Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канвульсіі беларускага футболу


Футбольны клюб БАТЭ зь цяжкасьцю выйшаў у наступны раўнд Лігі чэмпіёнаў, па суме двух матчаў пераадолеўшы супраціў альбанскага «Скендэрбеў».

Куды падзеўся імпэт барысаўцаў пасьля сыходу з каманды былога галоўнага трэнэра Віктара Ганчарэнкі? Ці шмат аптымізму на наступныя сустрэчы? Якія ўвогуле пэрспэктывы ў беларускага футболу, які надалей застаецца ў цені спорту № 1 у Беларусі — хакею?

Летась БАТЭ спыніў выступ ужо на першым этапе лігачэмпіёнскай гонкі, бязвольна саступіўшы карагандзінскаму «Шахцёру». Учора за кошт адзінага гола, забітага на выезьдзе, каманда пад кіраўніцтвам новага настаўніка Аляксандра Ермаковіча ўсё ж здолела «праціснуцца» у трэці кваліфікацыйны раўнд. Якія шанцы пры такой гульні ў матчы з наступным супернікам — вугорскім «Дэбрэцэнам»? Старшыня праўленьня ФК БАТЭ Анатоль Капскі па вяртаньні гульцоў з Альбаніі нагадаў, што каманда з гонарам выходзіла і з больш складаных сытуацыяў, а цяперашняя крытыка збольшага беспадстаўная — асабліва калі ўлічыць, што акрэсьленая мэта пасьпяхова выкананая:

«Галоўны вынік любога падобнага матчу — рашэньне пастаўленай задачы. Яна выкананая. Бар’ер, які, як пракляты, сядзеў комам у горле ад мінулага году і не даваў дыхаць, мы пераадолелі. Увесь гэты час каманда знаходзілася пад вялізным ціскам, у тым ліку маім, а таксама пад прэсам з боку заўзятараў і грамадзкасьці. Здорава, што хлопцы справіліся. Перакананы, што маладыя футбалісты з кожнай гульнёй будуць набываць неацэнны досьвед. Дай божа, каб такіх сустрэчаў было больш. А ў завяршэньне хачу падкрэсьліць: нягожа прыхільнікам клюбу, якія лічаць сябе сапраўднымі, рабіць пасьпешлівыя высновы. Мы ў трэцім кваліфікацыйным раўндзе — і гэта галоўнае. І думаем ужо пра наступную гульню».

На перакананьне экспэртаў, агульны ўзровень беларускага футболу шмат гадоў застаецца ў закансэрваваным стане. Ад таго, што ў калектывах няма яскравых зорак, трыбуны пустуюць, а «дзіравыя» скарбонкі ўладальнікаў клюбаў не даюць размахнуцца на трансфэрным рынку. У выніку цікавасьць да ўнутранага першынства невысокая, што адбіваецца на фактычным ігнараваньні гульняў з удзелам зборнай краіны. Дарэчы, з-за адсутнасьці гульцоў высокага ўзроўню галоўная каманда адкацілася ва ўсясьветным рэйтынгу ажно ў дзявяты дзясятак.

Колішні гулец менскага «Дынама» і нацыянальнай зборнай Беларусі Ўладзімер Макоўскі перакананы: праблемы беларускага футболу трэба шукаць у слабай сэлекцыйнай працы. Калі ў разьвітых футбольных дзяржавах адмыслоўцы суправаджаюць таленавітага футбаліста ад спартовай школы да дарослага клюбу, то ў Беларусі палітыка іншая — хутчэй прадаць, каб пасьпець хоць нешта зарабіць:

Ўладзімер Макоўскі
Ўладзімер Макоўскі

«Відавочна, што свае гульцы нібыта гадуюцца. Але куды яны зьнікаюць — шчыра кажучы, ня ведаю. Я цяпер таксама гляджу дзіцячы футбол, наведваю некаторыя гульні, бачу, што здольная, пэрспэктыўная моладзь ёсьць. Вось толькі куды яна потым прападае — пытаньне. Як думаеце? Няўжо ў „Дазары“ асядаюць (модны клюб у Менску. — РС). Менавіта працэс пераходу зь дзіцячага футболу ў дарослы — як „чорная дзірка“ на гэтым шляху. І калі мы прыйдзем да паўнавартаснай зьмены пакаленьняў — незразумела. У іншых краінах спэцыялісты езьдзяць, глядзяць, цікавяцца, адмыслова вырошчваюць маленькіх футбалістаў, каб гатовымі гульцамі перадаць у дарослы футбол. А ў нас як? Загуляў маленькі хлопчык, дык хутчэй бы яго кудысьці прадаць, хутчэй бы сьпіхнуць, зарабіць нейкія грошы. Навошта зазіраць у будучыню, калі можна скасіць бабак тут і цяпер? Такая мая асабістая думка».

Як паказвае практыка, гадаванцы беларускіх школаў пры першай жа магчымасьці намагаюцца зьехаць за мяжу — перадусім у Расею, дзе за пару сэзонаў можна сабраць першапачатковы капітал. У Беларусі, калі ты не гуляеш за каманды кшталту БАТЭ, менскага «Дынама» ці салігорскага «Шахцёра», няма ніякай гарантыі нават мінімальнага заробку. Так, днямі на футбольным полі ўчынілі дэмарш футбалісты жодзінскага «Тарпэда», якія выйшлі ў майках з надпісам: «Ці патрэбна каманда Жодзіну?». Галоўны спонсар клюбу — БелАЗ — ня мае грошай, каб разьлічыцца па даўгах. Да гэтага на аналягічны крок адважыліся і футбалісты берасьцейскага «Дынама», якія таксама месяцамі сядзяць бяз грошай. Сёньня з каманды першай лігі «Рэчыца-2014» разам звольніліся ўсе гульцы і трэнэры, падставай — фінансавыя супярэчнасьці зь Міністэрствам спорту і турызму.

Адзін з найлепшых беларускіх футбалістаў 1980-х, экс-гулец зборнай Беларусі Андрэй Зыгмантовіч кажа, што цікавасьць да гульні мільёнаў рэзка зьнізілася пасьля таго, як у Беларусі яе фактычна кінулі на самацёк. І згадвае часы, калі на футбол ішлі як на сьвята:

Андрэй Зыгмантовіч
Андрэй Зыгмантовіч

«Сапраўдны заўзятар глядзіць футбол гэтаксама, як знаўца ідзе ў тэатар, на опэру ці яшчэ кудысьці. Проста атрымліваеш асалоду ад таго, што бачыш, саўдзельнічаеш у адной дзеі з героямі. У выпадку з футболам — абсалютна тое ж самае. Менавіта таму футбол пачатку 1980-х, калі „Дынама“ і зборнай СССР кіраваў Эдуард Васільевіч Малафееў, зьбіраў поўныя трыбуны, заварожваў гледачоў. А пасьля футбольных матчаў, калі дынамаўцы гулялі і выйгравалі, людзі выходзілі з душэўным уздымам, з энтузіязмам і гонарам за тое, што іхні ўлюбёны калектыў можа абыграць такіх грандаў, як „Дынама“ (Кіеў), „Спартак“ і г.д. Цяпер у нас футболу як бы і не існуе. Магчыма, паўтаруся, але ў спорце мэта павінна быць толькі адна — дасягненьне найвышэйшых вынікаў. Калі гэта каманда — то выхад у фінальную частку і заваяваньне вышэйшых узнагародаў. А для гульца — гэта ўдзел у клюбных турнірах ці чэмпіянатах, якія ёсьць на сёньняшні дзень. Пакуль зацікаўленыя людзі гэтага не зразумеюць, чакаць зьменаў наўрад ці выпадае».

Зарабляць грошы дзякуючы ўласным здольнасьцям навучыўся хіба што барысаўскі БАТЭ, у якога за сьпіной нямала пасьпяховых і, адпаведна, прыбытковых эўракубкавых турніраў. Астатнія клюбы збольшага разьлічваюць на дзяржаўную падтрымку ў выглядзе рэгулярных адлічэньняў горадаўтваральных прадпрыемстваў. Але ў цяперашняй эканамічнай сытуацыі такі баляст можа дазволіць сабе далёка ня кожны вымушаны донар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG