Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вячорка і Грыб паспрачаліся, ці патрэбная ў Беларусі люстрацыя


У Менску адбыўся круглы стол пра люстрацыю. Гаворка ішла пра розныя аспэкты ўкраінскага досьведу (да Майдану і цяпер), люстрацыі ў Грузіі і пра выпрацоўку канцэпцыі для Беларусі.

Ці патрэбная Беларусі люстрацыя і якая? Пытаньне ўздымалася неаднаразова. Сяргей Навумчык піша, што пытаньне аб люстрацыі на сэсіі Вярхоўнага Савету дэпутаты Апазыцыі БНФ, у выглядзе заканадаўчай прапановы ня ўносілі: бо яно б стоадсоткава не прайшло. Але тэмы люстрацыі, адказнасьці камуністычнай партыі, і больш за тое — суду над камунізмам — гучалі.

Гучалі гэтыя тэмы на пачатку 90-х, гучаць і цяпер. У прынцыпе, дыскусія пра люстрацыю моцна дзеліць беларускае грамадзтва, і да супольнае пазыцыі яшчэ далёка. Сам Сяргей Навумчык ідэю падтрымлівае: «Калі б у Беларусі адбылося тое, што адбылося ў Чэхіі ці ў Польшчы, — я перакананы, што прэзыдэнтам такі чалавек, як Лукашэнка, ня быў бы абраны ніколі».

Люстрацыя для Беларусі

18 ліпеня грамадзкая ініцыятыва «Люстрацыя для Беларусі» ў офісе Незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) правяла круглы стол, прысьвечаны працэсам люстрацыі на постсавецкай прасторы. У прыватнасьці, гаворка ішла пра розныя аспэкты ўкраінскага досьведу — да Майдану і цяпер, — люстрацыі ў Грузіі, а таксама пра распрацоўку канцэпцыі (ці канцэпцыяў) люстрацыі для Беларусі.

Канцэпцыя люстрацыі залежыць ад грамадзка-палітычнага кантэксту. Польшчу дасюль трасуць палітычныя крызісы ў сувязі з тым, што ў выніку памятнага Круглага стала намэнклятура атрымала магчымасьць канвэртаваць уладу ва ўласнасьць. У посткамуністычных краінах, дзе люстрацыі толкам не было, свабодна пачуваецца расейскі бізнэс намэнклятурнага паходжаньня.

Былы лідэр Партыі БНФ і адзін з заснавальнікаў «Беларускага руху» Вінцук Вячорка адзначыў няпростасьць задачы ініцыятараў абмеркаваньня. З аднаго боку, непажадана палохаць людзей улады будучай люстрацыяй, каб яны не скансалідаваліся супраць зьменаў. З другога боку, атмасфэру маральнай патрабавальнасьці да тых, хто прэтэндуе на ўладу або яе мае, трэба ствараць ужо цяпер. Апазыцыйныя палітыкі маглі б паказваць прыклад адкрытасьці, не прыхоўваючы складаных эпізодаў свае біяграфіі.

Зьвесткі зь вікіпэдыі

Зьвесткі зь вікіпэдыі

Ці трэба пры правядзеньні люстрацыі ўлічваць савецкі час?

Гэтае пытаньне падзяліла ўдзельнікаў круглага стала. Паводле палітыка Вінцука Вячоркі, тыя, хто ў 1991 годзе меў 25–30 гадоў, цяпер маюць каля 50-ці:

«А што калі нехта нешта тады падпісаў або на яго „нешта было“? Цяпер, хутчэй за ўсё, такія зьвесткі нават ня ў Менску, а ў Маскве. Як паказвае досьвед Грузіі ды асабліва Ўкраіны, у суседніх з Расеяй краінах пры здабыцьці імі рэальнай свабоды і незалежнасьці „прачынаецца“ расейская агентурная сетка. Хаця б таму трэба пашыраць люстрацыйны абсяг на савецкі час».

Зь Вінцуком Вячоркам паспрачаўся Мечыслаў Грыб, другі старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь, генэрал-лейтэнант міліцыі. Грыб выказаўся супраць люстрацыі ўчынкаў у савецкі час, пры гэтым саму ідэю люстрацыі палітык не адпрэчвае.

Украінскі досьвед для Беларусі

Украінскі праваабаронца, які жыве ў Беларусі, Уладзімір Яворскі выказаў занепакоенасьць, што з-за вайны люстрацыя ва Ўкраіне можа ўвогуле не адбыцца:

«Ва Ўкраіне ёсьць чатыры законапраекты, але, хутчэй за ўсё, люстрацыя не адбудзецца. Таму што ўрадавая эліта не жадае гэтага, ідзе вайна. А люстрацыя трасе ўсю краіну».

Яворскі дае некалькі парадаў, якія прыдадуцца беларускім дэмакратам пры падрыхтоўцы люстрацыі:

«Трэба дамовіцца, якая павінна быць люстрацыя, таму што пасьля будзе кароткі час, каб яе прыняць, цягам году пасьля зьмены ўлады. І трэба ведаць крытэры люстрацыі. Толькі чыноўнікі вышэйшага рангу, ці шырэйшае кола людзей, ці ўлічваць савецкі час. Калі гэта не зрабіць, усе гэтыя людзі ўвойдуць у публічную палітыку і стануць апазыцыяй, якая ня дасьць правесьці ніякіх пераўтварэньняў у краіне».

Ці закране люстрацыя выбарчых фальсыфікатараў?

Адзін з арганізатараў круглага стала Вацлаў Арэшка закрануў іншую тэму — люстрацыю за ўдзел у выбарчых фальсыфікацыях:

«Напэўна, ніколі нідзе не было такіх масавых фальсыфікацыяў, як у Беларусі, што ўдзельнічаюць сябры выбарчых камісіяў усіх узроўняў. Гэтыя злачынствы чамусьці не падлягаюць люстрацыі»

А судзьдзі хто?

Хто будзе праводзіць люстрацыю, калі многія зь цяперашніх судзьдзяў таксама ёй падлягаюць?

Вацлаў Арэшка лічыць, што многія структуры пасьля пераменаў трэба будзе ствараць з нуля, інакш пасьля яны пяроймуць старыя звычкі.

Тут жа Ўладзімер Яворскі прывёў прыклад Грузіі: «Вось у Грузіі ў суды набралі людзей з замежнай адукацыяй, маладых нармальных, па 30 гадоу. Яны былі радыя вярнуцца і сумленна вырашаць гэтыя пытаньні»

Ці засталіся ва ўладзе сумленныя людзі?

Яворскі лічыць, што бальшыня чыноўнікаў, якія падлягаюць люстрацыі, пасьля пераменаў стануць дэмакратамі, маўляў, «я быў толькі вінцікам».

Журналіст Анатоль Гуляеў перакананы, што сярод чыноўнікаў шмат таленавітых людзей, і трэба індывідуальны падыход:

«Там жа актыўныя людзі, якія чагосьці дабіліся. Там розныя людзі ёсьць».

На гэта Вінцук Вячорка запярэчыў:

«Але ў іх няма маральнасьці! 20 гадоў таму можна было нармальна размаўляць з палкоўнікам міліцыі. Цяпер адбылася поўная фільтрацыя. Кожны зрабіў ужо свой выбар. Маральныя людзі там не застаюцца».

Грамадзкая дзяячка Валянціна Сьвяцкая заявіла, што ў кожнага ёсьць выбар, займаць пасаду, выконваць закон, няхай сабе і злачынны, ці не выконваць. Але яна згодная, што сярод чыноўнікам сапраўды шмат прафэсіяналаў:

«Напрыклад, чаму не прыцягнулі да адказнасьці Штазі? Бо Штазі так і не была прызнаная злачыннай арганізацыяй. Многія супрацоўнікі Штазі былі пад люстрацыяй, а потым кіраўнікі апомніліся, што там шмат прафэсіяналаў, і дазволілі ім працаваць у прыватных структурах, але не дзяржаўных».

Сьпіс асобаў, а не пасадаў

Гісторык Ігар Кузьняцоў ня лічыць, што насьпеў час, каб прымаць нейкія рашэньні наконт люстрацыі ў Беларусі:

«Мы не дасягнулі кансэнсусу, ідзе дыскусія, гэта добра. Аднак некаторыя партыі ўжо склалі свае люстрацыйныя сьпісы. Толькі там ня ўлады, ня зь імі яны змагаюцца, а грамадзкія актывісты».

Апошнім Кузьняцоў намякнуў, верагодна, на КХП БНФ, зь якой меў канфлікт наконт Курапатаў.

Паводле Кузьняцова, кожны разумее люстрацыю па-свойму:

«Напрыклад, чаму мы кажам толькі пра кіроўныя пасады. А што рабіць з тым, хто, напрыклад, данос напісаў? Памятайма пра такую форму люстрацыі, як проста апублікаваньне дадзеных. Проста павесім інфармацыю, дзе працаваў, што зрабіў. Сьпіс асобаў, а не пасадаў. Трэба ў гэтай справе індывідуальны падыход»

Люстрацыя як пачатак пакаяньня

Падсумоўваючы дыскусію, журналіст Марат Гаравы адзначыў, што люстрацыя патрэбная так ці інакш, але людзям трэба тлумачыць, навошта яна:

«Каб ня думалі, што вось мы прыйдзем кампаніяй і будзем вешаць на слупах. Люстрацыя — гэта як пачатак пакаяньня».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG