Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі салдат перайшоў на бок Украіны празь нязгоду з палітыкай Крамля


Салдат тэрміновай службы Ўзброеных сіл Расеі Андрэй Балабанаў засьведчыў, што расейскі бок накіроўвае ва Ўкраіну кадравых ваенных спэцыялістаў, узбраеньні і браніраваную ваенную тэхніку.

Пра гэта паведамляе Служба бясьпекі Ўкраіны.

У ведамстве паведамілі, што Балабанаў пакінуў месца службы на знак пратэсту супраць агрэсіі Расеі ў дачыненьні да Ўкраіны.

Расейскі салдат трапіў ва Ўкраіну ў ліпені 2014 году з намерам папрасіць палітычнага прытулку.

Былы шараговец расейскай арміі апавёў, што яго ваенная частка была перакінутая ў Растоўскую вобласьць паблізу мяжы з Украінай сёлета ў траўні. Штодня камандзіры пераконвалі армейцаў, што іх рыхтуюць да абароны расейскамоўных грамадзян ва Ўкраіне.

Частка пастаянна даўкамплектоўвалася прафэсійнымі вайскоўцамі зь ліку спэцназаўцаў ГРУ і выхадцамі з Паўночнага Каўказу, якія нелегальна перапраўляліся на Ўсход Украіны.

На ўкраінскую тэрыторыю для падтрымкі тэрарыстаў пераходзіла браняваная ваенная тэхніка з падрыхтаванымі расейскімі баявымі экіпажамі.

«Я прыняў рашэньне ня ўдзельнічаць у братазабойчай вайне і перайшоў на бок Украіны. Гэта мой пратэст супраць палітыкі кіраўніцтва Расеі», — растлумачыў Балабанаў.

«Гэта ўжо ня першы выпадак пераходу расейскіх вайскоўцаў на бок Украіны. Раней сваё жаданьне служыць на баку ўкраінскіх войскаў у зоне антытэрарыстычнай апэрацыі выказаў афіцэр ФСБ Расеі Ільля Багданаў», — адзначылі ў СБУ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG