Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз вырашае наконт далейшых санкцый супраць Расеі


Міністры замежных справаў Эўразьвязу сёньня абмяркоўваюць пытаньне далейшых санкцый супраць Расеі ў сувязі зь яе роляй у канфлікце ва ўсходняй Украіне ды ў зьбіцьці малайзійскага авіялайнэра над Данбасам на мінулым тыдні.

«Улічваючы цяперашнія падзеі і пагаршэньне сытуацыі, я сказаў бы, што гэта сапраўды паваротны момант ня толькі ў сытуацыі, але і ў нашай ацэнцы. Я кажу ня толькі пра атакі і паток даставак тэхнікі празь мяжу, але і пра тэрарыстычныя акты. На нашу думку надышоў сапраўды час назваць рэчы сваімі імёнамі і надаць статус тэрарыстычных арганізацый гэтак званым рэспублікам Луганску і Данецку», — сказаў нашаму радыё перад пасяджэньнем міністар замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус.

Пра патрэбу далейшых крокаў супраць Расеі перад сустрэчай са сваімі калегамі ў Брусэлі гаварыў і міністар замежных справаў Вялікай Брытаніі Філіп Гэманд:

«Усе хочуць бачыць збалянсаваны набор захадаў, але сьвет зьмяніўся з часу пасяджэньня Эўрапейскай Рады на мінулым тыдні. Падзеі мінулага чацьвярга зьмянілі грамадзкія чаканьні адносна нас, і мы павінны паслаць выразны сыгнал з нашай сустрэчы, што мы гэта разумеем і што зьбіраемся ісьці далей».

Рашэньне пашырыць санкцыі Эўразьвязу супраць Расеі было прынятае Эўрапейскай радай — у якую ўваходзяць кіраўнікі дзяржаваў-удзельніц Эўразьвязу, прэзыдэнт Эўрапейскай рады і старшыня Эўрапейскай камісіі — на пасяджэньні 16 ліпеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG