Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БХД заклікае адключыць расейскія тэлеканалы. Гэта правільна, але нерэальна, — экспэрт


Аргкамітэт па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» заклікае ўлады адключыць у Беларусі расейскія тэлеканалы.

Заява «Адключыць расейскія тэлеканалы — абараніць Беларусь» зьявілася на сайце партыі.

«Расейскія СМІ ўжо даўно перасталі быць сродкамі масавай інфармацыі, а ператварыліся ў сродкі масавай дэзынфармацыі і прапаганды. Трансьляваныя імі навіны ня толькі носяць відавочную заангажаванасьць, але часьцяком зьяўляюцца хлусьнёй, мэта якой — апраўдаць расійскую агрэсію супраць Украіны і ўкраінскага народу. Вераць гэтай хлусьні і многія беларускія тэлегледачы.

Досьвед інфармацыйнай вайны Расеі супраць Украіны можа ў любы зручны момант быць выкарыстаны і ў дачыненьні да Беларусі. Сёньня ён ужо апрабуецца на шэрагу беларусафобскіх і заходнерускіх сайтаў, а заўтра можа быць скарыстаны і на тэлебачаньні, каб апраўдаць расейскія тэрытарыяльныя, палітычныя і эканамічныя прэтэнзіі на Беларусь».

У сувязі з усім гэтым Беларуская хрысьціянская дэмакратыя заклікае спыніць трансьляцыю ў Беларусі расійскіх тэлеканалаў «Первый канал», НТВ, «Россия 1», Рен-ТВ і іх адцэнзураваных варыянтаў, што паказваюцца ў Беларусі. Замест гэтага прапануецца паспрыяць увядзеньню ў кабэльныя пакеты ўкраінскіх тэлеканалаў, беларускага тэлеканалу «Белсат», расейскага тэлеканалу «Дождь».

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Мэдыяэкспэрт Аляксандар Класкоўскі лічыць пастаноўку пытаньня аб патрэбе адключэньня ў Беларусі расейскіх каналаў правільнай, але рэалізацыю — маларэальнай у цяперашніх умовах.

«Беларуская апазыцыя цалкам слушна ставіць пытаньне абароны інфармацыйнай прасторы Беларусі. Цяпер, у сытуацыі, якая называецца «пасьля Крыма», у сытуацыі вайны паміж Расеяй і Ўкраінай, высьветлілася, што мазгі беларусаў абсалютна безабаронныя пад штодзённым «абстрэлам» расейскіх мэдыяў, якія сапраўды перасталі ўжо быць мэдыямі.

Апошнія тыдні — гэта апатэоз ашалелай прапаганды. Я маю на ўвазе і ўжо хрэстаматыйны сюжэт пра нібыта ўкрыжаванага хлопчыка ў Славянску, і тую вакханалію, што пачалася пасьля зьбіцьця малайзійскага «Боінга», калі расейскія мэдыі адразу пачалі, не ўнікаючы ў факты, вешаць усіх сабак на «кіеўскіх фашыстаў». Ужо і сацыялёгія паказвае, што гэтая брудная плынь робіць кепскі нэгатыўны ўплыў на масавую сьвядомасьць беларусаў, атручвае іх шавіністычным мысьленьнем. Таму абсалютна слушна ставіцца пытаньне пра адключэньне расейскіх каналаў, але, натуральна, гэтая пастаноўка пытаньня ня мае ніякіх шансаў на посьпех у сёньняшняй палітычнай сытуацыі, пры сёньняшняй беларускай уладзе, якая апынулася паміж молатам і кавадлам — наверсе таксама спахапіліся і зразумелі расейскую небясьпеку, у тым ліку і ў мэдыйнай сфэры.

Але калі Лукашэнка сёньня адключыць расейскія каналы, то Масква яго размажа па сьценцы

Але калі Лукашэнка сёньня адключыць расейскія каналы, то Масква яго размажа па сьценцы, абвінаваціўшы ў здрадзе, скажа, што гэта нож у сьпіну братняй інтэграцыі. Таму ўлады тут выбіраюць паміж кепскім і вельмі кепскім, і сёньня выбіраць не дражніць расейскага мядзьведзя, спадзеючыся, што Расея, можа, надарвецца на Ўкраіне і паўтору сцэнару анэксіі ў дачыненьні да Беларусі ня будзе.

Іншая справа, што мала толькі адсекчы расейскія каналы, трэба запаўняць тэлеэфір сваім якасным айчынным кантэнтам. А гэта значыць, што трэба ствараць нармальны мэдыйны рынак і даваць больш свабоды прэсе, а гэта — востры нож для беларускага рэжыму.

Я лічу, што будуць невялікія крокі ў кірунку беларусізацыі, будуць меней душыць незалежную прэсу, хаця перад выбарамі звычайна пачынаецца закручваньне гаек. Але рубільнік, які выключае расейскія каналы, будуць трымаць на самы крайні выпадак. Мы памятаем 2010 год, калі была вострая фаза канфлікту паміж Расеяй і Беларусьсю, калі беларусы не маглі пабачыць сэрыі „Хроснага бацькі“».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG