Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністрацыя Пуціна адказала Камітэту салідарнасьці з Украінай


Падпісанты звароту да Ўладзімера Пуціна з грамадзкай ініцыятывы «Камітэт салідарнасьці з Украінай» атрымалі адказ з адміністрацыі расейскага прэзыдэнта.

«Ваша паштовае адпраўленьне ў пісьмовай форме на імя прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі, якое было падпісана 26.06.14, атрыманае. Подпіс: галоўны саветнік дэпартамэнту пісьмовых зваротаў грамадзянаў і арганізацый А. Сербіна», — паведаміла карэспандэнту Свабоды адна з падпісантаў звароту, грамадзкая актывістка Вольга Мікалайчык. Паводле Вольгі Мікалайчык, больш у атрыманым адказе нічога няма.

Актывісты «камітэту салідарнасьці з Украінай» у канцы чэрвеня адправілі Ўладзімеру Пуціну зварот, у якім патрабавалі «спыніць агрэсію супроць Украіны» і ўмяшаньне ў справы гэтай сувэрэннай дзяржавы. Адначасова Камітэт салідарнасьці з Украінай адправіў зварот Аляксандру Лукашэнку. У гэтым лісьце выказваўся пратэст супроць распаўсюду ў Беларусі расейскай сымболікі, якая асацыюецца з захопам Крыму і правакацыямі на Ўсходзе Ўкраіны, а таксама супроць таго, каб на парадзе 3 ліпеня ў Менску выкарыстоўвалася афіцыйная расейская сымболіка. Лёс гэтага звароту невядомы, кажа Вольга Мікалайчык.

«Нашы ўлады ўвогуле ігнаруюць сваіх грамадзян, яны не зьвяртаюць увагі на нашу дзейнасьць. Гэта звычайная рэакцыя на тое, што мы робім: ці суткі на Акрэсьціна паводле сфабрыкаваных пратаколаў, ці ігнараваньне. Дыялёг з грамадзтвам наша ўлада весьці не зьбіраецца», — пракамэнтавала маўчаньне адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі актывістка, рэжысэр Вольга Мікалайчык.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG