Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка патлумачыў, чаму ён супраць ваеннага становішча ў Данбасе


Пятро Парашэнка

Пятро Парашэнка

Падчас сустрэчы прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі з прадстаўнікамі дэпутацкіх фракцый Вярхоўнай Рады, якая адбылася ў Кіеве ў аўторак, ён выступіў супраць ўвядзеньня ў краіне ваеннага становішча.

Аб гэтым паведамляецца на сайце прэзыдэнта Ўкраіны.

Паводле Пятра Парашэнкі, заклікаючы ўладу да ўвядзеньня ваеннага становішча, народныя дэпутаты павінны ўсьведамляць наступствы для краіны такога рашэньня.

Парашэнка адзначыў, што Ўкраіна сёньня ўжо знаходзіцца ў стане баявых дзеяньняў і павінна абараняць сваю тэрыторыю. Для гэтага неабходная баяздольная армія і адпаведнае яе забесьпячэньне, якія немагчымыя падчас ваеннага становішча.

«Пры ваенным становішчы забароненыя пастаўкі зброі, прадукцыі падвойнага прызначэньня, а нам трэба выйграць вайну», — падкрэсьліў Парашэнка.

Таксама ў часе ваеннага становішча становіцца немагчымай падтрымка дзяржавы міжнароднымі фінансавымі інстытутамі.

«Краінам ў стане вайны МВФ не дае грошай. Пра гэта ніхто не думае, калі ставіць сёньня пытаньне аб ваенным становішчы», — сказаў Парашэнка.

Ён зьвярнуў увагу на тое, што ў часе ваенных дзеяньняў абаронены законам ня толькі бок, які церпіць ад агрэсіі, але і краіна-агрэсар.

«Ваеннае становішча — гэта сытуацыя, калі ёсьць супрацьлеглы бок. І той бок, зь якім мы ваюем, мае адпаведныя правы. Яго могуць падтрымліваць, у тым ліку і іншыя дзяржавы, ён абаронены міжнародным правам», — сказаў прэзыдэнт Украіны.

Разам з тым, Пятро Парашэнка адзначыў, што сёньня ўлада сканцэнтравала намаганьні на прызнаньні сьветам так званых «Луганскай і Данецкай народных рэспублік» тэрарыстычнымі арганізацыямі:

«Мы ўпарта працуем над тым, каб усе, хто сёньня забівае ўкраінскіх салдат і цывільных, былі прызнаныя тэрарыстамі, а фінансавая або любая іншая дапамога тэрарыстам — злачынствам супраць чалавецтва».

XS
SM
MD
LG