Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што насамрэч вядома пра зьбіты малайзійскі авіялайнэр?


Вось факты, сабраныя службай навінаў нашага радыё.

У пачатковых міжнародных рэакцыях на падзеньне малайзійскага авіялайнэра паміж Данецкам і Луганскам гэтае здарэньне называлася крушэньнем або аварыяй. Цяпер усе кажуць, што рэактыўны пасажырскі самалёт быў зьбіты ракетай «зямля-паветра». Кіеў абвінавачвае Расею і прамаскоўскіх сэпаратыстаў. Расея абвінавачвае ўкраінцаў.

Што насамрэч вядома пра гэтую трагедыю на сёньняшні дзень? Вось факты, сабраныя службай навінаў нашага радыё.

Якая ракета магла зьбіць авіялайнэр і адкуль яна ўзялася?

Як падаецца, Украіна і Расея пагаджаюцца толькі ў адным — менавіта ў тым, які тып ракеты быў выкарыстаны ў гэтым выпадку. Міністар унутраных спраў Украіны Антон Герашчанка і Міністэрства абароны Расеі заявілі, што гэта была ракета «Бук» СА-11, якая ўсталёўваецца на транспартных сродках і мае радыюс дзеяньня да 28 кілямэтраў. Кожная ракета нясе фугасную баявую частку.

Вайсковыя аналітыкі кажуць, што пераносныя зэнітна-ракетныя комплексы, якія знаходзяцца на ўзбраеньні ў сэпаратыстаў і ўжо некалькі разоў выкарыстоўваліся для зьбіваньня ўкраінскіх вайсковых самалётаў у раёне ваенных дзеяньняў, ня ў змозе дасягнуць цэлі, якая ляціць на вышыні 10 тысяч мэтраў, гэта значыць, у паветраным калідоры, прызначаным для камэрцыйных авіярэйсаў. Гэта пакідае ў якасьці падазроных толькі ракету «Бук» СА-11 і ракету С-300. Да гэтага часу ўвага ўсіх была засяроджана амаль выключна на СA-11.

Ракеты «Бук» вырабляюцца ў Расеі і знаходзяцца на ўзбраеньні як расейскай, так і ўкраінскай арміяў. Крэмль рашуча пярэчыць, што ён калі-колечы дастаўляў гэтыя ракеты сэпаратыстам. Аднак расейскія дзяржаўныя СМІ паведамілі яшчэ 28 чэрвеня, што сэпаратысты ва ўсходняй Украіне, паводле іхных слоў, набылі свае ўласныя сыстэмы «Бук».

Прыблізна ў той самы час «Данецкая Народная Рэспубліка» паведаміла ў твітэры, што мае ракетную ўстаноўку «Бук». Пост быў выдалены пасьля крушэньня малайзійскага самалёта.

«Украінская праўда» апублікавала здымкі, зробленыя 17 ліпеня, на якіх відаць вайсковую калёну сэпаратыстаў з пускавой устаноўкай «Бук», якая рухалася ў кірунку кантрольна-прапускнога пункту Дзьмітраўка ў Данецкай вобласьці — на гэтую тэрыторыю, кантраляваную сэпаратыстамі, украінскія ўрадавыя сілы не былі б у стане атрымаць доступу, ці то з магчымымі ракетныя-пускавымі ўстаноўкамі, ці то бязь іх.

Калі ўсе маюць ракету, дык хто мог яе запусьціць?

Нягледзячы на валоданьне зэнітна-ракетнымі сыстэмамі «Бук», украінскія ўрадавыя сілы ня маюць ніякай відавочнай прычыны, каб іх выкарыстоўваць, паколькі сэпаратысты сьцьвярджаюць да гэтага часу, што ня маюць ніякіх вайсковых самалётаў ў сваім распараджэньні.

На старонцы камандзіра сэпаратыстаў Ігара Стралкова ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте» 17 лiпеня зьявілася паведамленьне, што сэпаратысты зьбілі ўкраінскі транспартны самалёт Ан-26. Пасьля інфармацыі пра крушэньне малайзійскага авіялайнэра гэты запіс быў выдалены з сацсеткі, а замест яго зьявілася інфармацыя, што, паведамляючы пра Ан-26, Стралкоў гаварыў не пра тое, што бачыў уласнымі вачыма, а цытаваў іншых.

Украінскія ўлады апублікавалі расшыфроўку перахопу размоваў сэпаратыстаў, якая нібыта пацьвярджае факт зьнішчэньня Боінга-777 нейкімі «казакамі», якія ваююць на баку «Данецкай Народнай Рэспублікі». У адной размове камандзір сэпаратыстаў Ігар Безьлер кажа: «Мы толькі што зьбілі самалёт». У іншай чуваць, што самалёт зьбілі «чарнухінскія» казакі.

У канфлікце, дзе дэзінфармацыя стала нормай, ні відэа, ні пост Стралкова нельга вэрыфікаваць са стоадсоткавай упэўненасьцю. Але падазрэньне ў датычнасьці сэпаратыстаў да трагедыі авіялайнэра таксама падмацоўваецца іхным сьцьвярджэньнем, што яны зьбілі ўкраінскі зьнішчальнік Су-27 16 ліпеня і ўкраінскі Ан-26 двума днямі раней.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG