Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Валянціна Лявоненка: «Забараняць, палітычна зьнішчаць сваіх апанэнтаў — непрыстойна»


Сёньня сьпікер Вярхоўнай Рады Аляксандар Турчынаў заявіў пра роспуск фракцыі Кампартыі ва ўкраінскім парлямэнце. А акруговы адміністрацыйны суд Кіева сёньня пачынае разгляд справы паводле пазову Міністэрства юстыцыі да Камуністычнай партыі Ўкраіны.

Як лідэры беларускіх левых і правых партыяў ставяцца да гэтых падзеяў, што адбываюцца ў суседняй краіне?

Старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» асудзіў рашэньне аб роспуску фракцыі камуністаў у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны. На яго думку, гэта — неправавое рашэньне. Выступалі за гэта сілы і асобы, якія імкнуцца ў Эўрапейскі Зьвяз. А паводле стандартаў ЭЗ абсалютна неабходнай умовай зьяўляецца плюралізм думак і магчымасьць выкарыстоўваць тую сымболіку, якую хочаш. Сяргей Калякін кажа, што ёсьць некалькі рашэньняў Эўрапейскага суду па правах чалавека, калі камуністычныя партыі выйгравалі спрэчку аб выкарыстаньні той сымболікі, якую выкарыстоўвае Кампартыя Ўкраіны.

Таму гэтае рашэньне — зьвядзеньне палітычных рахункаў і спроба рыхтаваць роспуск КПУ. А праз гэта і «прыбраць» свайго палітычнага канкурэнта, лічыць Сяргей Калякін:

Сяргей Калякін
Сяргей Калякін

«Таму што цалкам зразумела, што ў сёньняшніх умовах, калі эканамічны стан пагаршаецца, пагаршаецца жыцьцёвы ўзровень народа, і тым, хто знаходзіцца ва ўладзе, вельмі праблематычна будзе выйграць чарговыя парлямэнцкія выбары. У гэтых умовах ціск на кампартыю Ўкраіны трэба разглядаць як спробу ліквідаваць канкурэнта, які, безумоўна, атрымае дадатковыя сымпатыі насельніцтва і можа выйграць чарговыя парлямэнцкія выбары ў тых, хто сёньня знаходзіцца пры ўладзе. Таму мы ставімся да гэтага вельмі нэгатыўна».

Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч вітае рашэньне Вярхоўнай Рады Ўкраіны і спадзяецца, што неўзабаве дойдзе справа і да суду над камуністычнай партыяй і камуністычнай ідэалёгіяй ва Ўкраіне:

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

«Таму што апроч усіх тых злачынстваў, якія яшчэ камуністычная партыя Савецкага Саюзу зрабіла супраць народаў, якія трапілі ў склад савецкай імпэрыі, сёньняшняя кампартыя Ўкраіны актыўна падтрымлівае сэпаратысцкую дзейнасьць, варожую для Ўкраіны ідэалёгію, падтрымлівае дзеяньні тых, хто сёньня хоча зьнішчыць украінскую дзяржаву, фактычна супярэчыць нацыянальным інтарэсам Украіны.

І, натуральна, такая фракцыя, на маю думку, не павінна існаваць ва ўкраінскім парлямэнце. І, па вялікім рахунку, такая партыя не павінна мець права існаваць сёньня ва Ўкраіне».

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, сакратар ЦК Кампартыі Беларусі па ідэалягічнай працы Валянціна Лявоненка асуджае роспуск фракцыі Кампартыі і прыводзіць аналёгіі з прыходам да ўлады нацыстаў у Нямеччыне ў 30-х гадах мінулага стагоддзя.

«Таму гэта вельмі дрэнны знак для самой Украіны. Калі яны ня могуць справіцца з ідэалягічнымі апанэнтамі, ня могуць прапанаваць таго, што б аб’яднала нацыю, то забараняць, палітычна зьнішчаць сваіх апанэнтаў — гэта непрыстойна. І прыйдзе час — украінскаму народу будзе сорамна за сваю Партыю свабоды на чале зь Цягнібокам, і яны будуць старацца як мага хутчэй забыцца на гэтую старонку ў гісторыі».

Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец

На думку палітоляга Алеся Лагвінца, пытаньне пра роспуск фракцыі кампартыі ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны наўпрост зьвязанае зь дзяржаўным сувэрэнітэтам і незалежнасьцю Ўкраіны:

«Паколькі камуністы займаюць такую пазыцыю, якая ставіць пад сумнеў еднасьць і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, то, відавочна, могуць быць прынятыя меры дзеля таго, каб зрабіць перашкоду для дзейнасьці такіх антыўкраінскіх партыяў. Вядома, што ў Заходняй Нямеччыне вельмі доўгі час камуністычная партыя ўвогуле была забароненая якраз таму, што лічылася, што яна мае таталітарны характар і можа прывесьці да гвалтоўных зьменаў у дзяржаўным ладзе Заходняй Нямеччыны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG