Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці выжыве Пуцін?


Плякат, выраблены ўкраінскай дыяспарай ў Аўстраліі

Плякат, выраблены ўкраінскай дыяспарай ў Аўстраліі

Пра палітычныя пэрспэктывы расейскага лідэра піша дырэктар амэрыканскага досьледнага цэнтру Stratfor Джордж Фрыдман. Паводле яго, пасьля няўдачы ва Ўкраіне і з прычыны эканамічных праблемаў, цяперашняга гаспадара Крамля можа напаткаць лёс Мікіты Хрушчова ў 1964 годзе.

Існуе агульнае меркаваньне, што Ўладзімер Пуцін кіруе Расейскай Фэдэрацыяй як дыктатар, што ён перамагае і запалохвае сваіх апанэнтаў, і што ён стварае небясьпечную пагрозу суседнім краінам. Гэта разумнае меркаваньне, але, магчыма, яно павінна быць перагледжанае ў кантэксьце апошніх падзей, піша Джордж Фрыдман.

Украіна і заняпад Расеі

Украіна жыцьцёва важная для Расеі ў якасьці буфэра супраць Захаду і ў якасьці маршруту для дастаўкі энэрганосьбітаў у Эўропу. У пачатку году прэзыдэнтам Украіны быў Віктар Януковіч, які ў цэлым быў прымальным для Расеі. Улічваючы складанасьць украінскага грамадзтва і палітыкі, было б неразумна казаць пра Ўкраіну пры ім як пра сатэліта Расеі. Але было б справядліва сказаць, што пры Януковічы фундамэнтальныя інтарэсы Расеі ва Ўкраіне былі ў бясьпецы.

Хоць Расея заўсёды была бедная, было распаўсюджанае меркаваньне, што яна была сілай, зь якой нельга не лічыцца ў міжнародных справах. Пры Ельцыне, аднак, Расея стала яшчэ бяднейшай, а ў міжнародных справах да яе ставіліся з пагардай. Пуцін меў справу з абедзьвюма праблемамі. У яго заняло шмат часу ўмацаваньне расейскай улады, хоць ён сказаў яшчэ напачатку свайго кіраваньня, што крах СССР быў найбуйнейшай геапалітычнай катастрофай ХХ стагодзьдзя. Гэта значыць ня тое, што ён хацеў уваскрасіць Савецкі Саюз, а што хацеў умацаваць расейскую ўладу, каб яе ізноў успрымалі ўсур’ёз. Пераломны момант надышоў ва Ўкраіне падчас «памаранчавай» рэвалюцыі 2004 году. Януковіч быў абраны прэзыдэнтам пры сумнеўных абставінах, але дэманстранты прымусілі яго правесьці паўторныя выбары. Ён прайграў, і празаходні ўрад прыйшоў да ўлады. Пуцін абвінаваціў ЦРУ і іншыя заходнія спэцслужбы ў арганізацыі дэманстрацый. Пуцін прыйшоў да перакананьня, што Захад мае намер зьнішчыць Расею, рыхтуючы ёй лёс СССР. Расейцы працавалі ад 2004 па 2010 год, каб скасаваць вынікі «памаранчавай» рэвалюцыі. Яны працавалі, каб аднавіць расейскую армію, удасканаліць свае спэцслужбы і выкарыстоўвалі эканамічны ўплыў, каб зьмяніць свае адносіны з Украінай. Калі яны не маглі кантраляваць Украіну, то не хацелі б, каб яна была пад кантролем ЗША і Эўропы.

Уварваньне Расеі ў Грузію было больш зьвязана з Украінай, чым з Каўказам. У той час Вашынгтон ня меў фармальных абавязацельстваў перад Грузіяй, але былі шчыльныя сувязі і нефармальныя гарантыі. Уварваньне ў Грузію было распрацаванае, каб, па-першае, паказаць, што расейская армія — гэта ўжо не разваленая армія пачатку нулявых, а, па-другое, паказаць усім краінам рэгіёну, у тым ліку і Ўкраіне, што амэрыканскія гарантыі ня маюць значэньня. У 2010 годзе Януковіч быў абраны прэзыдэнтам Украіны, што азначала перагляд вынікаў «аранжавай» рэвалюцыі і зьмяншэньне заходняга ўплыву ў рэгіёне.

Адміністрацыя Абамы паспрабавала ўзнавіць старыя мадэлі адносінаў, калі Гілары Клінтан падаравала Пуціну кнопку «перазагрузкі» ў 2009 годзе. Аднак Вашынгтон хацеў аднавіць адносіны, якія Пуцін лічыў «старымі нядобрымі часамі». У яго, натуральна, не было ніякай цікавасьці да такой перазагрузкі. Выкарыстоўваючы залежнасьць ЭЗ ад расейскіх энэрганосьбітаў, ён умацаваў свае пазыцыі ў Эўропе, у прыватнасьці, у Нямеччыне. Але яго зорны час прыйшоў падчас сірыйскай справы.

Лёс абарочваецца супраць Пуціна

Сёлетнія падзеі ва Ўкраіне, наадварот, сталіся разбуральнымі для Пуціна. Усеагульнага паўстаньня супраць Кіева, чаго Пуцін чакаў на ўсходзе Ўкраіны пасьля зрынаньня Януковіча, так і не адбылося. У ліпені расейцы кантралююць толькі невялічкую частку Ўкраіны — гэта Крым і трохкутнік Данецк-Луганск-Севераданецк, дзе невялікая колькасьць баевікоў пры падтрымцы расейскіх сілаў спэцыяльных апэрацый кантралюе тузін гарадоў, Стратэгія Пуціна палягала ў тым, каб дыскрэдытаваць урад у Кіеве і раскалоць ЗША і Эўразьвяз, выкарыстоўваючы трывалыя гандлёвыя і энэргетычныя сувязі Расеі на кантынэнце. І вось тут катастрофа самалёта Malaysia Airlines мае вырашальнае значэньне. Калі высьветліцца — а выглядае, што так і будзе — што Расея паставіла сыстэмы СПА сэпаратыстам, яна можа панесьці адказнасьць за зьнішчэньне самалёта. А гэта значыць, здольнасьць Масквы падзяліць эўрапейцаў і амэрыканцаў зьменшыцца. І Пуцін ператворыцца з эфэктыўнага, моцнага кіраўніка, які бязьлітасна выкарыстоўвае ўладу, у некампэтэнтнага лідэра, які падтрымлівае безнадзейнае паўстаньне, удзельнікі якога да таго ж ня ўмеюць карыстацца зброяй.

Пуцін павінен разгледзець лёс сваіх папярэднікаў. Мікіта Хрушчоў вярнуўся з адпачынку ў кастрычніку 1964 году і быў зрынуты ягоным пратэжэ Леанідам Брэжневым. Хрушчова абвінавацілі ў безразважных авантурах. Ён быў прыніжаны падчас карыбскага ракетнага крызісу. Гэта, плюс яго няздольнасьць разьвіваць эканоміку, прывяло да таго, што пасьля 10 гадоў кіраваньня калегі па палітбюро адправілі яго «на пэнсію».

Эканамічнае становішча Расеі далёка не такое катастрафічнае, як гэта было пры Хрушчове або Ельцыне, але яно істотна пагоршылася апошнім часам, і, магчыма, больш важна тое, што не ўдалося апраўдаць чаканьні. Акрыяўшы ад крызісу 2008 году, Расея перажыла некалькі гадоў зьніжэньня тэмпаў росту ВУП, а яго цэнтральны банк прагназуе нулявы рост сёлета. Узровень даўгоў рэгіянальных урадаў падвоіўся за апошнія чатыры гады і некалькі рэгіёнаў блізкія да банкруцтва.

Адток капіталу з Расеі за першыя шэсьць месяцаў 2014 году склаў $ 76 млрд., у параўнаньні з 63 млрд. даляраў за ўвесь 2013 год. Прамыя замежныя інвэстыцыі ўпалі на 50% у першай палове 2014 году ў параўнаньні з тым жа пэрыядам у 2013 годзе. І ўсё гэта адбылося нягледзячы на тое, што цэны на нафту застаюцца вышэйшымі як $ 100 за барэль.

Уяўляючы Расею пасьля Пуціна

Пры тым рэжыме, які збудаваў Пуцін, дэмакратычны працэс ня можа быць ключом да разуменьня таго, што будзе далей. Пуцін аднавіў савецкія элемэнты ў структуры ўлады, выкарыстоўваецца нават тэрмін «палітбюро» для апісаньне ўнутранага кола яго паплечнікаў. Усе гэтыя людзі адабраныя і прасунутыя на вяршыню ўлады ім, і можна выказаць меркаваньне, што яны будуць ляяльнымі да яго. Але досьвед савецкага палітбюро паказвае, што самыя небясьпечныя ворагі — гэта блізкія калегі.

Мадэль палітбюро прызначаная ствараць кааліцыі паміж фракцыямі. Да апошняга часу ў Пуціна гэта добра атрымлівалася. Але гэтая здольнасьць зьніжаецца ў сытуацыі эканамічных і зьнешнепалітычных няўдачаў, як гэта было і з Хрушчовым. І гэта ўзмацняе спакусу яго паплечнікаў пазбавіцца ад яго.

Цяжка сказаць, як будзе разьвівацца гэты працэс, улічваючы тое, што нефармальныя правілы маюць у сучаснай расейскай сыстэме ня меншую вагу, чым канстытуцыйныя правілы. Але міністар абароны Сяргей Шайгу і мэр Масквы Сяргей Сабянін маюць патэнцыял хутка стаць ня менш папулярнымі, чым цяпер Пуцін. У барацьбе за ўладу ў савецкім стылі някепскія шанцы маюць кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Сяргей Іваноў і старшыня Рады бясьпекі Мікалай Патрушаў.

Асаблівай небясьпекай сытуацыі зьяўляецца тое, што Пуцін перад тварам сур’ёзных праблемаў і няўдачаў можа стаць ня менш, а больш агрэсіўным. Тым, хто думае, што Пуцін зьяўляецца самым рэпрэсіўным і агрэсіўным расейскім лідэрам, варта мець на ўвазе, што гэта ня так. Ленін, напрыклад, быў жудасным пэрсанажам. Аднак Сталін — яшчэ больш жахлівым.

Можа яшчэ прыйдзе час, калі мы будзе прыгадваць эпоху Пуціна, як эпоху спакою і міру.

XS
SM
MD
LG