Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чым прычына ўсіх нашых праблемаў? У вышыванках


Віталь Цыганкоў. Фота: Ягор Маёрчык

Віталь Цыганкоў. Фота: Ягор Маёрчык

І ў яркіх творцаў бываюць відавочныя правалы. Менавіта так я б ацаніў гэты тэкст Бахарэвіча. У ім аўтар палымяна накінуўся на вышыванкі, якія для яго сталі злавеснай прыкметай антыэўрапейскасьці і ўсіх клятых традыцыйных каштоўнасьцяў.

«Мода на яе азначае, што ўсё было дарэмна. Што вышываначная Беларусь чарговы раз перамагла тую, пра якую мы некалі марылі. Вышыванка зрабілася нечым кшталту ўніформы для прыхільнікаў «крыві і глебы», — піша Альгерд.

Увогуле, забаўна, як нейкая тканіна з нацыянальным узорам можа выклікаць такія глыбокія і трагічныя пачуцьці. Хутчэй не забаўна, а дзіўна і нават крыўдна за аўтара, які паспрабаваў перакуліць усё дагары нагамі. У нашых, беларускіх, умовах вышыванкі прапагандуюць прыхільнікі якраз эўрапейскіх каштоўнасьцяў, якія бачыць тут добрую і прымальную для большасьці этнаграфічную знаходку для рэклямы беларускага. Як саломка, ці дранікі, ці агратурызм. Няўжо Альгерд, калі есьць дранікі — адчувае сябе «прыхільнікам крыві і глебы»?

Да таго ж у сучаснай модзе існуе трэнд на «этна» (Альгерд, вядома, можа пра гэта ня ведаць). Розныя фірмы — Cottonfield, Promod, а пэўна, і іншыя, я тут не вялікі адмыслоўца — выпускаюць цэлыя лініі адзеньня з арнамэнтамі і этнаграфічнымі малюнкамі. І што, афрыканскія матывы ў адзеньні — нармальна, а беларускія — ой, страшна, ой, фашызм?

Чытайце таксама: Вышыванка зноў у модзе

У большасьці эўрапейскіх народаў людзі маюць у сваім гардэробе нацыянальныя строі ды ўбіраюцца ў іх прынамсі некалькі разоў на год — як баварцы, швайцарцы, гішпанцы, шатляндцы. Альгерд у сваім тэксьце прыводзіць прыклад літоўкі, якая пасьмяялася зь нейкага неназванага беларускага паэта ў вышыванцы. Больш няўдалага прыкладу, відаць, немагчыма прыдумаць — у літоўцаў нацыянальныя строі, відаць, у кожнай другой сям’і, у беларусаў — наўрад ці ў кожнай дваццатай.

«Наадварот: той, хто надзявае вышыванку, абірае так званыя традыцыйныя каштоўнасьці, а іхным прыхільнікам на нейкае асобнае „я“ заўжды было напляваць. Ці камянямі закідаць. Традыцыйныя каштоўнасьці лёгказасваяльныя, і на іх трымаецца сьвет: што б мы ўсе рабілі бязь мілых нашаму сэрцу хатняга гвалту, цемрашальства, рэлігійнага фанатызму, моцнай рукі, ксэнафобіі і г. д.!» — піша Альгерд.

Ну, гэта прыкольная лёгіка, — дакладней, яе поўная адсутнасьць. А хто носіць джынсы — той прыхільнік свабоды? А хто надзеў кароткую спадніцу — тая прастытутка? Я вось быў добрым чалавекам і лібэралам, а надзену вышыванку — і займуся хатнім гвалтам папалам з рэлігійным цемрашальствам?

Любячы амаль усё, што піша Бахарэвіч, я ў сваім жыцьці сустрэў толькі два няўдалыя (і па сэнсе, і па аргумэнтацыі) ягоныя тэксты. Адзін быў пра нейкі страшны беларускі фашызм, другі — пра вышыванкі. Вядома, гэта права аўтара нястомна змагацца з традыцыйнымі беларускімі каштоўнасьцямі, калі менавіта ў іх ён бачыць самую вялікую пагрозу для нашай эўрапейскай пэрспэктывы. Але выбіраць тут вышыванку ў якасьці грознай мішэні — як мне здаецца, недарэчнасьць.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG