Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На якім баку большасьць беларусаў у стаўленьні да канфлікту ва ўсходняй Украіне? Ці могуць такія здарэньні, як зьбіцьцё малазійскага самалёту, кардынальна зьмяніць адносіны беларусаў да украінскіх падзеяў?

На гэтыя пытаньні адказвае незалежны сацыёляг Сяргей Нікалюк

Цыганкоў: Падчас украінскіх падзеяў, пачынаючы ад Майдану, як сфармавалася беларуская грамадзкая думка ў дачыненьні да іх? Наколькі падзеленыя беларусы ў сваім стаўленьні да украінскага канфлікту?

Нікалюк: Беларускае грамадзтва яшчэ вельмі далёкае ад завяршэньня мадэрнізацыі. Гэта традыцыйнае грамадзтва, дзе большасьць — гэта людзі са сваімі традыцыйнымі каштоўнасьцямі. І стаўленьне да падзеяў ва Ўкраіне цягам апошняга паўгода толькі выяўляе гэтую структуру беларускага грамадзтва. Не мяняе, а менавіта выяўляе.

У чым гэта заключаецца? Беларус успрымае любую зьмену парадку як хаос. Для яго неабходная нейкая сіла, да якой ён хоча прытуліцца. Калі такая сіла зьяўляецца, то беларус адчувае сябе камфортна. Таму, калі толькі пачаўся Майдан, то большасьць беларусаў успрыняла гэта як пагрозу парадку. Як тое, што нейкія хаатычныя сілы выступілі супраць самага галоўнага, самага сьвятога — супраць дзяржавы. І таму адносіны большасьці беларусаў да Майдану было адмоўным. Да гэтага яшчэ дадалася расейская прапаганда, якая ўсе гэтыя настроі ўзмацніла.

У выніку 53 працэнта беларусаў лічаць, што тыя сілы, якія прыйшлі да ўлады пасьля Майдану — гэта сілы фашысцкія. Адкуль яны ўзялі гэтае слова? З расейскіх тэлеканалаў. Калі іх спытаць, адкуль там узяліся фашысты, які сэнс яны ўкладаюць у гэтыя словы — гэта пытаньні бессэнсоўныя. Гэта ярлык, які абазначае нейкія цёмныя сілы, і яго прыклеіць можна куды заўгодна.

Цыганкоў: Ці могуць такія здарэньні, як зьбіцьцё малазійскага самалёту, кардынальна зьмяніць адносіны беларусаў да украінскіх падзеяў? Ці гэта стаўленьне настолькі глыбіннае, як вы кажаце, што вельмі хутка яно не зьменіцца?

Нікалюк: Кардынальна зьмяніць чалавека, які даўно сфармаваўся, увогуле цяжка. Я зьвярну вашу ўвагу — калі беларусы ўжо сфармавалі свае погляды на Майдан, то падзеі ў Данбасе яны ўжо ўспрымаюць як працяг барацьбы з гэтымі сіламі хаосу. Тое, што прайшлі выбары, што ўкраінцы абралі легітымнага прэзыдэнта — гэта ўжо беларусаў мала цікавіць.

Вось перад мной апытаньне. «Як вы ацэньваеце падзеі, якія вясной адбываліся на Ўсходзе Ўкраіны?» — «Гэта народны пратэст супраць нелегітымнай кіеўскай улады» — гэтак адказваюць 66 працэнтаў апытаных беларусаў. «Гэта мяцеж, арганізаваны Расеяй» — 23 працэнты. І па Майдану тыя ж лічбы, толькі дакладна наадварот.

Гэта структура беларускага грамадзтва. Вядома, пад узьдзеяньнем нейкіх яркіх падзеяў меркаваньне можа неяк плыць. Але гэта сытуацыйныя зьмены — сёньня яно паплыве туды, заўтра назад. А гэтыя канцэптуальныя падыходы ніякай прапагандай немагчыма зьмяніць. Прапаганда толькі іх праяўляе, у нейкай меры ўзмацняе.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG