Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Цягнік зь целамі пасажыраў зьбітага Боінга засеў на станцыі Тарэз. Куды далей — невядома


Целы, знойдзеныя на месцы падзеньня «Боінга-777», пагрузілі ў вагоны-рэфрыжаратары цягніка, які стаіць на чыгуначнай станцыі і не рухаецца.

Пра гэта карэспандэнту ВВС паведамілі ў прэс-службе прэм’ер-міністра самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі. Дакладнай інфармацыі пра тое, колькі цягнік стаіць і куды потым скіруецца, пакуль няма. Раней дзяржаўная служба надзвычайных сытуацыяў Украіны паведаміла, што на месцы падзеньня самалёта знойдзена 196 целаў.

Пошук вядзецца на плошчы ў 34 квадратных кілямэтры.

Тым часам прадстаўнік інфармацыйнага цэнтру Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Андрэй Лысенка ў часе брыфінгу ў Кіеве заявіў, што сэпаратысты вывозяць парэшткі людзей, загінулых у авіякатастрофе, але «ня кажуць, куды».

Паводле словаў Лысенкі, баевікі робяць усё, каб схаваць доказы на месцы аварыі. Да пошукаў целаў і доказаў, па яго словах, прыцягнутыя 380 украінскіх спэцыялістаў і 20 адзінак тэхнікі. Лысенка таксама апісаў умовы, у якіх працуюць спэцыялісты: ратавальнікі вымушаныя аддаваць узброеным сэпаратыстам усё, што знаходзяць на месцы аварыі і «забраць нешта зь месца аварыі немагчыма».

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ў часе сустрэчы зь міністрам замежных справаў Нідэрляндаў Франсам Тымэрсансам выказаў намер дамагацца прызнаньня самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік «тэрарыстычнымі арганізацыямі».

Як заявіў Парашэнка, улады Ўкраіны рыхтуюць міжнародныя юрыдычныя пазовы, «каб так званыя ЛНР і ДНР былі прызнаныя тэрарыстычнымі арганізацыямі ў сьвеце».

«Я ўпэўнены, што суд над тэрарыстамі павінен адбыцца абавязкова», — дадаў Пятро Парашэнка.

XS
SM
MD
LG