Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея стварыла ўмовы для зьбіцьця авіяляйнэра, — выведка ЗША


Прадстаўнікі выведкі ЗША заявілі ў аўторак, што менавіта Расея стварыла ўмовы для зьбіцьця малайзійскага авіялайнэра над усходам Украіны.

Выступаючы ў Вашынгтоне на ўмовах ананімнасьці, амэрыканскія выведнікі паведамілі, што, паводле іх ацэнак, самалёт зьбілі прарасейскія сэпаратысты зэнітна-ракетным комплексам, вядомым у Расеі як «Бук», а на Захадзе як SA-11.

Яны лічаць, што гэты самалёт быў зьбіты па памылцы.

Дадзеных аб прамой датычнасьці да гэтага Расіі пакуль няма, заявілі яны. Між тым невядома, ці прысутнічалі пры запуску грамадзяне Расеі або ж экіпаж ўстаноўкі прайшоў навучаньне ў Расеі.

Паводле выведнікаў, вядома, што расейскія вайскоўцы навучаюць сэпаратыстаў выкарыстаньню розных ўзбраеньняў, уключаючы зэнітна-ракетныя комплексы, на вялікай ваеннай базе каля расейскага Растова-на-Доне, але няма дакладных дадзеных, ці тычылася гэтая вучоба і прымяненьня ўстановак «Бук».

Спэцыялісты адзначылі, што вырашылі апублікаваць гэтыя дадзеныя з-за кампаніі дэзінфармацыі з боку Расеі і расейскіх дзяржаўных сродкаў інфармацыі, у прыватнасьці пра тое, што нібыта за зьбіваньне самалёта можа быць адказная Ўкраіна.

Як заявілі амэрыканскія выведнікі, для Ўкраіны было б нерэальна зьбіць самалёт, таму што ўкраінскіх зэнітна-ракетных комплексаў не было нідзе блізка ад месца трагедыі, падкантрольнай сэпаратыстам. Для гэтага ўкраінскім войскам давялося б прабіцца да гэтага месца, абстраляць самалёт і прабіцца назад, растлумачылі спэцыялісты.

Акрамя таго, па такім сцэнары ўкраінскаму боку давялося б неяк арганізаваць масавае зьяўленьне заяў сэпаратыстаў у сацыяльных сетках аб тым, што менавіта яны зьбілі самалёт. «Такі сцэнар не здаецца рэалістычным», — сказаў адзін з прадстаўнікоў выведкі.

У панядзелак прэзыдэнт ЗША Барак Абама заявіў, што ляйнэр «Малайзійскіх авіяліній» з 298 людзьмі на борце зьбілі над тэрыторыяй, кантраляванай сэпаратыстамі, якія падтрымліваюцца Расеяй. Таксама, паводле яго слоў, Расея і вучыць гэтых сэпаратыстаў, забясьпечвае іх ваенным абсталяваньнем і ўзбраеньнямі, уключаючы сродкамі супрацьпаветранай абароны.

Самалёт авіякампаніі «Малайзійскія авіялініі», які ляцеў рэйсам MH17 Амстэрдам (Нідэрлянды) — Куала-Лумпур (Малайзія), пацярпеў крушэньне 17 ліпеня на ўсходзе Украіны. Загінулі 298 чалавек.

СБУ распачала крымінальную вытворчасьць па артыкуле «тэракт». Акрамя таго, СБУ апублікавала запісы размоваў прарасейскіх баевікоў, з якіх вынікае, што самалёт зьбілі менавіта іх людзі. СБУ таксама заяўляе, што мае і доказы, што дастаўленымі з Расеі зэнітна-ракетнымі комплексамі «Бук» кіравалі расейскія ваенныя спэцыялісты.

XS
SM
MD
LG