Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крамлёўскі Макіявэлі падвёў Расею да катастрофы


Палітыка, якую цяпер праводзіць Уладзімір Пуцін, небясьпечная ня толькі для ўсяго сьвету, але ў першую чаргу для самой Расеі, піша ў Financial Times галоўны палітычны аглядальнік гэтага выданьня Гідыян Ракман.

Прапануем вам пераклад фрагмэнтаў гэтага артыкула, які называецца «Крамлёўскі Макіявэлі падвёў Расею да катастрофы».

Яшчэ пару месяцаў таму было модна хваліць Уладзіміра Пуціна за яго стратэгічны геній. Амэрыканскія правыя супрацьпастаўлялі ягоную ўпэўненасьць меркаванай слабасьці іх уласнага прэзыдэнта. У калёнцы пад загалоўкам «Абама супраць Пуціна — няроўныя сілы» Чарлз Краўтгамэр сьцьвярджаў: «Пры гэтым прэзыдэнце Расея заткнула за пояс Амэрыку». Рудзі Джуліяні, былы мэр Нью-Ёрку, хваліў рашучасьць Пуціна лісьлівым галаском: «Гэта той, каго называюць лідэрам». Найджэл Фараж, лідэр брытанскай Партыі незалежнасьці, заявіў, што Пуцін — сусьветны лідэр, якім ён найбольш захапляецца.

Як недарэчна выглядае ўсё гэтае нізкапаклонства пасьля зьбіцьця малайзійскага самалёта MH17.

Расейская палітыка паставак зэнітных ракетаў украінскім сэпаратыстам ня проста амаральная. Яна таксама зьняпраўджвае думку, што спадар Пуцін зьяўляецца свайго роду стратэгічным геніем. Наадварот, ён тут паказвае сябе як безразважнага гульца, паранаідальная і цынічная палітыка якога вядзе Расею ў эканамічную і палітычную ізаляцыю.

Крамлёўскі міні-Макіявэлі лічыў, што ён зможа дэстабілізаваць усходнюю Ўкраіну ды пасьпяхова адмаўляць сувязь Расеі з сэпаратысцкімі баевікамі.

Аднак жа гэты лялькавод ня здолеў цягаць за ўсе ніткі. Пасьля сьмерці амаль 300 нявінных пасажыраў роля Расеі ў гэтай трагедыі стала відавочнай амаль для ўсіх. За межамі Расеі толькі цьвёрдае ядро пуцінскіх апалягетаў схільнае верыць пярэчаньням, што такой ролі не было. (...)

Памылкі Пуціна выходзяць за межы безадказнасьці, зь якой ён дазволіў сэпаратыстам зьбіць цывільны самалёт. Гэта промах мае свае карані ў прынамсі чатырох іншых ягоных палітычных захадах, якія закончыліся правалам.

Па-першае, гэта была ягоная празьмерная рэакцыя на магчымасьць падпісаньня Ўкраінай гандлёвага пагадненьня з Эўразьвязам. Думка, што Брусэль адчайна імкнецца захапіць Украіну, была паранаідальнай. Насамрэч Эўразьвяз на працягу дзесяцігодзьдзяў не жадаў далучаць Украіну. Сяброўства ў НАТО — якое Масква прадстаўляла як вялікую пагрозу для Расеі — было ня менш аддаленай пэрспэктывай. Саміт НАТО ў 2008 годзе адмовіўся паставіць Украіну ў чаргу на сяброўства, і з таго часу гэта зьяўляецца асноўнай пазыцыяй альянсу.

Другую памылку Расея зрабіла, калі выклікала беспарадкі ва Ўкраіне і пачала адмаўляць сваю адказнасьць за іх. На свой цынічны спосаб гэта магло падацца спрытных ходам — і гэта сапраўды захапіла сьвет зьнянацку, што тычыцца анэксіі Крыму. Але ва ўсходняй Украіне маніпуляцыі Масквы былі менш эфэктыўныя і замаскаваць іх было цяжэй. Яны дасягнулі сваёй кульмінацыі ў трагедыі малайзійскага авіялайнэра. (...)

Трэцяя пастка, якую Пуцін стварыў сам для сябе — гэта маніпуляцыя расейскай грамадзкай думкай з дапамогай штораз больш грубай, нацыяналістычнай прапаганды. Яна дала жаданы вынік у форме павышэньня прэзыдэнцкага рэйтынгу. Але яна таксама ў вялікай меры перакрыла яму шлях да адступленьня. Цяпер усё зь ягонага боку, што ня будзе выключна падтрымкай сэпаратыстаў, дасьць падставу абвінаваціць Пуціна ў тым, што ён ня змог абараніць расейскамоўнае насельніцтва ад «фашыстаў», якія, паводле расейскіх СМІ, кантралююць Украіну.

Ягоным чацьвёртым пралікам было пасьлядоўнае недаацэньваньне рэакцыі Захаду. Магчыма, лісьліўцы ў ягоным атачэньні пераканалі яго — і ягоных выхвалякаў-пустабрэхаў за мяжой — што ён зьяўляецца геніяльным стратэгам і што Захад — слабы. Адказ Захаду часам бывае павольным, але рашэньні аб рэальных санкцыях былі прынятыя, і будзе іх яшчэ больш. Расейскія бізнэс-лідэры напалоханыя гэтай сытуацыяй. Але, на дадзены момант, яны нічога ня могуць зрабіць.

Дазваляючы ўцягнуць сябе ў непатрэбную і разбуральную канфрантацыю з Захадам, Пуцін вызначыў сабе няправільную задачу. Нягледзячы на маскоўскую параною вакол НАТО, рэальным стратэгічным выклікам для Расеі зьяўляецца ўздым Кітаю. Але, счапіўшыся ў канфрантацыі з Захадам, Пуцін стаў просьбітам у Пэкіне, як гэта было відаць з нераўнапраўнага энэргетычнага пагадненьня, падпісанага нядаўна з Кітаем. (...)

Небясьпека заключаецца ў тым, што адзіным спосабам для Пуціна, каб замаскаваць свае няўдачы, зьяўляецца далейшае разьдзіманьне атмасфэры крызісу і ажыцьцяўленьне ўласнага прароцтва, паводле якога Расеі наканавана змагацца з штораз больш варожым Захадам. Гэта палітыка небясьпечная для сьвету і — перш за ўсё — для самой Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG