Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пруды — вёска майстроў


Вёска Пруды здаўна славіліся сваімі майстрамі на ўсё налібацкае навакольле. Прудоўскія майстры будавалі хаты, складалі печы і выраблялі бочкі. Ці застаўся хоць які сьлед ад прамінулай славы Прудоў?

Браніслаў Дошчачка, бандар зь вёскі Пруды, дэманструе свой новы цэбар. 80-гадовы цясьляр з глыбокімі маршчынамі і прыгожымі спрацаванымі рукамі бандарыць усё сваё жыцьцё. Але ўжо няма былога попыту на ягоныя кадкі ды цэбры. У сваёй майстэрні, сярод адмысловых гэблікаў стары выглядае як жывы экспанат эпохі, якая адыходзіць назаўжды.

— Некалі мой бацька рабіў гэты посуд. Ад бацькі і я навучыўся. І стаў рабіць. З гэтага і жылі. Зямлі мала было. Вазілі посуд за Нёман, там прадавалі. Тут амаль у кожнай хаце рабілі майстры. А цяпер старыя паўміралі, а моладзь...

— Але тут займаліся ня толькі бондарствам?

— І хаты будавалі, і на кроснах ткалі. Шылі вопратку.

— Пруды была вёска майстравітая.

— І печнікі, і будаўнікі. А зараз я, мусіць, апошні год раблю. І няма сэнсу, і здароўя няма. Як малады быў, ахвота была рабіць.

Браніслаў Дошчачка ніколі не залежаў ад калгаснай дзяржавы. Вядома, ён працаваў на дзяржаву, але сапраўдны прыбытак меў са свайго майстэрства. Што, зрэшты, не перашкодзіла дзяржаве яго абрабаваць.

— З гэтага і жылі.

— Не з калгасных заробкаў?

— А што там плацілі? Дзе ж ты пражывеш?

— У вас згубіліся грошы на гэтых «кніжках»?

— А як жа? Трыццаць пяць тысяч было, зьнікла.

— І як вы гэта перажылі?

— Перажылі спакойна.

— А дзеля чаго жыве чалавек?

— Чалавек? Каторы хоча выпіць, дык вып’е. А каторы рабіць хоча, той робіць. Цяпер трэба чакаць іншага жыцьця. Хутка нам на могілкі...

А вось іншы прудоўскі майстар, Франц Мішук, як і ўсе мінулыя гады, кладзе печы. Толькі ўжо не вяскоўцам, а дачнікам. Старыя хаты пакрысе замяняюцца ў налібоцкім краі новымі дамамі.

— Тут амаль усе цесьляры былі. І бандаркай тут усе займаліся. Дамы, усё ўмелі рабіць.

— А сёньня вам хапае працы?

— Хапае. Абы рукі. Зруб зраблю, страху любую накрыю. Тут ужо палова дачнікаў у вёсцы. А некалі трыста двароў было.

Пруды — вёска майстроў. Тут літаральна ў кожнай хаце жыў ці бандар, ці будаўнік, ці пячнік. Якія абслугоўвалі ўсё налібацкае навакольле. Сакрэт гэтага фэномэна мне патлумачыла былая дырэктарка школы Лідзія Босая.

— Тут вёска карэнных жыхароў. А тыя ж Налібакі, яны былі выпаленыя. І Пруды былі выпаленыя, але сюды вярнуліся людзі. А ў Налібакі, можа, трэцяя частка толькі вярнулася. І тут здаўна рабіліся бочкі, дзежкі, зрубы рабілі. А цяпер моладзь зьехала. Амаль нікога не засталося. Школа была — 266 вучняў. А калі закрывалі дзесяць гадоў таму, толькі 18 вучняў засталося.

Беларуская вёска без сваёй паэткі — вёска няпоўная. У Прудах штодня шукае новай рыфмы Лідзія Фарботка. Яе вершы друкаваліся і ў раёнцы, і ў «Звяздзе». Але лічбавая эпоха паставіла перад самадзейнымі паэтамі непераадольную праблему. У рэдакцыях усё радзей бяруць напісаныя ад рукі тэксты. Таму новыя творы дэклямуюцца адно суседзям.

Вандроўкі зь вёскі да вёскі
Рабіў калісьці Янка Купала.
Любіў гоман зялёных кустоў,
Дзе яму зязюля кувала.

Нібы родныя сэрцу Акопы,
Дзе вязы, дубы векавыя,
Улетку стаіць прыгажосьць,
Зімой курганы сьнегавыя.

— Цяпер пісаць ад рукі — нікуды не бяруць. Трэба кампутарнае, а хто тут надрукуе? Трэба ім друкаванае.

Дзяцінства пані Лідзія правяла ў ваколіцах Купалавых Акопаў. Яе бацька нават бачыў паэта. Як ва ўяўленьні беларускага чалавека павінен выглядаць сапраўдны паэт? Чалавекам, які сядзіць на высокай гары і вечна піша вершы.

— Ёсьць такая Лысая гара. І там заўжды сядзеў Янка Купала, на гэтай гары, і пісаў вершы. І людзі пыталіся ў яго: «Што ты тут робіш?» Дык ён адказваў: «Пішу пра сваё жыцьцё і пра ваша». Яму вельмі падабалася гэтая Лысая гара.

Нежылыя вясковыя хаты падобныя да мёртвых дрэваў. Сьцены яшчэ стаяць, але вокны ўжо счарнелі і гатовы абваліцца дах. Ніколі ня ведаеш, што цябе чакае на зарослым панадворку.

Вось на сьцяне адчыненай адрыны вісіць стары хамут, а да сьцяны прыслонены іржавы магільны крыж. Лепшай інсталяцыі на тэму адміраючай вёскі і сам не прыдумаеш.

Тым больш нечакана было сустрэць у Прудах маладога, поўнага сіл і жаданьня працаваць на сваёй зямлі селяніна. Менавіта селяніна, не калгасьніка. Віталю 34 гады. Гэты ладны адкрыты прыгажун адзін на сваім трактары робіць за цэлы калгас.

— Я люблю гаспадарку. Цяпер дзьве каровы трымаю, цяля, быка. Вось трактар мой. Мара пабудаваць хату, каб зямлі болей мець. Закласьці свой сад. Як прыгожа вішні цьвітуць! Букеты стаяць! Пчолы гудуць, птушкі пяюць. Краса! Любата! Чаго ж іншаземцы да нас у Беларусь прыяжджаюць? Любата. Прастор.

— Вы сказалі пра замежнікаў. А самі езьдзілі за мяжу?

— Ня езьдзіў.

— А ёсьць жаданьне?

— Часу няма. Паехаць адпачыць за мяжу — змарнуеш час і страціш грошы. За кардон панясеш грошы. Мой прадзед меў 10 гектараў зямлі. І яны коньмі апрацоўвалі. А цяпер тэхніка дазваляе ўсё. Адзінае, што я злы на ўладу. Навошта было зьнішчаць усё пагалоўе сьвіней? А цяпер аднавіць тое пагалоўе? Цяпер людзі ўжо жаданьня ня маюць. Паадвыкалі за год. «Пражылі неяк, пражывем і далей».

Да нас падышоў бацька Віталя, Антон. Да якога сын зьвяртаецца выключна на «вы».

— Вы зьвяртаецеся да бацькі на «вы»?

— Вядома. Так заўжды было, так прынята. Павагу да старэйшых трэба мець. На «вы».

Гледзячы на гэтага поўнага сіл і аптымізму мужыка, разумееш, што так і не ўдалося бальшавікам зьнішчыць гаспадара. Генэтыка непераможная. Але такіх засталіся адзінкі. На іхняй празе жыць усё пакуль і трымаецца ў беларускай вёсцы. Такім людзям трэба спрыяць ва ўсім. Але як слухаеш расповед Віталя пра тое, зь якімі баямі ён набывае тэхніку і ня можа выбіць у калгаса зямлю, становіцца вельмі сумна.

— Я хацеў узяць у арэнду тры гектары зямлі. Наш старшыня спачатку пагадзіўся, а пасьля даў назад. Забаяўся, сказаў, што зямля калгасная. А там лесам зарастае зямля. У нас якая палітыка? Лепш няхай зарасьце, але не вазьмі. А я хацеў тры гектары ўзяць. Я нашто трактар купіў? Не для таго, каб стаяў.

— Вы не змагаліся?

— Было жаданьне. Але вазіцца зь імі, пісаць, даказваць... Каб у адзін цудоўны дзень забралі і не папыталіся. Лепей ужо якому чалавеку абрабіць, дапамагчы. І яму хораша, і самому.

— У вас жонка, дзеці?

— Яшчэ не жанаты. Мэта адна. Трэба дом зрабіць.

— А акрамя працы вы яшчэ чым жывяце? Кнігі, кіно, музыка?..

— Музыка наша, айчынная.

— А што такое айчынная музыка?

— Ну, папса расейская.

Адказ няправільны. Пакуль айчыннай музыкай будзе «расейская папса», не відаць беларускаму селяніну сваёй зямлі.

Пруды
Пруды

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG