Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі прэм’ер Арсені Яцанюк падаў у адстаўку. Што гэта азначае для палітычнай абстаноўкі у краіне і чаго можна чакаць ад новых выбараў — у размове з украінскім журналістам Юрыем Сьвірко.

РС: Якой мэты хацелі дасягнуць партыі «Ўдар» і «Свабода», выходзячы з урадавай кааліцыі «Эўрапейскі выбар»?

Сьвірко: Можна сказаць, што гэтыя дзьве партыі фактычна і не ўваходзілі ва ўрадавую кааліцыю, якую яны сфармавалі ў сакавіку, пасьля таго, як Януковіч уцёк з Украіны. «Удар», партыя Віталя Клічка, не атрымала пасадаў ва ўрадзе Яцанюка, які быў сфармаваны пераважна з прадстаўнікоў фракцыі «Бацькаўшчына». Плюс былі некалькі міністраў ад партыі «Свабода». Пасьля абраньня Парашэнкі прэзыдэнтам «Свабода» пазбавілася пасады генэральнага пракурора. Таму гэтая партыя хоча ісьці на выбары. Таго ж хоча і партыя «Ўдар», якая ў саюзе з Парашэнкам прасоўвае ідэю пазачарговых парлямэнцкіх выбараў, якія мусяць адбыцца ўвосень. Паколькі гэтыя дзьве партыі выйшлі з кааліцыі, у ёй фактычна засталася адна «Бацькаўшчына». Паколькі Яцанюк таксама ня хоча губляць твар, ён падаў у адстаўку, хаця і ня быў вымушаны гэта рабіць.

РС: Як будзе разьвівацца сытуацыя далей? Ці можа прэзыдэнт прызначыць Яцанюка выканаўцам абавязкаў прэм’ера? Ці абавязаны прэзыдэнт абвясьціць датэрміновыя выбары?

Сьвірко: Прэзыдэнт зараз фактычна ня мае дачыненьня да прызначэньня прэм’ера. Ва Ўкраіне дзейнічае старая Канстытуцыя, паводле якой у Вярхоўнай Радзе ствараецца кааліцыя, а кааліцыя стварае ўрад. Прэзыдэнт мае ў якасьці квоты дзьве пасады — міністра абароны і міністра замежных справаў. Парашэнка ў гэтай сытуацыі адзінае, што можа зрабіць — гэта распусьціць Вярхоўную Раду, калі там ня будзе кааліцыі. Гэта можа адбыцца праз 30 дзён, г.з. 24 жніўня, на дзень незалежнасьці Ўкраіны. Усе гэтага чакалі яшчэ месяц таму і казалі, што Парашэнка так і зробіць.

Большасьць украінскіх выбаршчыкаў хоча перавыбараў Вярхоўнай Рады — «Здрады» — як многія яе называюць. Але на фоне вайны ў Данбасе шмат хто сумняецца, што трэба гэта рабіць менавіта цяпер, пакуль гэтая вайна ня скончылася. Што будзе далей? І Вярхоўная Рада будзе працаваць да першага пасяджэньня парлямэнту новага скліканьня, і кабінэт міністраў, які ачольваў Яцанюк, будзе выконваць свае абавязкі.

Адзінае, што кажуць, што Яцанюк ня будзе выканаўцам абавязкаў кіраўніка ўраду. Сьпікер Вярхоўнай Рады Аляксандар Турчынаў заклікаў «Удар» і «Свабоду», якія развалілі кааліцыю, падаць кандыдатуру часовага «тэхнічнага» прэм’ера.

РС: Як у выбарах можа ўдзельнічаць Данбас?

Сьвірко: Пасьля таго, як прэзыдэнт распусьціць Раду, яна прызначыць дату выбараў. Такое ўкраінскае заканадаўства. Што да Данбасу, то там выбары пройдуць часткова. Прыблізна палова тэрыторыі Луганскай і Данецкай вобласьцяў вызваленыя ад сэпаратыстаў. Так што з галасаваньнем там праблемаў ня будзе. Будуць праблемы ў Крыме. Там ужо створаныя выбарчыя акругі, але галасаваньне там не адбудзецца са зразумелых прычынаў. Тое самае можа адбыцца і з часткай выбарчых акругаў ў Данбасе, але там пасьля заканчэньня вайны могуць адбыцца дадатковыя выбары.

РС: І які прагноз вынікаў выбараў? Паводле апытаньня агенцтва «Рэйтынг», лідэрам на гэтых выбарах стане партыя «Салідарнасьць» прэзыдэнта Парашэнкі.

Сьвірко: Я б паставіў гэтыя зьвесткі пад сумнеў, бо пра партыю «Салідарнасьць» ва Ўкраіне дагэтуль ніхто ня чуў. Гэта фантомная партыя, якая існуе толькі на паперы. Я мяркую, што настроі ўкраінскіх выбаршчыкаў яшчэ ня раз зьменяцца. Ідзе вайна, і Парашэнка ўжо не такі папулярны. Яго абралі ў адзін тур, каб ён хутка спыніў вайну. Ён тады казаў, што антытэрарыстычная апэрацыя ня можа цягнуцца месяцамі, яе трэба праводзіць на працягу тыдняў і нават дзён. Але яна зацягнулася менавіта на месяцы. Таму ён страчвае папулярнасьць, ёсьць сумнеўныя крокі, указы, прызначэньні. І ягоная папулярнасьць не перанясецца на ягоную партыю.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG