Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэны на імпартныя тавары вырастуць. Дзякуючы ўказу прэзыдэнта


Імпартэраў насьцярожылі некаторыя пункты ўказу прэзыдэнта № 361 «Аб асобных пытаньнях падаткаабкладаньня, бухгальтарскага ўліку, пераацэнкі маёмасьці і арэнднай платы».

Згодна з пунктам 1.5 указу, сплачаны пры ўвозе ПДВ (падатак на дададзеную вартасьць) імпартэры змогуць вярнуць толькі праз 90 дзён з даты завозу тавару альбо прыняцьця яго на ўлік (у залежнасьці ад таго, адкуль імпартаваны тавар).

Гэтая норма ўступае ў дзеяньне пасьля афіцыйнага апублікаваньня ўказу (пакуль ён толькі зарэгістраваны 24 ліпеня ў Нацыянальным прававым рэестры).

Да гэтага ПДВ вярталі адразу ж пасьля таго, як імпартны тавар завозіўся на тэрыторыю Беларусі.

Цяпер жа імпатэры пачнуць крэдытаваць бюджэт на 90 каляндарных дзён. Але пры цяперашнім узроўні інфляцыі, росьце курсу даляра за 3 месяцы імпартэры, натуральна, панясуць страты. Некаторыя экспэрты прагназуюць, што імпартныя тавары з-за гэтага могуць падаражэць на 35–40%.

Леанід Злотнікаў

Леанід Злотнікаў

Эканаміст Леанід Злотнікаў пасьля сваіх разьлікаў прыйшоў да такой высновы:

«Гандлёвая фірма, якая, да прыкладу, два месяцы ажыцьцяўляе абарот, яна страціць пры нашай інфляцыі 3–4%. У горшым выпадку страціць 6, 7, 8% — калі гэта фірма гандлёвая. Калі гэта фірма вытворчая, яна можа страціць 10%. Але ні ў якім разе не 35–40%. Гэта ўжо „загнулі“».

Натуральна, наступствам выманьня ў бюджэт краіны на 90 дзён абаротнага капіталу ў памеры «ўвазнога» для арганізацыяў-імпартэраў стане рост цэнаў.

Калі дапусьціць, што сёньня дылер, які ўвозіць у Беларусь аўтамабілі, можа прыцягнуць дадатковы капітал на папаўненьне абаротных сродкаў па стаўцы 40% гадавых, то дадатковыя выдаткі дылера на 90-дзённае абслугоўваньне крэдыту абыдуцца яму ў 10% ад сумы ўвазнога ПДВ на аўтамабіль. Затраты дылера павялічацца, адпаведна павялічыцца і цана на аўтамабілі.

XS
SM
MD
LG