — «Бацькаўшчына» Юліі Цімашэнкі і Арсенія Яцанюка. Таксама, паводле апытаньня, у парлямэнт праходзіць «Удар». Таму Пятро Парашэнка мае добрыя шансы стварыць сваю парлямэнцкую большасьць.

— Ці могуць на нешта спадзявацца камуністы і рэгіяналы?

— Камуністы цяпер увогуле стаяць перад рызыкай забароны. У Вярхоўнай Радзе спыненая дзейнасьць іх фракцыі, праўда, з прычынаў, абумоўленых рэглямэнтам — у сувязі са скарачэньнем колькасьці. Распачаты судовы працэс аб забароне кампартыі. Таму пакуль незразумела, ці ўдасца камуністам удзельнічаць у выбарах. Што тычыцца Партыі рэгіёнаў, то яе дэпутаты могуць прайсьці ў парлямэнт, але гэта пакуль таксама пад пытаньнем. Бо гэта будзе залежаць ад вышыні выбарчага бар’ера. Партыя рэгіёнаў, якая на мінулых выбарах атрымала каля 30% галасоў, цяпер мае падтрымку ў 10 разоў меншую, каля 3%. А выбарчы бар’ер — 5%. Таму альбо будзе зьніжаны гэты бар’ер, альбо прадстаўнікі Партыі рэгіёнаў ня трапяць у парлямэнт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG