Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ва ўнівэрсытэце прымушалі зубрыць розную лухту, якая на наступны ж дзень забывалася»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

У гэтыя ліпеньскія дні ў пошце Свабоды па-ранейшаму пераважаюць допісы, напоўненыя трывогай, непакоем і спачуваньнем да тых людзей, якія пакутуюць на паўднёвым усходзе Ўкраіны, змагаюцца за незалежнасьць і цэласнасьць сваёй радзімы.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога ліста. Наш слухач Ігнат Гавенскі з Полацку, назіраючы за ўкраінскім крызісам, піша:

«Мы бачым, як украінскае войска паступова становіцца на ногі і пачынае па-сапраўднаму вычышчаць Данбас ад пуцінскіх бандытаў. Тым часам Эўразьвяз (і асабліва Нямеччына і Францыя) усё яшчэ муляюцца з увядзеньнем чарговых санкцыяў супраць Масквы. Вядома, іхныя эканамічныя матывы зразумелыя. Аднак элітам гэтых краін варта было б згадаць урокі гісторыі і ўсьвядоміць, чым могуць скончыцца гульні з агрэсарам. Лепш нейкі час пацярпець эканамічныя страты, чым дапусьціць рэальную вайну.

Найбольш відавочнае выйсьце — проста зьнішчыць тэрарыстаў на Данбасе, адгарадзіцца ад Расеі і Беларусі ўзмоцненай мяжой, спрабаваць дамовіцца... Але пры гэтым увесь час трэба памятаць, што сучасная Расея — гэта самая вялікая вар’ятня ў сьвеце, а Беларусь — проста гаспадарчая прыбудова да гэтай вар’ятні.

Лукашэнка ў гэтай сытуацыі выдатна засвоіў ролю Мікіты Зноска: ён гаворыць кожнаму з канфліктных бакоў тое, што каму падабаецца. Але мы не павінны падманваць самі сябе. Трэба глядзець не на словы, а на справы.

У гэтай сувязі мяне, напрыклад, ні ў чым не пераканала нечаканая беларускамоўная прамова Лукашэнкі на Дзень незалежнасьці. На тле 20-гадовай русыфікацыі яна нічога ня вартая.

Увогуле, на хуткія перамены нам цяпер разьлічваць не выпадае. Выбараў у нас, па сутнасьці, няма, так што пра надзеі на 2015 год трэба забыць. А перамога Плошчы ў Беларусі магчымая хіба што праз 5–10 гадоў пасьля распаду Расеі».

Многім, вядома, прыкра назіраць, што толькі на 20-м годзе прэзыдэнцтва Аляксандар Лукашэнка раптам пачаў заўважаць, якую вялікую і рэальную небясьпеку для дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі нясе з сабой праект так званага «русского мира» і «исторической России», які пачаў ажыцьцяўляць ва Ўкраіне Ўладзімер Пуцін. Можна шмат разважаць пра страчаны час, пра недаравальную недальнабачнасьць, пра палітычныя пралікі... Такіх размоў цяпер у палітычным асяродку шмат. Але значнага практычнага сэнсу ў іх не заўважна. На сёньня для беларусаў няма больш актуальнай праблемы, чым захаваньне ўласнай дзяржавы. А тое, што гэтай жа задачай (хоць і найперш дзеля захаваньня ўласнай улады) заклапочаны і дзейны палітычны рэжым — ня робіць каштоўнасьць незалежнасьці меней значнай.

Украінская тэма турбуе і нашага даўняга слухача і аўтара Аляксандра Лешыка з Баранавічаў. Разважаючы пра спосабы вырашэньня гэтай праблемы і тактыку дзеяньняў кіеўскай улады, спадар Аляксандар піша:

«Украіна і ўкраінцы мне блізкія: у свой час праслужыў тры гады ў лесе пад Луцкам. Народ гэты для нас — сапраўды братні. І што ж там нарабілі гэтыя расейскія імпэрыялісты... Крыўдна і балюча. Лічу, правільна зрабілі новыя ўкраінскія ўлады, калі павярнуліся тварам да Захаду. Там — і парадак, і закон, і справядлівасьць. А ад лайдакоў, ашуканцаў і забойцаў трэба быць як мага далей. Як на маю думку, дык там трэба цалкам закрыць мяжу з Расеяй. Перарэзаць усе дарогі, пабудаваць абарончыя валы, выселіць людзей з малых паселішчаў. Гэта жорстка? Так, але ў імя захаваньня людзкіх жыцьцяў — апраўдана.

Калі тэрарысты будуць адрэзаныя ад усіх каналаў забесьпячэньня, калі ў іх ня будзе ні боепрыпасаў, ні харчаваньня, ні электраэнэргіі, ні вады — вайна хутка скончыцца. А мірныя людзі гэта зразумеюць і пацярпяць.

Ну, а тых узброеных сэпаратыстаў, каго ў выніку ўдасца захапіць у палон, трэба накіраваць на перавыхаваньне. Цалкам дараваць і амніставаць нельга, бо інакш можна дапусьціць паўтарэньне трагедыі».

Хоць, можа, і не ў такой жорсткай форме, але якраз ізаляваць гэты рэгіён ад Расеі, ад расейскіх паставак зброі і амуніцыі, украінскія вайскоўцы цяпер і спрабуюць, спадар Аляксандар. Ня ўсё ім у гэтай справе ўдаецца: відавочна, бракуе рэсурсаў. Але тактыка зусім зразумелая і відавочная. Данецкія і луганскія сэпаратысты трымаюцца на расейскай зброі. Зьнікнуць каналы паставак — хутка выдыхнуцца і ўзброеныя баевікі.

Новы допіс ад нашай даўняй слухачкі Дануты Крупіцы зь Ліды. Штодня сустракаючыся і размаўляючы са сваімі равесьнікамі-пэнсіянэрамі, спадарыня Данута мае шмат матэрыялу для развагаў і роздуму над сёньняшняй беларускай рэчаіснасьцю. У лісьце на Свабоду яна піша:

«Апошнім часам у нас шмат розных сьвяткаваньняў, фэстаў. А дзе сьвята — там і гандаль. Паўсюль шапікі, гандлёвыя намёты... Але ўсё гэта — толькі для тых, хто мае грошы. Бо цэны там нейкія завоблачныя. Шклянка паветранай кукурузы — 30 тысяч рублёў, кулёк — 20 тысяч...

А як падскочылі цэны ў крамах. Асабліва на харчаваньне. А на ім жа асабліва не заашчадзіш: есьці мусіш кожны дзень. Такое ўражаньне, што ў вытворчасьці харчаваньня ў нас — манаполія, і цэны там выстаўляюць адвольна, арыентуючыся толькі на ўласныя празьмерныя апэтыты.

На прамысловыя тавары я ўжо нават і не паглядаю. Бытавая тэхніка, абутак увесь час даражэюць. Калі і дачакаесься нейкага распродажу, дык зьніжкі мізэрныя — 5–10 працэнтаў.

Мне падаецца, што цяпер каля паловы нашых пэнсіянэраў рознымі шляхамі і спосабамі шукаюць дадатковы даход — ну, каб мець да пэнсіі хаця б які мільён на месяц. Многія зарабляюць, нелегальна гандлюючы гароднінай (найчасьцей — з уласнага гарода, але бывае, што і перапрадаюць). Нехта зьбірае і здае макулятуру. Значная частка зарабляе на парожніх шкляных бутэльках. Ведаю адну прыбіральшчыцу з камунальнай службы, дык яна разам з мужам і сабакам зь пятай гадзіны раніцы пасьпявае абысьці тры-пяць сьметнікаў, каб выцягнуць адтуль усё прыдатнае для перапродажу. І ўсё нешта валакуць, валакуць...».

Паводле маіх назіраньняў, спадарыня Данута, на палітычныя сымпатыі большасьці беларускіх пэнсіянэраў такі стан рэчаў асабліва не ўплывае. Пэнсіі, на якія немагчыма пражыць, успрымаюцца як нешта само сабой зразумелае. Хіба ж было за апошнія два дзесяцігодзьдзі іначай? Людзі звыкліся і зазвычай нават радуюцца невялікім падвышкам, якія, як правіла, не кампэнсуюць нават інфляцыйных стратаў.

Праўда, нешматлікія пэнсіянэры яшчэ з савецкім стажам памятаюць іншы час, калі на пэнсію можна было жыць зусім няблага. Напрыклад, у 80-я гады сярэдняя пэнсія ў многіх складала 120–150 рублёў (на сёньняшнія грошы — гэта 5–6 мільёнаў беларускіх рублёў). Ну, але колькі тых старых да сёньняшняга дня дажыло...

І на заканчэньне — шчыры спавядальны ліст ад Андрэя Паско зь Берасьця. Андрэй, у прыватнасьці, піша пра тое, як яму не ўдалося стаць настаўнікам гісторыі (цытую ліст):

«Вырашыў распавесьці пра свой жыцьцёвы досьвед: можа, гэта дапаможа камусьці зрабіць карысныя высновы.

У дзяцінстве я вучыўся ў адной зь берасьцейскіх школ, а потым, у 2004–2006 гадах — у ліцэі. Ліцэйскія гады згадваю з настальгіяй. Адрозна ад школы, там не было ні прыніжэньняў, ні гвалту. Удзельнічаў у прадметных алімпіядах па гісторыі, тройчы займаў прызавыя месцы на рэспубліканскім этапе.

Пазьней быў гістфак Берасьцейскага ўнівэрсытэту. Гэта, лічу — страчаныя гады ў маім жыцьці. Трэба было зубрыць розную лухту, якая на наступны ж дзень забывалася. На ўсё жыцьцё запомніў экзамэн па паліталёгіі. На яго трэба было рыхтаваць рэфэрат. Я падрыхтаваў пра Сталіна.

Прафэсар Іван Іванавіч запытаўся ў мяне: „Якая была палітыка Сталіна ў нацыянальным пытаньні?“

Я пачаў адказ з расповеду пра прымусовую дэпартацыю чачэнскага народу падчас вайны. Гэта Івана Іванавіча вельмі раззлавала.

— Эти народы перешли на сторону фашистов, — злосна перапыніў ён мяне. А потым пацікавіўся, хто мяне гэтаму навучыў, ды паведаміў, што сам пагутарыць з гэтым выкладчыкам.

Адзнаку мне паставіў, вядома ж, нізкую. Вось так 23 студзеня 2008 году, праз 55 гадоў пасьля сьмерці правадыра, я пацярпеў за выкрыцьцё культу асобы.

Атрымаў дыплём, трапіў па разьмеркаваньні ў адну са школ — настаўнікам гісторыі. Толькі тут я зразумеў адну простую рэч: каб кіраваць людзьмі, патрэбны адпаведныя здольнасьці — талент, харызма. У мяне такога таленту не аказалася. І што тут пачалося... Мае вучні не рыхтавалі хатніх заданьняў, бегалі па клясе падчас урокаў, біліся галовамі аб сьцены, лаяліся на настаўніка матам... Словам, працаваць было немагчыма, давялося звольніцца».

Вядома, прыкра, Андрэй, што пра сваю памылку ў выбары прафэсіі вы дазналіся толькі пасьля таго, як скончылі пэдунівэрсытэт і нейкі час паспыталі настаўніцкага хлеба. Пэдагагічная праца — спэцыфічная, і далёка ня кожнаму дадзены такія здольнасьці — вучыць і выхоўваць дзяцей.

Зрэшты, віна ў гэтым — ня толькі ваша. Прэстыж прафэсіі настаўніка ў Беларусі на такім узроўні, што ў пэдагагічныя ВНУ прымаюць фактычна ўсіх ахвотных, незалежна ад схільнасьцяў, здольнасьцяў і адзнак у атэстаце. І ўсё роўна на многіх спэцыяльнасьцях — недабор студэнтаў, а ў школах — дэфіцыт кадраў. І ці можа быць іначай, калі заробак маладога пэдагога з унівэрсытэцкай адукацыяй часам ніжэйшы, чым у прыбіральшчыцы ці ахоўніка ў супэрмаркеце?

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

XS
SM
MD
LG