Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У аўтобусе побач едзе кабета з сынам гадоў сямі-васьмі. Хлопчык захоплена распавядае, як ён прайшоў чарговы ўзровень гульні ў «Чалавека-павука». Кабета маўчыць сьцяўшы вусны.

Побач мы з Дамінікам — на выгляд равесьнікам таго хлопчыка. Я разумею, што не самотны ў сваіх сумневах. Ад кампутарных гулек дзіцёнка трэба адцягваць штодня. Ісьці на перамовы і хітрыкі. Зрэшты, я ведаю, што кампутарныя гулькі разьвіваюць. Пытаньне толькі ў веданьні меры.

Некалькі гадоў таму я заўважыў, што ў менскіх падлеткаў нейкі дзіўнаваты слэнг. Там, дзе трэба ў слове казаць «а», у іх атрымліваецца штосьці сярэдняе паміж «а» і «о».

Дамінік хутка навучыўся чытаць. У прынцыпе, ён ужо ад нараджэньня гуляўся зь літарамі кірылічнага і лацінскага альфабэтаў: з маім тэлефонам. А хутка чытаць ён навучыўся, бо меў неабходнасьць зразумець заданьні, якія пэрыядычна падкідвае тая ці іншая кампутарная гулька.

Вы ж ведаеце, беларускамоўныя вэрсіі сусьветна папулярных гульняў ніхто не рабіў. Я не пра завадзкія афіцыйныя копіі, тут усё зразумела — пытаньне рынку. У Беларусі ў продажы на выбар расейскамоўная ці англамоўная вэрсіі. Я пра бясконцую колькасьць модаў (ад слова мадыфікацыя).

Мод — гэта калі энтузіясты перапраграмуюць на свой капыл афіцыйныя вэрсіі. Творчасьць масаў. Папулярнае захапленьне. Дамінік навучыўся чытаць па модах. І старанна паўтараў убачанае на кампутары: молоко, пістолет, подожді. Гэта раней было як чуецца, так і пішацца. Цяпер — як пішацца, так і гаворыцца. Вологодзкі акцэнт, што ў расейскай, што ў беларускай гаворцы.

Калі я чарговы раз бачу гутарку пра тое, што мала беларускамоўных дзіцячых кніжак, я задаюся пытаньнем. Што мы хочам зрабіць? Мне падаецца, што мы — зацікаўленыя ў беларускамоўнасьці сваіх дзяцей бацькі, — увесь час блытаем дзьве задачы.

Першая — данесьці праз кніжку хараство і сэнсы. Другая — зрабіць беларускую мову для малога важнай і захапляльнай па форме.

Гэтаксама, як блытаюцца дзьве задачы адукацыі: навучыць тэхніцы чытаньня, і праз словы ўкласьці ў галаву нейкія значэньні.

Дамінік чытае беларускамоўныя кніжкі, і пераказвае сэнс прачытанага. Прычым, колькасьць незразумелых словаў што ў заданьні да гульні, што ў вершыку пра анёльчыкаў прыблізна аднолькавыя. Для яго расейская і беларуская на сёньня як адно, складзенае зь дзьвюх частак, дзе адна відавочна займае значна большую прастору.

Колькі б гадаваныя ў далічбавую эпоху бацькі не сьціскалі вусны, ім трэба навучыцца падтрымліваць гутарку з малымі пра кампутар і гулькі.

А пакуль ідуць спрэчкі пра не/шкоднасьць кампутараў, і разгадкі загадкі «як нам заахвоціць малых беларускай мовай?», выйшаў новы мод да вельмі папулярнай у сьвеце гульні.

Гульня ад пачатку была ўкраінская, але гэты мод расейскі. Тут герой сярод іншага сустракаецца з «бендеровцамі» і ўкраінскім «капітанам-хунтаўцам». Думаю, што калі Дамінік раптам знойдзе гэты мод, мне давядзецца шмат яму растлумачыць. Бо пакуль я яго шкадую, і тое, што ён часам бачыць па тэлевізары, ён успрымае як ролікі з гулькі.

Расейцы даўно фантазіруюць будучыню, хай сабе і змрочную. І ўжо нават яе ажыцьцяўляюць. Бясконцыя фэнтэзі пра расейска-украінскую вайную множацца не адзін год. Цяпер і ў гульках.

Беларусы спрачаюцца пра ролю вышыванкі за тысячу гадоў, але нідзе ў апошні час я ня бачыў хоць якое фэнтэзі на тэму: якой Беларусь можа быць у той ці іншай сытуацыі.

Пакуль некаторыя дарослыя прытрымліваюцца пастуляту мэтадоляга Ўладзімера Мацкевіча «думаць Беларусь», нашыя малыя неўпрыкмет убіраюць у сябе чужыя фантазіі.

Спачатку чужая мова, пасьля чужыя сэнсы. Колькі не распавядай пра гераічную мінуўшчыну, колькі не гартай карцінкі з «Мая краіна Беларусь», новыя тэхналёгіі бяруць сваё. Хто карыстаецца тэхналёгіямі, той карэктуе сэнсы на свой бок.

Думаць Беларусь — задача спэцыялістаў. А вось фантазіраваць Беларусь могуць усе разам. Тады і спэцыялістам будзе лягчэй.

Проста трэба з вывучэньня сваёй гісторыі навучыцца рабіць погляд у будучыню, а не сабе пад ногі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG