Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі Захад не дапаможа Ўкраіне цяпер, можа быць запозна


«Неверагодна, але пазыцыя Эўразьвязу адносна ўкраінскага канфлікту палягае ў тым, каб украінскі ўрад спыніў намаганьні выбіць захопнікаў са сваёй тэрыторыі і, замест гэтага, пачаў перамовы зь імі пра палітычную будучыню Ўкраіны».

Гэтак піша ў рэдакцыйным камэнтары уплывовая амэрыканская газэта The Washington Post, падкрэсьліваючы, што такую якраз пазыцыю «маўкліва» падтрымлівае прэзыдэнт ЗША Барак Абама.

Газэта адзначае, сярод іншага:

«Прэзыдэнт Расеі яўна ня ўражаны ні заходнімі рэакцыямі на забойства 298 нявінных чалавек, ні намаганьнямі свайго ўраду і яго давераных асобаў, накіраванымі на тое, каб адмовіць факт злачынства і прыкрыць яго. А чаму ён павінен быць уражаны? Пасьля прыняцьця заявы ў панядзелак, у якой не было і намёку на адчувальную рэакцыю, а толькі няясная пагроза, што „цана за паводзіны Расеі“ будзе расьці, прэзыдэнт Абама адправіўся на тры дні на Заходняе ўзьбярэжжа для збору фінансавых сродкаў.

Абама ўжо прапусьціў магчымасьць для апэратыўных дзеяньняў, каб спыніць эскаляцыю сытуацыі Пуціным

У Брусэлі чыноўнікі Эўразьвязу сустрэліся ў чацьвер, каб абмеркаваць магчымыя санкцыі супраць Расеі, у тым ліку новыя захады супраць банкаўскага, энэргетычнага і вайсковага сэктараў. Але ніякія рашэньні ня будуць прынятыя да наступнага тыдня, дый то Маскве, верагодна, будзе дадзены новы тэрмін для задавальненьня патрабаваньня спыніць пастаўкі ўкраінскім баевікам. Папярэднія тэрміны спыненьня паставак зброі мінулі без істотнай рэакцыі Масквы».

Адзначаючы, што прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка «не капітуляваў перад гэтай стратэгіяй прымірэньня», The Washington Post з жалем канстатуе, што заклікі Парашэнкі аб вайсковай дапамозе з боку ЗША і НАТО ці, прынамсі, аб увядзеньні істотных санкцый супраць Расеі былі да гэтага часу адхіленыя як Абамам, так і эўрапейцамі.

Амэрыканская газэта кажа, што незадаволенасьць палітыкай Абамы выразна адчуваецца і ў яго ўласнай партыі. У гэтай сувязі выданьне прыгадвае ліст трох амэрыканскіх сэнатараў-дэмакратаў, якія заклікалі Абаму ўвесьці «шырокія санкцыі супраць абароннага сэктару Расеі» ды супраць энэргетычнай і фінансавай галінаў, а таксама абвясьціць самазваную «Данецкую народную рэспубліку» тэрарыстычнай арганізацыяй. «Спадар Абама ўжо прапусьціў магчымасьць для апэратыўных дзеяньняў, каб спыніць эскаляцыю сытуацыі Пуціным. Калі ён не пачне дзейнічаць у бліжэйшы час, можа быць запозна, каб уратаваць Украіну», — падсумоўвае The Washington Post.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG