Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францыя паставіць першы «Містраль» Расеі, таму што Масква заплаціла, — Алянд


Францыя выканае свае абавязацельствы па будаўніцтве першага вайсковага карабля тыпу «Містраль» для Расеі, паколькі Масква ўжо заплаціла па гэтым кантракце.

З заявай такога зьместу выступіў прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд, паведамляе агенцтва France-Presse. Паводле францускага лідэра, у адваротным выпадку штрафныя санкцыі склалі б 1,1 мільярда эўра. «Пагадненьне было заключанае ў 2011 годзе, карабель амаль гатовы і павінен быць перададзены ў кастрычніку», — сказаў Алянд. Працу над другім караблём кляса «Містраль» прэзыдэнт Францыі зьвязаў з пазыцыяй Масквы па ўкраінскім крызісе. Паводле яго слоў, калі абмежаваньні па Расеі будуць уведзеныя, гэта «павінна адбыцца на ўзроўні Эўразьвязу і тычыцца толькі будучых паставак тэхнікі». «Пакуль гэтага няма, паглядзім, ці будзе Расія паводзіць сябе дрэнна», — сказаў Алянд.

Заходнія партнэры Францыі заклікаюць Парыж адмовіцца ад паставак караблёў «Містраль» у Расею. ЗША і саюзьнікі сьцьвярджаюць, што ў цяперашніх умовах прадастаўленьне Маскве высакаякаснай зброі недарэчнае. Расея не мае магчымасьці вырабляць такія караблі ўнутры краіны. Верталётаносцы «Містраль» зьяўляюцца зброяй актыўнага нападу, яны даюць магчымасьць высадзіць батальён марской пяхоты і бронетэхніку на бераг на адлегласьці да 10 тысяч кілямэтраў ад порту прыпіскі без дазапраўкі. Аналітыкі сьцьвярджаюць, што нават былы СССР не меў такіх магчымасьцяў.

XS
SM
MD
LG