Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чалавек-майка Юры Рубцоў судзіцца з турмой


Юры Рубцоў, архіўнае фота
Юры Рубцоў, архіўнае фота

Жыхар Гомеля Юры Рубцоў, якога каралі за нашэньне майкі з антылукашэнкаўскімі надпісамі, падаў у Менскі гарадзкі суд скаргу, у якой дамагаецца, каб да судовай адказнасьці прыцягнулі супрацоўнікаў менскага ізалятара часовага ўтрыманьня на вуліцы Акрэсьціна.

Ізалятар, дзе Юры Рубцоў з 26 красавіка адбыў 25 сутак адміністрацыйнага арышту, выставіў яму рахунак за харчаваньне. Між тым Юры Рубцоў сьцьвярджае, што ніводнага разу ў ізалятары не харчаваўся, бо ад пачатку абвясьціў галадоўку пратэсту. Маскоўскі раённы суд ужо браўся разглядаць скаргу Юрыя Рубцова, але вырашыў, што турма на Акрэсьціна непадведамная суду, і адмовіў у яе разглядзе. Юры Рубцоў вырашыў патрабаваць цяпер ад Менскага гарадзкога суду абавязаць раённы суд усё ж разгледзець ягоную скаргу па сутнасьці.

«Як гэта ізалятар на Акрэсьціна не падведамны суду? Гэта нонсэнс увогуле, што нейкая дзяржаўная ўстанова можа быць непадведамная суду. Тады атрымліваецца, што непадведамныя МУС, КДБ і сам Лукашэнка як кіраўнік дзяржавы? Але тады ў якой краіне мы жывем, калі фактычна мяне як грамадзяніна краіны пазбавілі права абскарджваць дзеяньні дзяржавы? Гэта супярэчыць Канстытуцыі».

Юры Рубцоў галадаваў у турме на Акрэсьціна з 26 красавіка па 20 траўня. Паводле рашэньня кіраўніцтва ізалятара Рубцоў мусіць сплаціць за харчаваньне 1 мільён 650 тысяч рублёў — амаль па 75 тысяч за кожны дзень адседкі. Ці каштавала столькі ежа, якой кармілі ягоных сукамэрнікаў?

«Давалі ежу, якой у звычайным жыцьці ніхто б ня еў. Прыкладам, аднаму трапілася ў супе бульбіна, другому — салёны гурок, а трэцяму — крыху рысу, і гэтак разам вырашылі, што быў расольнік. Хлеб быў такі, што ўвогуле есьці немагчыма — я шмат дзе езьдзіў як прафэсійны кіроўца, але такога дрэннага хлеба, як на Акрэсьціна, нідзе не сустракаў: нейкі мокры, на паперы ад яго заставаліся тлустыя плямы. Некаторыя яго елі, але толькі пасьля падсушкі, і ўсё роўна стаўнікі ад яго захворвалі. Толькі аднаго дня, 19 траўня, чамусьці прынесьлі нармальную ежу. Магчыма, у іх была праверка», — распавёў Юры Рубцоў пра тое, як кармілі на Акрэсьціна.

У якой краіне мы жывем, калі фактычна мяне як грамадзяніна краіны пазбавілі права абскарджваць дзеяньні дзяржавы?

Паводле Юрыя Рубцова, рахунак за харчаваньне яму выставілі нібыта на той падставе, што ён не напісаў заявы аб адмове ад ежы. «Гэтую заяву я ня мог напісаць, бо мне ня выдалі паперы і асадкі, і акуляры, колькі ні прасіў цягам усіх 25 дзён, гэтак і не вярнулі», — кажа на гэта Юры Рубцоў.

Дзяжурны ізалятара на Акрэсьціна камэнтаваць прэтэнзіі былога арыштанта Юрыя Рубцова да ўстановы адмовіўся. Дазваніцца да кіраўніцтва ізалятара не ўдалося.

Юры Рубцоў па вяртаньні ў Гомель адбыў там пад арыштам яшчэ 5 сутак, цягам якіх таксама галадаваў. Як грамадзкі актывіст пачуваецца цяпер?

«Яшчэ сяджу на дыетычным харчаваньні. Да галадоўкі важыў дакладна 100 кіляграмаў, а пасьля галадоўкі — 83. Цяпер важу 90, то бок паступова папраўляюся. Працую. Скрыпяць зубамі, але церпяць мяне», — паведаміў Юры Рубцоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG