Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь зноў выйграе ад расейска-ўкраінскай вайны


Аляксандар Алесін

Аляксандар Алесін

Расея прапанавала Беларусі разьмясьціць у сябе вытворчасьць некалькіх тысяч найменьняў прадукцыі для абаронна-прамысловага комплексу, заявіў амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў. Чаму Расея ня хоча вырабляць гэтыя замовы ў сябе, а аддае іх Беларусі? Як да гэтай ідэі можа паставіцца Ўкраіна? На пытаньні Свабоды адказвае ваенны аналітык Аляксандар Алесін.

— Чаму Расея хоча перанесьці гэтыя вытворчасьці? Колькі часу можа заняць гэты працэс, наколькі беларускія прадпрыемствы гатовыя прыняць гэтыя замовы?

— Па розных галінах рознае. Калі справа ідзе пра радыёэлектроніку, радыёлякацыю, лазэрную тэхніку — то Беларусь фактычна ўжо цяпер вырабляе такія сыстэмы. Існаваў пэўны падзел працы яшчэ з савецкіх часоў — якія сыстэмы робіць Беларусь, а якія Ўкраіна. Цяпер гэты падзел можа быць парушаны на карысьць Беларусі, якая можа пачаць вытворчасьць радыёлякатараў, сродкаў радыёэлектроннай барацьбы і шэрагу камплектуючых з гэтай галіны.

Што тычыцца гатовай прадукцыі, якую вырабляла Ўкраіна — авіяцыйныя, карабельныя рухавікі, ракеты «паветра-паветра» — то тут, вядома, усё больш складана. Аднак тут можа прайсьці такі варыянт — Беларусь можа стаць транзытнай тэрыторыяй, на якой беларускія прадпрыемствы будуць выступаць пасярэднікамі паміж украінцамі і расейцамі ў вытворчасьці гатовых вырабаў ваеннага прызначэньня.

— Чаму Расея ня хоча вырабляць гэтыя замовы ў сябе, а аддае іх Беларусі? Ці настолькі яна давярае Менску? І як да гэтай ідэі можа паставіцца Ўкраіна, ці не ўспрымае яна гэта як удар у сьпіну ад Беларусі?

— Расея, вядома, хацела б перанесьці да сябе ўсю гэтую вытворчасьць. Аднак стварэньне новых вытворчасьцяў патрабуе буйных інвэстыцыяў, падрыхтоўкі кваліфікаванага пэрсаналу. Цяпер у Расеі на фоне санкцыяў вельмі няпростыя фінансавыя ўмовы, і знайсьці грошы на новыя вытворчасьці і падрыхтоўку пэрсаналу ім будзе складана. Таму ім выгадней перанесьці вытворчасьць на нашы гатовыя магутнасьці. Магчыма, гэта будзе зроблена шляхам арганізацыі сумеснага прадпрыемства. Гэтая мэтодыка ўжо прапрацоўваецца, напрыклад, з заводам колавых цягачоў.

Што да ўкраінскіх прадпрыемстваў, то яны будуць толькі рады, калі будуць створаныя нейкія СП, якія дазволяць ім захаваць сувязь з расейцамі. Бо для многіх украінскіх прадпрыемстваў эмбарга на пастаўкі ў Расею азначае проста гібель. Ваенная прадукцыя савецкага ўзору Захаду не патрэбная, яе спажыўцы — у краінах трэцяга сьвету. Таму я думаю, што расейскія і ўкраінскія вытворцы з задавальненьнем пагадзіліся, каб Беларусь тут узяла на сябе транзытную ролю.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG