Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея зробіць усё, каб ва Ўкраіне пачаліся мірныя перамовы, — Пуцін


Уладзімір Пуцін

Уладзімір Пуцін

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін лічыць, што авіякатастрофа, якая адбылася 17 ліпеня, цяпер мусіць не разьядноўваць, а аб’яднасць людзей, якія павінны зрабіць усё магчымае для бесстароньняга расьсьледаваньня здарэньня.

Таксама расейскі лідэр заявіў, што калі б 28 чэрвеня баявыя дзеяньні на ўсходзе Ўкраіны не былі адноўленыя, то і гэтай трагедыі не адбылося б. «У сувязі з жудаснымі трагічнымі падзеямі, якія адбыліся ў небе над Данецкам, хацеў бы яшчэ раз сказаць пра тое, як мы ў Расеі ставімся да падзей, якія адбываюцца сёньня ва Ўкраіне», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні ад імя Ўладзімера Пуціна на старонцы Крамля.

«Мы неаднаразова заклікалі ўсе бакі неадкладна спыніць кровапраліцьце і сесьці за стол перамоваў. З упэўненасьцю можна сказаць, што калі б 28 чэрвеня баявыя дзеяньні на ўсходзе Ўкраіны не былі адноўленыя, то і гэтай трагедыі напэўна б не адбылося.

Разам з тым, ніхто не павінен і не мае права выкарыстоўваць гэтую трагедыю для дасягненьня вузкакарысьлівых палітычных мэтаў. Такія падзеі павінны не разьядноўваць, а аб’ядноўваць людзей. Трэба, каб усе людзі, якія адказваюць за сытуацыю ў рэгіёне, павысілі сваю адказнасьць і перад уласным народам, і перад народамі тых краін, прадстаўнікі якіх сталі ахвярамі гэтай катастрофы.

Неабходна зрабіць усё, каб забясьпечыць бясьпеку працы міжнародных экспэртаў на месцы трагедыі. Сёньня там ужо працуюць прадстаўнікі Данбаса, Данецка, прадстаўнікі МНС Украіны, экспэрты Малазіі. Але гэтага недастаткова.

Неабходна, каб на месцы катастрофы працавала паўнавартасная група экспэртаў пад эгідай ICAO (International Civil Aviation Organization), адпаведная міжнародная камісія. Трэба зрабіць усё для яе поўнай, абсалютнай бясьпекі, забясьпечыць неабходныя для яе работы гуманітарныя калідоры.

Са свайго боку Расея зробіць усё, што ад нас залежыць, каб канфлікт на ўсходзе Ўкраіны перайшоў зь сёньняшняй ваеннай фазы ў фазу абмеркаваньня за сталом перамоваў мірнымі і выключна дыпляматычнымі сродкамі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG