Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У адказ на ўвядзеньне Беларусьсю ліцэнзаваньня ўкраінскага піва, кандытарскіх вырабаў і асобных гатункаў макароны Ўкраіна ўвяла 55-адсоткавае мыта на беларускую кандытарскую й малочную прадукцыю. Як паўплывала на ўзаемны гандаль увядзеньне Ўкраінай пошлін на беларускія малочныя прадукты?

Малочныя заводы Гомельскай вобласьці, у тым ліку й акцыянэрнае таварыства «Мілкавіта», прадавалі ва Ўкраіну шырокі асартымэнт сваёй прадукцыі: малако, масла, ёгурты, тварог, сьмятану, згушчанку, розныя малочныя сыркі. Падобны пералік малочных тавараў пастаўлялі украінцам і вытворцы іншых беларускіх рэгіёнаў.

Паводле зьвестак дзяржаўнай фіскальнай службы, сёлета за першае паўгодзьдзе толькі малака й вяршкоў Беларусь завезла на тэрыторыю Ўкраіны на 1,3 мільёна даляраў, згушчанкі — на 3,9 мільёна.

Ва ўпраўленьні зьнешнеэканамічнай дзейнасьці, збыту й маркетынгу Гомельскага мяса-малочнага холдынгу тлумачаць, што згортваюць пастаўкі сваёй прадукцыі ва Ўкраіну:

«Украіна ўводзіць падвышанае мыта для беларускай прадукцыі, таму пастаўкі будуць спыненыя. Завяршаюцца і, папярэдне кажучы, спыняюцца».

Спэцыялістка кажа, што ўкраінскі рынак досыць ёмісты і блізкі, а таму й прывабны:

«Мы гатовыя пастаўляць, але наўрад ці ўкраінскі пакупнік захоча купляць нашу прадукцыю, каб плаціць дадаткова 50 ці 60 адсоткаў да яе кошту. Усё будзе залежаць ад украінскіх пакупнікоў. Я ня думаю, што яны захочуць выкідаць такія грошы».

Паведамленьне пра ўвядзеньне пошлінаў для беларускіх малочных прадуктаў было надрукавана ў афіцыйнай газэце «Урядовий курьер». Рашэньне ж на гэты конт прыняла міжведамасная камісія па міжнародным гандлі, патлумачыўшы, што моц яно набудзе празь дзесяць дзён, гэта значыць — 26 ліпеня.

На Рагачоўскім малочна-кансэрвавым камбінаце, які прадае ва Ўкраіну згушчанку з цукрам, спадзяюцца, што санкцыяў да беларускай прадукцыі можа й ня быць:

«Яны напісалі, што ўвядуць на дзясяты дзень пасьля публікацыі. А гэта вядома будзе толькі ў панядзелак. Няхай спачатку мыта ўвядуць. Можа, яны яго яшчэ і не ўвядуць. Магчыма, толькі палохаюць. Афіцыйна ж яшчэ нідзе не надрукавана, таму мы як працавалі, так і працуем. Экспарт нікому ня шкодзіць, бо паступленьне валютнай выручкі ў краіну — гэта заўсёды добра».

Павільён зь беларускімі прадуктамі ў Кіеве

Павільён зь беларускімі прадуктамі ў Кіеве

«Малочныя трэньні» ў гандлёвых дачыненьнях Беларусі і Ўкраіны адбываюцца не ўпершыню. Падобнае назіралася ў 2012 годзе. Тады малочны канфлікт удалося хутка патушыць.

Сёлетняя сытуацыя выглядае больш драматычнай, бо, як сказана ў паведамленьні ўкраінскай гандлёвай камісіі, мыта ўводзіцца ажно да 2017 году.

Апрача таго, яно закранае ня толькі малочную й кандытарскую прадукцыю, але ўводзіцца яшчэ і ў дачыненьні да беларускага піва, шынаў, камплектуючых лядоўняў, мінэральных угнаеньняў. І тут лік ідзе ўжо на дзясяткі мільёнаў даляраў.

У гандлёвай вайне з Украінай афіцыйны Менск дзейнічае супольна з Расеяй.

XS
SM
MD
LG