Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Летняя сьпёка: піць ці саліць?


У гэтым выпуску пра тое, як пазьбегнуць цеплавога ўдару ў гарачыя дні, як самастойна прыгатаваць карыснае марозіва і чаму летам так хочацца кавуна.

Цяпло — гэта, як правіла, прыемна. Аднак нязвыклая сьпякота можа прывесьці да такіх сур’ёзных наступстваў як абязводжваньне і цеплавы ўдар. Ніжэй — рэкамэндацыі як правільна харчавацца ў сьпякоту.

1. Піце ваду!

Вада — першая асацыяцыя са сьпякотай, якая прыходзіць у галаву кожнаму. Далёка ня ўсе, аднак, п’юць дастаткова і ў звычайныя, несьпякотныя дні. Мэханізм смагі з узростам пагаршаецца. Некаторыя людзі сталага ўзросту наогул могуць ніколі не адчуваць смагі ці ня піць «лішні раз» з практычных меркаваньняў (напрыклад, каб не ўставаць лішні раз у прыбіральню). Такія паводзіны адназначна вядуць да абязводжваньня, што, у сваю чаргу, адмоўна адбіваецца на ўсіх мэтабалічных працэсах. У выпадку дадатковага стрэсу (хвароба) абязводжваньне можа быць фатальным.

Колькі трэба піць у гарачы дзень? Агульная рэкамэндацыя: як мінімум 6 шклянак вады, нават калі вы не выходзіце на вуліцу і не адчуваеце смагі.

2. Соль?

Некаторыя раяць падчас сьпякоты есьці салёнае. Чаму менавіта салёнае? Соль складаецца зь дзвьюх частак — хлёру і натрыю. Адзін грам солі ўтрымлівае 400 мг натрыю і 600 мг хлёру. У нармальных абставінах дастаткова 1-3 грамы солі на дзень. Спартоўцам патрабуецца больш. Катыёны натрый і калій адыгрываюць важную ролю ў падтрыманьні балянсу вадкасьці ў арганізме. Тым часам як як калій знаходзіцца ў клетках, натрый знаходзіцца па-за клеткамі. Функцыі натрыю і калію ў арганізме чалавека ў некаторай ступені супадаюць. Напрыклад, абодва гэтыя элемэнты адказваюць за рэгуляваньне балянсу вільгаці, транспарт пажыўных рэчываў, стымулююць нэрвовыя і цяглічныя скарачэньні. Але вось калі натрый павышае ціск, то калій аказвае гіпатэнзійнае дзеяньне (паніжае ціск). Як і інтэнсіўныя заняткі спортам, так і сьпякота стымулюе павышанае выдзяленьне поту. Такім чынам арганізм пазбаўляецца некаторай колькасьці натрыю, у выніку чаго водны балянс парушаецца. Калі толькі гаворка не ідзе аб экстрэмальным абязводжваньні, то пакрыць страты натрыю, у прынцыпе, вельмі лёгка нармальнымі прадуктамі. То бок, гэта фактычна адбываецца само па сабе натуральным спосабам. Таму калі ў вас няма прыкмет абязводжваньня (пра іх — ніжэй), то няма сэнсу піць падсоленую ваду або есьці салёныя агуркі. Важна проста піць дастаткова вады і рэгулярна харчавацца.

3. Ешце прадукты, багатыя на калій

У сьпякоту важна есьці прадукты, багатыя на калій. Менавіта калій адказвае за балянс вадкасьці ўнутры клетак. Галоўныя крыніцы калію: кавун, маркоўны сок, апэльсінавы сок, кабачкі, бананы, таматы і таматавы сок, абрыкосы, шпінат, пятрушка, ёгурт і кефір, авакада, бульба, бабовыя прадукты. Сачыце за тым, каб гэтыя прадукты прысутнічалі ў вашым штодзённым летнім рацыёне. Лічыцца, што даросламу чалавеку неабходна прыкладна 4500 мг калію ў дзень. Адзін кавалак кавуна зьмяшчае прыкладна 400 мг. Ня дзіўна, што летам хочацца кавуна, і што менавіта кавун спыняе пачуцьцё смагі.

4. Пацешце сябе карысным марозівам

Для гэтага замарозьце салодкую садавіну на ваш густ і ўзьбіце яе да кансыстэнцыі марозіва ў кухонным камбайне. Выдатна для гэтага падыходзяць банан і манга. Банан у спалучэньні зь менш салодкай садавіной і ягадамі створыць марозіва пяшчотнага смаку. Напрыклад, каб зрабіць чарнічнае марозіва, вазьміце бананы з разьліку 1 банан на 1 чалавека і дадайце некалькі лыжак замарожаных чарніц. Узьбіце — і чарнічнае марозіва гатова.

5. Ешце садавіну

Садавіна — выдатная крыніца калію. Акрамя таго, яна ўтрымлівае адносна вялікую колькасьць вадкасьці і такім чынам спрыяе падтрыманьню воднага балянсу. Парада: замарожаныя ягады вінаграду наталяюць смагу, прыемныя на смак і могуць быць надзвычайнай закускай або дэсэртам для гасьцей.

Прыкметы цеплавога ўдару

- Пачырваненьне скуры цела;
- Млявасьць;
- Галавакружэньне, пацямненьне ў вачах, зрокавыя галюцынацыі (мільганьне перад вачыма, адчуваньне руху староньніх прадметаў, поўзаньня мурашак перад вачамі);
- Часты і слабы пульс;
- Скура становіцца больш гарачай і сухой;
- Спазмы і боль у цягліцах;
- Парушэнне або поўная адсутнасьць сну;
- У цяжкіх выпадках: цяжкія галюцынацыі, міжвольныя мачавыдзяленьне і дэфэкацыя, страта свядомасьці;

Прыкметы абязводжваньня

- Моцная смага;
- Сухасьць у роце, сухая скура і сьлізістыя абалонкі;
- Мала або няма мачавыпусканьня; пацямненьне мачы;
- Потавыдзяленьне можа спыніцца;
- Млоснасьць;
- Пачашчанае сэрцабіцьцё.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG