Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама ў сваім сёньняшнім выступе ў Белым доме заклікаў Расею выкарыстаць свой ​​уплыў, каб спыніць прарасейскіх сэпаратыстаў ва Ўкраіне, якія перашкаджаюць доступу сьледчых да месца крушэньня малайзійскага авіялайнэра.

Абама падкрэсьліў, што міжнародныя экспэрты, якія ва Ўкраіне вядуць расьсьледаваньне, павінны мець апэратыўны і поўны доступ да месца катастрофы. Паводле словаў Абамы, міжнародныя каманды гатовыя праводзіць расьсьледаваньне, але прарасейскія сэпаратысты блякуюць іх намаганьні.

«Расея і прэзыдэнт Пуцін, у прыватнасьці, нясе прамую адказнасьць за тое, каб прымусіць іх супрацоўнічаць са сьледзтвам. Гэта самае малое, што яны могуць зрабіць», — сказаў Абама. Ён дадаў, што паўстанцы і расейцы нясуць адказнасьць за бясьпеку экспэртаў.

Абама абвінаваціў таксама паўстанцаў у зьнішчэньні доказаў на месцы катастрофы: «Усё гэта выклікае пытаньне, што менавіта яны спрабуюць схаваць?»

Тым часам пракуратура Нідэрляндаў распачала справу аб ваенных злачынствах у зьвязку з крушэньнем малайзійскага «Боінга». Кіеўскія ўлады заявілі, што гатовыя перадаць кантроль над расьсьледаваньнем Гаазе.

Раней галяндзкія судмэдэкспэрты прыступілі да ідэнтыфікацыі і абсьледаваньня целаў загінулых у катастрофе, многія зь якіх былі грамадзянамі Нідэрляндаў. Сярод 298 загінулых пры крушэньні «Боінга-777» ў Данецкай вобласьці 17 ліпеня было 193 падданых Нідэрляндаў.

Украінская камісія ў расьсьледаваньні крушэньня рэйсу MH17 паведаміла аб завяршэньні пошукавай апэрацыі на месцы трагедыі. І сёньня ў Кіеве ў часе прэсавай канфэрэнцыі прэм’ер-міністар Украіны Арсень Яцанюк паведаміў, што 272 целы з 298 пасажыраў знойдзеныя на месца катастрофы. Прадстаўнік Арганізацыі ў бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе, заявіў сёньня, што сьледчыя групы, якія працуюць ва Ўкраіне, пацьвердзілі, што некаторыя целы згарэлі датла.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG