Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як варта рэагаваць Захаду на гібель пасажыраў малазійскага самалёта


Як трэба рэагаваць Захаду на сьмерць амаль 300 чалавек на борце зьбітага над Данбасам малайзійскага авіялайнэра? Ці магчыма прымусіць Крэмль узяць частку адказнасьці за гэтую трагедыю на сябе? Як Захад можа дапамагчы Ўкраіне ў гэтай сытуацыі? Англамоўная прэса рэагуе на апошнія падзеі ў канфлікце ва ўсходняй Украіне.

Зьбіцьцё малайзійскага авіяляйнэра над Данбасам на мінулым тыдні паклала канец «казкам» пра нібыта ўнутрыдзяржаўную прыроду ўкраінскага канфлікту, якія да гэтай пары было чуваць як на Захадзе, так і ў Расеі. Цяпер ужо ўсім відавочна, што гэта сапраўдная вайна — піша Эн Эплбаўм у The Washington Post. І яна дадае:

«Бяз гэтых казак некаторыя рэчы неўзабаве стануць яснымі. Па-першае, мы даведаемся, ці зьяўляецца Захад у 2014 годзе такім жа адзіным і рашучым у сваім памкненьні спыніць тэрарызм, як гэта было 26 гадоў таму. Калі лібійскі ўрад узарваў самалёт лініі Pan Am над Локэрбі ў Шатляндыі ў 1988 годзе, Захад самкнуў шэрагі і ізаляваў лібійскі рэжым. Ці можам мы зрабіць тое самае і цяпер? Ці ня знойдзецца зашмат такіх, якія захочуць сьпісаць гэта на „трагічны няшчасны выпадак“ і адкінуць вынікі дасьледаваньня, якое непазьбежна будзе неадназначным, як „непераканаўчыя“? Недастаткова заявіць, як сказаў прэзыдэнт Абама, што павінна наступіць „спыненьне агню“ ва Ўкраіне. Неабходна вывесьці з Украіны расейскіх наймітаў ды пазбавіць іх зброі і падтрымкі. Захад — і ўвесь сьвет — павінны дапамагчы Кіеву вярнуць дзяржаўны сувэрэнітэт на ўсходзе Украіны, а не ператварыць цяперашняе супрацьстаяньне ў яшчэ адзін замарожаны канфлікт».

Локербі, дзе 21 сьнежня 1988 упаў зьбіты Лібіяй самалёт
Локербі, дзе 21 сьнежня 1988 упаў зьбіты Лібіяй самалёт

Вядомы брытанскі журналіст Тыматы Гартан Эш піша ў The New York Times, што «пуцінская дактрына» абароны «рускага сьвету», наступствам якой сталі анэксія Крыму Крамлём і крывавыя сутычкі прарасейскіх сэпаратыстаў з украінскімі ўрадавымі сіламі ў Данбасе, зьяўляецца пагрозай ня толькі для суседзяў Расеі ва Ўсходняй Эўропе і Эўразіі, але і для ўсяго міжнароднага палітычнага парадку пасьля 1945 году.

Гартан Эш прыгадвае, што ўпершыню Ўладзімер Пуцін выступіў з накідам сваёй цяперашняй палітычнай дактрыны яшчэ ў 1994 годзе, калі быў намесьнікам мэра Санкт-Пецярбургу. Брытанскі журналіст прыгадвае тагачасную канфэрэнцыю, падчас якой Пуцін гаварыў пра «агромністыя тэрыторыі», якія Расея аддала іншым рэспублікам былога СССР. Паводле Пуціна, «гістарычна належалі да Расеі» ня толькі Крым і паўночны Казахстан, але і «раён Калінінграду». Сьвет, казаў Пуцін у 1994 годзе, павінен ушанаваць інтарэсы расейскай дзяржавы і «вялікага расейскага народу».

«Па ўсім сьвеце знойдуцца дзяржавы, у якіх мужчын і жанчын, што жывуць у іншых краінах, лічаць у пэўным сэнсе „сваімі людзьмі“. Што было б, калі б — як гэта ўжо здаралася ў мінулым — кітайская меншасьць у краінах паўднёва-ўсходняй Азіі адчула сябе аб’ектам дыскрымінацыі або народнага гневу, і Кітай (у якім, будучы гэтай вясною, я чуў выказанае ўголас захапленьне дзеяньнямі Пуціна) вырашыў узяць на сябе ролю Бацькаўшчыны і народнага абаронцы гэтай меншасьці?» — ставіць пытаньне Тыматы Гартан Эш.

У Daily Telegraph журналіст Борыс Джонсан прыгадвае падобны да малайзійскага трагічны выпадак з пасажырскім самалётам у ліпені 1988 году. Тады амэрыканскі ваенны карабель «Vincennes», які знаходзіўся ў раёне Пэрсыдзкай затокі, прыняў іранскі авіялайнэр за варожы самалёт і зьнішчыў яго ракетай, забіўшы 290 чалавек на борце, сярод якіх было 66 дзяцей.

«Я ня буду рабіць выгляд, што амэрыканцы беззаганна адрэагавалі на трагедыю іранскага авіялайнэра. Яны ніколі не прынесьлі афіцыйных прабачэньняў Ірану. Але найпершай і самай важнай розьніцай было тое, што калі ЗША дапусьцілі памылку, не было зь іх боку ніякай істотнай спробы адмаўляць праўду або прыкрываць жудаснасьць таго, што здарылася. (...) Акрамя таго, ЗША фактычна кампэнсавалі іранцам катастрофу, выплаціўшы суму 131,8 мільёна даляраў, большая частка якой трапіла да сем’яў загінулых. Прымаючы часткова адказнасьць у адносінах да сем’яў загінулых і спрабуючы дакапацца да ісьціны, ЗША ў вялікай ступені паказалі сталасьць і мудрасьць. Параўнайце паводзіны Пуціна зь ягонымі ўхіламі, наўмысным заблытваньнем пытаньня і хлусьнёй. Ці можаце ўявіць сабе, што ён некалі прызнае рэальнасьць таго, што насамрэч здарылася, ня кажучы ўжо пра тое, каб выкупіць сваю віну, напрыклад, пасылаючы грошы сем’ям загінулых?» — рытарычна пытаецца брытанскі журналіст Борыс Джонсан.

Іранская рэвалюцыйная гвардыя ўшаноўвае чарговую гадавіну зьнішчэньня Іранскага авіяляйнэра. 2 ліпеня 2012.
Іранская рэвалюцыйная гвардыя ўшаноўвае чарговую гадавіну зьнішчэньня Іранскага авіяляйнэра. 2 ліпеня 2012.

Былы дараднік амэрыканскага прэзыдэнта ў пытаньнях бясьпекі Томас Грэм піша ў Financial Times, што адны эканамічна-фінансавыя санкцыі Захаду супраць Расеі ня спыняць эскаляцыі напружаньня ў раёне украінскага канфлікту, які падаграваецца Крамлём. Патрэбная, паводле Грэма, міжнародная дапамога Ўкраіне ў пабудаваньні жыцьцяздольнай дзяржавы і эканомікі:

«Больш эфэктыўным адказам было б павялічыць намаганьні дзеля таго, каб аднавіць украінскую дзяржаву і яе эканоміку. Гісторыя паказвае, што расейская экспансія спыняецца, калі сутыкаецца з добра арганізаванымі, кансалідаванымі дзяржавамі. Для гэтага Ўкраіна мае патрэбу ў дапамозе з правядзеньнем палітычных рэформаў і пабудовай кампэтэнтнай арміі і сілаў аховы правапарадку. Пятру Парашэнку, прэзыдэнту Ўкраіны, неабходна пабудаваць сваю ўласную палітычную сілу, якая стала б інструмэнтам кіраваньня і процівагай карумпаваных алігархічных кланаў. Сума 20 мільярдаў даляраў, якой Захад паабяцаў дапамагчы Ўкраіне — толькі частка таго, што неабходна для аднаўленьня эканомікі».

Вашынгтон і Брусэль паступаюць правільна, уводзячы санкцыі супраць Расеі — піша брытанскі журналіст Олівэр Балаў ў The Guardian. Але гэтага недастаткова. Ён тлумачыць, чаму:

«Гэта не дапаможа Ўкраіне. Каб дапамагчы, мы павінны прыгледзецца да нашых уласных дзеяньняў ня менш уважліва, чым да дзеяньняў Расеі. Без заходніх банкаўскіх рахункаў і падстаўных кампаній кіраўнікі Ўкраіны ніколі б не падарвалі эканомікі сваёй краіны да такой ступені, як ім гэта ўдалося зрабіць. (...) Нашы банкі, юрысты і іншыя асобы з энтузіязмам адмывалі паступленьні ад разграбленьня Ўкраіны. Правілы барацьбы з адмываньнем грошай, як мяркуецца, абавязваюць нашы банкі і іншыя ўстановы правяраць легальнасьць даходаў, але мала што паказвае на тое, што так робіцца. Так, мы замарозілі мільёны фунтаў на банкаўскіх рахунках, зьвязаных са старым украінскім рэжымам, але чаму мы чакалі падзеньня Януковіча, каб гэта зрабіць?»

Тым часам бізнэсовы тыднёвік Bloomberg цытуе шэраг аналітыкаў і асобаў, зьвязаных з расейскай эканомікай і палітыкай, якія адзначаюць, што найбагацейшыя людзі ў Расеі моцна баяцца пэрспэктывы палітычнай і эканамічнай ізаляцыі сваёй краіны Захадам.

У прыватнасьці, Ігар Бунін, які кіруе Цэнтрам палітычных тэхналёгій у Маскве, сказаў тыднёвіку, што «эканамічная і бізнэсовая эліта знаходзіцца ў жаху», хоць ніхто ў гэтым у голас не прызнаецца, баючыся помсты з боку Крамля.

Былы прэм’ер-міністар Расеі Міхаіл Касьянаў адзначыў, што пагроза санкцый супраць цэлых сэктараў расейскай эканомікі стала цяпер вельмі рэальнай, і што калі такія санкцыі будуць уведзеныя, расейская эканоміка «абваліцца за шэсьць месяцаў».

Ольга Крыштаноўская з Расейскай акадэміі навук таксама пацьвердзіла выданьню Bloomberg, што расейская бізнэсовая эліта «жыве ў страху» і спрабуе вывесьці свае грошы з краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG