Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былыя «кулакі» атрымалі пэрсанальную экспазыцыю. Моладзь пытаньне пра часы сталінскага тэрору ўспрымае як правакацыю


Экспазыцыю пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў стварылі ў музэі бялыніцкага СВК «Радзіма», што на Магілёўшчыне. У экспазыцыі пералічаныя вяскоўцы, якія прайшлі праз сталінскі тэрор.

У музэйнай экспазыцыі пададзеныя імёны 62 вяскоўцаў, якія зьведалі на сабе гвалт сталінізму. Тут жа вокладкі асабістых спраў, заведзеных НКВД на некаторых з рэпрэсаваных, а таксама даведкі пра рэабілітацыю ды фотаздымкі з Гулагу. Экспазыцыя пра ахвяраў палітычных рэпрэсіяў створаная сярод стэндаў, прысьвечаных станаўленьню савецкай улады ды калектывізацыі ў тых вёсках, якія цяпер ўтвараюць Вішоўскі сельсавет.

Музэйныя залі

Музэйныя залі

Адна са стваральніц музэю Сьвятлана Атрошчанка кажа, што экспазыцыя пра калектывізацыю адлюстроўвае гісторыю таго пэрыяду, якая, як яна адзначае, поўніцца не аднымі заклікамі. «Мы імкнуліся ўсебакова адлюстраваць падзеі таго часу, — кажа яна.

«Тады ж было як — тут жа заклік „Ідзі таварыш да нас у калгас“, а ў калгас прыйшоў, недзе ня тое слова сказаў і ў 1937 годзе за заклікі супраць савецкай улады рэпрэсавалі... Вы ж паглядзіце: ўсе асабістыя справы — гэта артыкул, як правіла, 72-гі. А гэта — антысавецкая агітацыя. Гэта гісторыя страшная. Тады ж вывозілі сем’ямі».

Экспанаты пра калектывізацыю

Экспанаты пра калектывізацыю

Ля стэнду пра рэпрэсіі наведнікі спыняюцца і доўга ўглядаюцца ў сьпіс рэпрэсаваных, кажа Сьвятлана Атрошчанка. Яна адзначае, што не багата тутэйшых ведае пра часы калектывізацыі і яе ахвяраў:

«Людзі прыходзяць і шукаюць знаёмыя прозьвішчы па вёсках. Ды й ужо прыходзяць ня ўнукі, а праўнікі. Тут ёсьць некалькі чалавек, якія ведаюць сваю гісторыю, могуць расказаць пра прадзедаў — хто памятае з размоваў, ад сваіх бацькоў пра часы калектывізацыі».

У той жа музэйнай залі са стэндамі пра станаўленьне савецкай улады ў кутку — зьвесткі пра мясцовую праваслаўную Петрапаўлаўскую царкву. Яе разбурылі ў часы разгулу сталінскіх рэпрэсіяў. Тое, што засталося ад сьвятыні, цяпер можна ўбачыць на ўскрайку Вішова. У разбураным храме — крыж і абразы. Да царквы вядзе сьцяжка ў разрослай траве. Некаторыя зь вяскоўцаў кажуць, што ходзяць на імшу ў гэтую разбураную царкву.

Сьціплыя зьвесткі пра разбураную Петрапаўлаўскую царкву

Сьціплыя зьвесткі пра разбураную Петрапаўлаўскую царкву

Петрапаўлаўская царква сёньня

Петрапаўлаўская царква сёньня

Пабыўшы ў музэі ды пабачыўшы тое, што засталося ад сьвятыні, як напамін пра сталіншчыну, гутару з жыхарамі Вішова пра іх стаўленьне да рэпрэсіяў таго часу. Дарослыя вяскоўцы пра часы калектывізацыі і рэпрэсіі чулі ад сваіх бацькоў. Пераняты ля будынку школы, у якім музэй, спадар пэнсійнага веку пра часы панаваньня гвалту ў Савецкім саюзе згадвае:

«Мая бабуля была кулачка, і каб не было ў шэрагу рэпрэсаваных, дык ёй давялося адмовіцца ад хутара і аддаць усё ў калгас. Час тады быў такі, — тлумачыць ён. — Тады была дыктатура, а безь яе ня можа быць парадку». На заўвагу, што дыктатура забрала мільёны жыцьцяў суразмоўнік рэагуе: «Але ж і мільёны захавала. І краіну захавала. Імпэрыю захавала. Але тыя, хто пацярпеў ад рэпрэсіяў, зусім іншага меркаваньня».

Яшчэ адзін суразмоўнік адразу заявіў:

«Калі так цяпер разабрацца, то я кулак. І ў тыя часы таксама быў кулак, які працаваў суткамі, а потым яго рэпрэсавалі. Маіх дзядоў раскулачылі. Адправілі ў Сыбір і адтуль яны не вярнуліся. Калі б не раскулачвалі людзей тады, то мы б жылі нашмат лепей. Вось тут скрозь былі адны хутары. А цяпер прайдзі ўздоўж рэчкі — скрозь расьце бур’ян. А там жа людзі ўсё ўраблялі. Тады суткамі працавалі».

Тыя часы забываць нельга, перакананы жыхар Вішова, дом якога за сто мэтраў ад разбуранай Петрапаўлаўскай царквы. Гэта нам навука, заяўляе ён:

«Тады трэба было, каб людзі працавалі задарма. Была разнарадка, што вось у такой вёсцы трэба забраць дваццаць чалавек і ўсё. І ніхто ні на што не зважаў».

На думку суразмоўцы, гвалту сталіншчыны ў Беларусі паўтарыцца ня можа:

«Усе ўжо навучаныя тым лёсам»,— перакананы ён.

Асобныя экспанаты кампазыцыі

Асобныя экспанаты кампазыцыі

Вясковая моладзь пытаньне пра часы сталінскага тэрору успрымала як правакацыю. Некаторыя прызнаваліся, што ня ведаюць пра іх нічога. Нешта, казалі маладыя жыхары Вішова, памятаем са школьнай праграмы, але згадаць што, адмаўляліся. На заўвагу: ці былі ў музэі і ці бачылі там экспазыцыю прысьвечаную сталінскаму тэрору — рэагавалі каротка: «Сходзім, паглядзім».

Музэй адкрылі крыху больш за тыдзень таму. Паводле Сьвятланы Атрошчанкі, ён адразу стаў папулярным у вяскоўцаў. Яго наведваюць ня толькі тыя, хто застаўся жыць у вёсках, але і іхныя родзічы, якія выехалі ў іншыя мясьціны. У музэі разьлічваюць, што ягоныя экспазыцыі будуць папаўняцца і дакумэнтамі, перададзенымі вяскоўцамі. Гэты працэс, кажа Сьвятлана Атрошчанка, ужо пачаўся. Багата фотаздымкаў пакуль застаюцца без тлумачальных надпісаў, бо няма зьвестак пра людзей, якія на іх.

Этнаграфічная заля музэю

Этнаграфічная заля музэю

XS
SM
MD
LG