Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каго закрануць новыя санкцыі, будзе вырашацца ў чацьвер. Більдт: «Па брусэльскіх стандартах — гэта хуткасьць сьвятла»


Міністры замежных справаў краінаў Эўразьвязу адклалі да чацьвярга абнародаваньне сьпісу асобаў, адносна якіх будуць уведзеныя дадатковыя санкцыі Эўразьвязу.

Сёньня міністры замежных справаў краінаў Эўразьвязу сабраліся на нараду ў Брусэлі, каб вызначыць новыя санкцыі адносна Расеі. Гэтая прапанова стала рэакцыяй на зьбіцьцё над Украінай самалёта малайзійскіх авіялініяў, а таксама на дзеяньні Расеі ўва ўсходняй Украіне.

Размова ідзе пра пашырэньне сьпісу расейскіх грамадзянаў, адносна якіх уведзеныя візавыяі фінансавыя санкцыі.

Аднак, у аўторак ніякіх канкрэтных рашэньняў агучана не было. Эўрапейскія камісія прапануе сьпіс асобаў, пашырэньне санкцыяў на якіх кіраўнікі МЗС краінаў ЭЗ абмяркуюць у чацьвер.

Прычыну пераносу рашэньня патлумачыў кіраўнік МЗС Швэцыі Карл Більдт:

«Калі б мы прынялі рашэньне пра санкцыі ў сфэры высокіх тэхналёгій, у прыватнасьці, у энэргетычным сэктары — гэта мела б значныя наступствы. Калі б мы ўвялі санкцыі на міжнародным рынку капіталу — гэта таксама мела б сур’ёзныя наступствы. Гэтыя прапановы яшчэ не гатовыя, не дапрацаваныя юрыдычныя і тэхнічныя моманты, таму мы папрасілі Эўракамісію падрыхтаваць гэтыя прапановы да чацьвярга — гэта значыць, праз два дні. Па брусэльскіх стандартах гэта хуткасьць сьвятла», — сказаў Карл Більдт.

Эўразьвяз заклікае Расею выкарыстаць свой уплыў на сэпаратыстаў, каб зрабіць магчымым правядзеньне расьсьледаваньня на месцы падзеньня самалёта «Боінг-777» у Данецкай вобласьці і спрыяць дээскаляцыі сытуацыі ва Ўкраіне. Пра гэта па выніках нарады міністраў замежных справаў краін ЭЗ заявіла вярхоўны прадстаўнік ЭЗ ў пытаньнях зьнешняй палітыкі і палітыкі бясьпекі Кэтрын Эштан:

«Мы заклікаем Расею выкарыстаць свой уплыў на незаконныя ўзброеныя групы, каб дамагчыся доступу да месца трагедыі. Мы заклікаем Расею спыніць паток зброі і баевікоў празь мяжу, каб дамагчыся адчувальных вынікаў у дээскаляцыі. Мы таксама заклікаем адвесьці дадатковыя вайсковыя фармаваньні ад мяжы з Украінай», — адзначыла Эштан.

«Я думаю, у нас ёсьць добры вынік, той, які павінен задаволіць Галяндыю і галяндзкую грамадзкасьць, — сказаў пасьля нарады Міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі. — Прэзыдэнт Пуцін павінен зразумець, што гэтым разам мы настроеныя сур’ёзна, што мы чакаем, што Расея верне целы загіблых у авіякатастрофе, будзе супрацоўнічаць са сьледзтвам і, у выпадку неабходнасьці, пакарае вінаватых. Да чацьвярга Эўракамісія прадставіць свае прапановы аб санкцыях, якія закрануць экспарт узбраеньняў, уключаючы фінансавыя паслугі, закрануць высокія тэхналёгіі, у тым ліку ў галіне энэргетыкі, што зьяўляецца моцным пакетам — мацнейшым, чым калі-небудзь раней. Мы таксама ўхвалім санкцыі адносна асобаў — сэпаратыстаў і іх расейскіх спонсараў».

На сёньняшні дзень санкцыі ЭЗ дзейнічаюць у дачыненьні да 72 грамадзянаў Расеі і Ўкраіны. Ім забаронены ўезд на тэрыторыю краінаў ЭЗ, а таксама замарожаныя іх рахункі ў эўрапейскіх банках.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG