Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агенцтва Reuters пацьвярджае, што сэпаратыст у інтэрвію прызнаў наяўнасьць ЗРК «Бук»


Агенцтва «Ройтэрз» апублікавала сёньня гукавы запіс свайго інтэрвію з адным зь верхаводаў прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Аляксандрам Хадакоўскім, у якім той прызнаў, што яны мелі зэнітна-ракетны комплекс «БУК» — такі самы, зь якога, як мяркуюць, зьбілі малайзійскі авіялайнэр.

Так агенцтва абвергла зробленую пазьней заяву Хадакоўскага, які сьцьвярджаў ужо расейскім сродкам інфармацыі, што нічога не казаў пра «БУКі» у тым інтэрвію.

У апублікаваным учора інтэрвію Хадакоўскі, які называе сябе камандзірам батальёну «Ўсход», заяўляў, што ведаў аб адным «БУКу», які ішоў да іх з Луганску, размешчанага недалёка ад мяжы з Расеяй. На яго думку, пасьля трагедыі ўстаноўку, мабыць, павярнулі назад, каб ліквідаваць доказ яе наяўнасьці ва Ўкраіне.

Ён ня стаў сьцьвярджаць напэўна, што гэты «БУК» перадала сэпаратыстам Расея, але ня выключыў, што Расея магла перадаць гэтую ўстаноўку «пад нейкія пэўныя лякальныя задачы». Як сказаў Хадакоўскі, яму было вядома, што сэпаратысты раней захапілі чатыры «БУКі» ва ўкраінскіх узброеных сіл, але ўсе яны былі выведзеныя з строю.

Пры гэтым Хадакоўскі абвінаваціў у трагедыі Ўкраіну, якая, паводле яго, загадзя атрымала сьведчаньне, што «паўстанцы маюць, зь віны Расеі, гэтую тэхніку», што «БУК» едзе ў горад Сьняжное, каля якога быў зьбіты самалёт, але не забясьпечыла бясьпекі і «справакавала ўжываньне гэтага тыпу ўзбраеньняў супраць самалёта, які пралятаў зь мірнымі грамадзянамі».

Самалёт авіякампаніі «Малайзійскія авіялініі», які ляцеў рэйсам MH17 Амстэрдам (Нідэрлянды) — Куала-Лумпур (Малайзія), пацярпеў крушэньне 17 ліпеня на ўсходзе Ўкраіны. Загінулі 298 чалавек.

СБУ распачала крымінальную справу па артыкуле «тэракт». Акрамя таго, СБУ апублікавала запісы размоваў прарасейскіх баевікоў, зь якіх вынікае, што самалёт зьбілі менавіта іх людзі. СБУ таксама заяўляе, што мае і доказы таго, што дастаўленымі для гэтага з Расеі зэнітна-ракетнымі комплексамі «БУК» кіравалі расейскія ваенныя спэцыялісты, а таксама неабвержныя доказы непасрэднай датычнасьці Галоўнага разьведвальнага ўпраўленьня і Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі ў зьбіцьці авіялайнэра.

Тым часам Расея адразу пачала рабіць заявы, якія мелі на мэце скласьці віну за гібель самалёта на Ўкраіну, аж да намёкаў ці прамых абвінавачаньняў, што яго зьбілі ўкраінскія вайскоўцы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG