Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Учора ў небе над усходняй Украінай быў зьбіты пасажырскі самалёт. Ці стала гэта заканамерным вынікам канфлікту на ўкраінскім Усходзе? Як паўплывае авіякатастрофа на пэрспэктывы гэтай вайны? Ці адбудзецца абвастрэньне канфлікту?

Удзельнікі: дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы і палітычны аглядальнік кампаніі Белапан Арцём Шрайбман зь Менску.

Хто вінаваты?

Валер Карбалевіч: «Тое, што здарылася ў небе над усходняй Украінай — гэта выпадковасьць ці заканамернасьць? Ці гэта рана ці позна павінна было здарыцца? І хто гэта зрабіў?»

Кірыл Коктыш: «Тут можа існаваць шмат розных вэрсіяў. Па-першае, зьвярніце ўвагу, што гаворка ідзе пра самалёт малайзійскіх авіялініяў. Тры месяцы таму самалёт гэтай кампаніі бясьсьледна зьнік у Ціхім акіяне. Ці выпадкова гэта?

Па-другое, трэба разабрацца, хто даў дазвол на палёт самалёта над зонай баявых дзеяньняў. Бо гэтая зона была забаронена для палётаў.

Па-трэцяе, хто ж страляў? Бо, з аднаго боку, Кіеў заяўляе, што комплексаў „Бук“ у сэпаратыстаў няма, а зь іншага боку, кажа, што яны нібыта ў іх ёсьць.

Па-чацьвёртае, трэба праверыць паведамленьне гішпанскага апэратара, які даводзіць, што побач з гэтым „Боінгам“ былі два вайсковыя самалёты.

Трэба стварыць міжнародную камісію, якая зробіць аб’ектыўныя высновы. А да таго часу ня трэба нікога абвінавачваць у гэтым жахлівым злачынстве».

Арцём Шрайбман

Арцём Шрайбман

Арцём Шрайбман: «Падчас вайсковых канфліктаў такія падзеі здараюцца. Думаю, гэта быў не наўмысны акт, а памылка. Мая вэрсія такая. Сэпаратысты, якія кантралююць гэта раён, пераблыталі малайзійскі „Боінг“ з украінскім вайсковым самалётам. Служба інфармацыі Гіркіна паведаміла ў сацыяльных сетках, што апалчэнцы зьбілі ўкраінскі самалёт. Гэтая навіна разышлася ў расейскай інфармацыйнай прасторы. А калі стала зразумела, што гэта пасажырскі самалёт, то ўся гэтая інфармацыя зьнікла. Дарэчы, тыдзень таму расейскія мэдыі паведамлялі, што ў апалчэнцаў ёсьць комплексы „Бук“.

А ў украінскіх вайскоўцаў не было ні матываў, ні магчымасьцяў для такога тэракту. Бо ў гэтым раёне не было паветраных цэляў для ўкраінскіх СПА. У сэпаратыстаў жа няма самалётаў і верталётаў».

Як гэты тэракт паўплывае на ход вайны ва ўсходняй Украіне?

Карбалевіч: «Якія палітычныя наступствы гэтага тэрарыстычнага акту? Як ён паўплывае на ход, пэрспэктывы вайны ва ўсходняй Украіне, расейска-ўкраінскага канфлікту?»

Кірыл Коктыш

Кірыл Коктыш

Кірыл Коктыш: «Матывы ёсьць і ў кіеўскага боку. Чатыры ўкраінскія вайсковыя брыгады (сем тысяч) чацьвёрты дзень у акружэньні. І скандал з самалётам пераключае ўвагу з гэтай праблемы, дазваляе яе палітычна разблякаваць.

Але трэба пачакаць высноваў міжнароднай камісіі. І той, хто будзе прызнаны вінаватым, шмат страціць у сваёй міжнароднай легітымнасьці».

Карбалевіч: «На мой погляд, вельмі верагодна, што камісія або ня будзе створана, або яе не дапусьцяць да дасьледаваньня. У выніку ў кожнага з бакоў будзе свая вэрсія, бакі будуць працягваць абвінавачваць адзін аднаго. І міжнародным суб’ектам трэба будзе прымаць палітычнае рашэньне наконт вінаватага. Якую пазыцыю ў такой сытуацыі можа заняць Захад?»

Коктыш: «Гэта цяжкае становішча. Я ўсё ж думаю, што міжнародная камісія будзе дзейнічаць празрыста, дасьледуе і прадэманструе „чорную скрыню“.

Але не выключаю, што малайзійскі „Боінг“ можа выканаць ролю сараеўскага стрэлу ў эрцгерцага Фэрдынанда. Нагадаю, што з гэтага пачалася Першая ўсясьветная вайна. І цяпер падзеі могуць разьвівацца па шляху эскаляцыі».

Карбалевіч: «Як на маё ўяўленьне, дасьледаваньне „чорнай скрыні“ ня дасьць адказу на пытаньне, хто страляў».

Арцём Шрайбман: «Мяне зьдзівіла, што сэпаратысты перадаюць „чорную скрыню“ нейкім „незалежным“ расейскім экспэртам. Я лічу, што „чорная скрыня“ не павінна перадавацца ні Маскве, ні Кіеву, бо яны ўдзельнікі канфлікту. Гэта трэба перадаць незалежным міжнародным экспэртам.

Я лічу, што „чорная скрыня“ не павінна перадавацца ні Маскве, ні Кіеву, бо яны ўдзельнікі канфлікту

Думаю, калі камісія дакажа, што менавіта сэпаратысты зьбілі самалёт, то расейскія грамадзяне стануць горш да іх ставіцца. А калі вінаватымі абвесьцяць кіеўскія ўлады, то ўсясьветная супольнасьць пачне ставіцца да Ўкраіны халадней. Вэрсія, што ўкраінскія ўлады зьбілі гэты самалёт, каб адцягнуць увагу ад сваіх вайсковых няўдач, вельмі складаная і пачварная.

Калі казаць пра наступствы, то, думаю, падзеі будуць разьвівацца па шляху эскаляцыі. Думаю, адбудзецца актывізацыя ЭЗ у справе падтрымкі Ўкраіны, незалежна нават ад вынікаў расьсьледаваньня».

Ці падштурхне гэты тэракт да замірэньня?

Карбалевіч: «А ці можа гэтая трагедыя прымусіць усіх спыніцца, задумацца, ці можа падштурхнуць да прымірэньня? Бо ўсе ўбачылі, што на ўсходзе Ўкраіны зьявілася нікім не кантраляваная „шэрая зона“, дзе адбываюцца злачынствы. Няўжо чалавецтва за 100 гадоў не паразумнела?»

Коктыш: «Ранейшы досьвед паказвае, што кожнае новае злачынства, пачынаючы з адэскай трагедыі, вядзе толькі да эскаляцыі. Бакі ўжо перайшлі шмат „чырвоных рысаў“.

Наконт неверагоднасьці вэрсіі, што гэтае злачынства ўчыніў украінскі бок. Хачу нагадаць, што ў 1990-я гады ўкраінскія вайскоўцы падчас вучэньняў памылкова зьбілі расейскі пасажырскі самалёт, які ляцеў з Ізраілю. Я нікога не абвінавачваю, няхай міжнародная камісія расьсьледуе».

Шрайбман: «Ня веру ў пагрозу ўсясьветнай вайны, бо яе ніхто ня хоча».

Карбалевіч: «І ў 1914 годзе ніхто не хацеў вайны, але яна пачалася, бо ніхто не хацеў саступаць».

Шрайбман: «Цяпер сытуацыя іншая. Мы жывем у век ядзернай зброі. Неверагодна, што лідэры вялікіх дзяржаў пойдуць па шляху самазьнішчэньня. Але і замірэньня ня будзе. Бо прычыны канфлікту нікуды ня зьніклі».

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG