Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мяжы з Расеяй няма, а пагадненьне аб рэадмісіі ратыфікавалі


Беларусь завяршыла ўнутрыдзяржаўныя працэдуры ў справе ратыфікацыі пагадненьня аб рэадмісіі з Расеяй.

Пагадненьне тычыцца ня толькі грамадзянаў Беларусі і Расеі, але і трэціх краінаў. Яно рэгулюе парадак вяртаньня, прыманьня і перадачы нелегалаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі дзьвюх краінаў.

Фінансаваньне вяртаньня нелегалаў з тэрыторыі Беларусі будзе адбывацца за кошт бюджэту краіны.

Раней Беларусь падпісала аналягічныя пагадненьні з Казахстанам і Турэччынай.

«Хоць мяжы ў нас няма, але візы ўсё ж розныя. І тое, што замежнік атрымаў расейскую візу, не азначае, што ён можа ўехаць у Беларусь. Беларуская віза ўсё адно будзе патрэбная. Таму парушальнікі з Расеі могуць прыехаць. Хоць іх і цяжка будзе спыніць, але калі іх тут зловяць, яны застануцца парушальнікамі. Адпаведна, можа быць і рэадмісія», — тлумачыць палітоляг Андрэй Фёдараў.

Акрамя таго, паведамляе БелТА, афіцыйны Менск практычна ўзгадніў тэкст пагадненьня аб рэадмісіі з Эўразьвязам.

«Гэта важны элемэнт маючага адбыцца пагадненьня пра спрашчэньне візавага рэжыму з ЭЗ. Але, паводле маіх зьвестак, ня так шмат людзей маюць магчымасьць нелегальна пераадолець мяжу з ЭЗ, бо і наш бок, і эўрапейскі даволі пільна сочаць за мяжой. Пра затрыманьні групаў нелегалаў я чытаў. Але, баюся, ня вельмі шмат тых, хто сапраўды можа прабрацца празь мяжу. І таму гэта хутчэй фармальнае пагадненьне, і наўрад ці яно будзе адыгрываць такую істотную ролю. Але яно неабходнае дзеля крокаў насустрач у візавых пытаньнях», — заявіў Радыё Свабода палітоляг Андрэй Фёдараў.

XS
SM
MD
LG