Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трагедыя ў габрэйскай грамадзе Луганску: маці і бабуля загінулі, чатырохгадовы хлопчык застаўся сіратой


Неразарваная ракета на луганскай вуліцы

Неразарваная ракета на луганскай вуліцы

Сьвятлана і Ганна Сытнікавы, маці і дачка, загінулі ў Луганску 18 ліпеня. Яны спыніліся на сьвятлафоры, каб перайсьці дарогу. Чатырохгадовы Вадзім застаўся сіратою. Знаёмая сям’і перакананая, што ў жанчын трапіў снарад, які выпусьцілі сэпаратысты.

Сытнікавы — сябры габрэйскай грамады Луганску. Пра трагічную гісторыю іх сям’і паведаміў рэсурс FJC.

Знаёмая сям’і і сяброўка грамады І. распавядае, што Вадзіма цяпер адправяць у адмыслова арганізаваны лягер у Жытоміры.

«Яны ішлі на кірмаш купляць Вадзіму абутак у гэты лягер. А насустрач ішоў ягоны дзядуля і забраў хлопчыка з сабой дахаты. Ганна і Сьвятлана чакалі на пераходзе зялёнага сьвятла. У гэты час раздаўся выбух, і яны загінулі».

Апеку над хлопчыкам будзе афармляць ягоны дзядзя Яўген. Сама І. выехала з Луганску тыдзень таму ў Адэсу. Яна кажа, што страляць у горадзе могуць толькі сэпаратысты.

«Я тыдзень як адтуль выехала, і пакуль яшчэ не магу прыйсьці да прытомнасьці. Гэта проста страшны сон. Мы спадзяемся хутчэй прачнуцца.

Асабіста мая думка такая: горад абстрэльваюць самі сэпаратысты. Украінскага войска там няма. Думаю, што яны хочуць нанесьці як найбольш шкоды.

Лугкнчане тушаць пажар пасьля трапляньня ракеты

Лугкнчане тушаць пажар пасьля трапляньня ракеты

Гэта ня нашы людзі. Я асабіста бачыла чачэнцаў у папахах, вайскоўцаў з Расеі. Былі там і нашы мясцовыя людзі з «палаючымі вачыма». Ня ведаю, ці яны там цяпер засталіся. Але там цяпер проста бандыты.

Як можна казаць, што страляе Нацгвардыя, калі мы бачым, што езьдзяць па горадзе танкі, перасоўныя ўстаноўкі, якія страляюць? Узброеныя салдаты з аўтаматамі ходзяць па вуліцах.

Я з акна кватэры бачыла, як паклалі хлопца і дзяўчыну на зямлю чатыры чалавекі, наставілі на іх аўтаматы, а пасьля пасадзілі ў машыну і зьвезьлі. Пачатку канфлікту я ня бачыла, ня ведаю.

Людзей у Луганску хапаюць проста на вуліцах, машыны адбіраюць. Банкі зачыненыя, сьвятла няма ў палове гораду

Ня думаю, што людзі вераць у тое, што ўкраінскія вайскоўцы зьбілі самалёт («Боінг-777» Малайзійскіх авіялініяў. — Рэд.) Мы ж бачылі сваімі вачыма, як украінскія самалёты ляцелі над горадам, а сэпаратысты па іх стралялі і зьбівалі іх з ПЗРК.

Я працую ў сынагозе, якая знаходзіцца побач з СБУ, і сама чула, як ад будынка СБУ зрабілі два стрэлы, якія разарваліся ў раёне аўтавакзалу. Адзін трапіў у ваенкамат, а другі — у анкадыспансэр. Яны самі і страляюць.

Людзей у Луганску хапаюць проста на вуліцах, машыны адбіраюць. Банкі зачыненыя, сьвятла няма ў палове гораду. Сёньня абвясьцілі забарону на перасоўваньне на легкавым транспарце, маршруткі кепска ходзяць. У высотках сядзяць снайпэры. Страшна і незразумела, навошта і каму гэта трэба.

Людзей на вуліцах нашмат меней. Але спачатку шмат людзей зьехала з гораду. Недзе на месяц. А пасьля грошы сталі сканчацца — людзі вярнуліся.

З чаго ўсё пачыналася? Каму што было трэба — тое і абяцалі. У нас шмат людзей прыехала з Расеі. Ім сказалі, што гэтая частка пойдзе да Расеі, і яны пабеглі 11 траўня галасаваць за гэтую ЛНР.

Іншым людзям, якія хацелі самастойнасьці, фэдэралізацыі, паабяцалі гэта. У Луганскай вобласьці эканамічнае становішча вельмі цяжкае. Гэтыя «данецкія» ўсё пад сябе падмялі. І пры былым прэзыдэнце Януковічу нам было вельмі цяжка.

Таму людзі проста стаміліся. Яны хочуць жыць лепш. Ёсьць тыя, хто не падтрымлівае сэпаратыстаў. Але ёсьць і тыя, хто кажа: «Гэта наша, гэта Данбас, нас абараняюць». Там жа няма ўкраінскіх каналаў — па тэлебачаньні толькі Расея. А што яна кажа, вы ж самі ведаеце..."

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG