Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэрал Цярэшчанка: Раней ці пазьней кальцо самкнецца


Уладзімер Цярэшчанка
Уладзімер Цярэшчанка

Пра сытуацыю ў зоне вядзеньня антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны мы папрасілі распавесьці былога намесьніка міністра абароны Ўкраіны, генэрал-лейтэнанта Ўладзімера Цярэшчанку. Зь ім гутарыў Юры Дракахруст.

РС: Розныя крыніцы паведамляюць пра тое, што на ўсходзе Ўкраіны была акружаная даволі вялікая групоўка ўкраінскіх войскаў і што яны дагэтуль знаходзяцца ў акружэньні. Пасьля зьбіцьця малайзійскага самалёта ваенны кіраўнік сэпаратыстаў Ігар Стралкоў заявіў, што сілы, якімі ён кіруе, ня будуць спыняць баявыя дзеяньні, а будуць зьнішчаць акружаную групоўку. Гэтае акружэньне сапраўды мае месца?

Цярэшчанка: Я ня маю афіцыйных дадзеных, каб пацьвердзіць гэта. Але магу сказаць, што тыя баявыя дзеяньні, якія цяпер ідуць на паўднёвым усходзе Ўкраіны, прадугледжваюць адсутнасьць фронту. Таму вайсковыя часткі часта трапляюць у акружэньне. Але гэта абсалютна не азначае, што гэта безвыходнае становішча. Гэта ў цяперашніх умовах баявых дзеяньняў нармальнае становішча. І калі вайсковыя часткі здольныя весьці баі ў акружэньні, то яны часам адыгрываюць больш важную ролю, чым тыя, якія вядуць іншыя віды баявых дзеяньняў. Я ня бачу праблемы ў тым, што вайсковыя часткі Ўкраіны аказваюцца ў акружэньні, гэта ня значыць, што гэта кепска.

РС: Пасьля аднаўленьня антытэрарыстычнай апэрацыі (АТА) літаральна за некалькі дзён тэрыторыя, кантраляваная сэпаратыстамі, скарацілася ўдвая. Але потым дынаміка зьмянілася і хуткага прасоўваньня ўкраінскай арміі няма. Чаму? Сэпаратысты атрымалі новую зброю, падсілкаваньне жывой сілай, зьмянілася апэратыўная сытуацыя?

Цярэшчанка: Тут можа быць шмат прычынаў, і яны могуць быць як апэратыўныя, гэтак і тактычныя, як ваенныя, гэтак і палітычныя. Але з хады АТА бачна, што ўзброеныя сілы Ўкраіны, выконваючы, відаць, палітычную ўстаноўку, якую я не магу не падтрымліваць, імкнуцца мінімалізаваць чалавечыя страты. Таму актыўныя баявыя дзеяньні адбываюцца толькі тады, калі ёсьць поўныя выведныя дадзеныя, калі ёсьць упэўненасьць у тым, што такая апэрацыя пройдзе з найменшымі стратамі.

Сёньня баявыя дзеяньні вядуцца ў буйных гарадах. У іх вядзеньне баявых дзеяньняў — справа вельмі складаная. У гарадах шмат магчымасьцяў мець укрыцьці і ствараць засады. Фактар, які ўскладняе баявыя дзеяньні — наяўнасьць цывільнага насельніцтва. У гарадах ваяваць цяжка было заўсёды. Але, наколькі я ведаю, посьпехі ёсьць. І калі гэтая тэндэнцыя ўстойлівая, то хай не за некалькі тыдняў, але за некалькі месяцаў будзе дасягнуты той вынік, які патрабуецца, але зь меншымі стратамі.

РС: Вы ўжо пачалі гаварыць пра асаблівасьці баявых дзеяньняў у гарадах. Расейскія палітыкі і расейскія СМІ абвінавачваюць украінскую армію ў тым, што яна «зьнішчае цывільнае насельніцтва». Як сама Расея дзейнічала ў Чачні, усе памятаюць. А можа інакш і нельга дзейнічаць у такіх умовах? Калі баі ідуць у такім горадзе, як Данецк, зь яго насельніцтвам амаль мільён чалавек, то як можна не закрануць цывільнае насельніцтва?

Цярэшчанка: Правільнае пытаньне і вельмі няпросты на яго адказ. Задача стаіць выбіць сэпаратыстаў, бандытаў з найменшымі стратамі сярод асабовага складу арміі і пажадана з нулявымі стратамі сярод цывільнага насельніцтва. Але, напэўна, цалкам выключыць гэта немагчыма. Я маю інфармацыю і схільны верыць ёй, што ёсьць загад па арміі, каб не ўжывалася цяжкая дальнабойная і рэактыўная артылерыя і авіяцыя па населеных пунктах, а асабліва па буйных гарадах. Цяпер гэтая лінія вытрымліваецца. Аднак гарады абстрэльваюць, але робяць гэта самі сэпаратысты і бандыты. Навошта ім гэта трэба? Напэўна, каб зваліць віну на ўкраінскую армію і прыцягнуць на свой бок насельніцтва Данецку і Луганску. Многія людзі там усьвядомілі тыя палітычныя памылкі, якія яны зрабілі, і гэта, відаць, раздражняе сэпаратыстаў.

Я мяркую, што кальцо раней ці пазьней самкнецца, і калі пад кантролем сэпаратыстаў застануцца толькі Данецк і Луганск, то пытаньне будзе вырашанае шляхам перамоваў. Утрымаць іх адны будзе немагчыма, і гінуць нікому ня хочацца. Я мяркую, што Данецк і Луганск ня будуць разбураныя. Будуць вызваленыя малыя гарады, акружаныя вялікія, і далей пытаньне вырашыцца шляхам перамоваў, без штурму гэтых гарадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG