Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афрыканскую чуму сьвіней выявілі на найбуйнейшай сьвінафэрме ў Літве. Будзе зьнішчана 20 000 сьвіней.

Дырэктар Дзяржаўнай харчова-вэтэрынарнай службы Ёнас Мілюс пацьвердзіў, што ў ноч зь серады на чацьвер афрыканская чума сьвіней была выяўленая на фэрме, якая належыць кампаніі Idavang у Ігналінскім раёне. Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва Delfi.

На фэрме, дзе выяўлены ачаг, гадуюцца 20 000 сьвіней.

«Учора ўвечары мы атрымалі паведамленьне, што пачаўся падзеж сьвіней у філіяле прадпрыемства „Рупінскай“», — сказаў ён. Паводле Мілюса, гэтая фэрма была прыкладам для многіх, на ёй выкарыстоўваюцца прагрэсіўныя ахоўныя сродкі.

«Яе мы паказвалі і замежнікам, а ў мінулым месяцы і расейцам, як узорную, — кажа кіраўнік службы. — Падвойны плот, практычна ніводная машына не трапляе ўсярэдзіну, нават малако падаецца ў шлянгах, а не машынамі».

Паводле словаў Мілюса, па факце пададзеная заява ў пракуратуру, бо кіраўніцтва комплексу не выключае наўмыснага заражэньня пагалоўя.

«Мы не адкідаем магчымасьці, што гэта магло быць і наўмыснае заражэньне. Заўважаная вельмі дзіўная рэч. У нас ёсьць досьвед з клясычнай чумой сьвіней — у такіх выпадках захворвае адна фэрма, а тут сьвіньні захварэлі адразу ў некалькіх», — пракамэнтаваў чыноўнік.

Ужо ў чацьвер раніцай пачалі ўсыпляць сьвіней газам. Зьнішчаны будуць усе 20 000 жывёлін.

«Закопваць будзем на месцы, бо вельмі горача», — сказаў Мілюс.

Летась у Беларусі было выяўлена некалькі ачагоў афрыканскай сьвіной чумы.

Тады Расея адмовілася ад імпарту беларускай сьвініны, а беларускія ўлады штрафавалі тых, хто адмаўляўся зьнішчаць сьвіней.

XS
SM
MD
LG