Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін на пасяджэньні Рады бясьпекі заявіў, што ваеннай пагрозы, а таксама пагрозы сувэрэнітэту або тэрытарыяльнай цэласнасьці Расеі на сёньняшні дзень няма.

На ягоную думку, гэта абумоўлена «стратэгічным балянсам сіл у сьвеце».

Пры гэтым Пуцін адзначыў, што Расея павінна «адэкватна і суразьмерна рэагаваць на набліжэньне вайсковай інфраструктуры НАТО» да межаў краіны.

Расейскі прэзыдэнт падкрэсьліў, што Масква «не пакіне без увагі разгортваньня глябальнай сыстэмы проціракетнай абароны і нарошчваньня запасаў няядзернай стратэгічнай зброі».

«Нам часта кажуць, што сыстэма ПРА — гэта абарончая сыстэма. Нічога падобнага. Гэта наступальная сыстэма, частка наступальна-абароннай сыстэмы ЗША, вынесеная на пэрыфэрыю», — дадаў Пуцін.

Пуцін ускосна пакрытыкаваў альянс НАТО агулам:

«Любая краіна, якая ў альянсы ўваходзіць, адразу частку свайго сувэрэнітэту аддае. І далёка не заўсёды гэта адлюстроўвае нацыянальныя інтарэсы той ці іншай краіны».

Пуцін таксама заявіў на пасяджэньні Рады бясьпекі, што Расея выкарыстае свой уплыў на узброеных сэпаратыстаў, каб даць магчымасьць міжнародным экспэртам правесьці расьсьледаваньне крушэньня малайзійскага «Боінга» на ўсходзе Ўкраіны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG