Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-старшыня Белнафтахіму Жылін затрыманы, але ён ужо не грамадзянін Расеі


Ігар Жылін
Ігар Жылін

Крыніца пацьвердзіла, што былы старшыня канцэрну «Белнафтахім» Ігар Жылін затрыманы, паведамляе Інтэрфакс-Захад, спасылаючыся на зьвесткі з расейскай амбасады ў Беларусі. Паводле агенцтва, 18 ліпеня дарадца амбасады Расеі ў Беларусі Ўладзімер Марчукоў паведаміў: «У нас ёсьць неафіцыйнае пацьверджаньне беларускага боку. Па-першае, такі чалавек затрыманы, але ён не грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі, а разглядаецца як грамадзянін Беларусі».

Паводле Ўладзімера Марчукова, Ігар Жылін не зьвяртаўся па консульскую дапамогу ў пасольства РФ і такая дапамога яму не аказвалася, паколькі «ён не грамадзянін Расеі».

У Сьледчым камітэце Беларусі не камэнтуюць зьвесткі пра затрыманьне Ігара Жыліна.

«Нічога не магу сказаць, бо ня маю ніякай інфармацыі. Як будзе, тады будзем яе распаўсюджваць», — сказаў Свабодзе 18 ліпеня кіраўнік прэсавай службы Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч. У КДБ і пракуратуры зьвесткі пра затрыманьне Ігара Жыліна таксама не камэнтуюць.

30 чэрвеня, як паведаміў Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал, Ігар Жылін быў зьняты з пасады старшыні Белнафтахіму, але прычына такога рашэньня не была пазначана. З таго часу інфармацыя пра затрыманьне Ігара Жыліна зьяўлялася некалькі разоў, але дагэтуль яна не пацьверджаная афіцыйна. Паводле крыніц, якія казалі пра затрыманьне былога старшыні Белнафтахіму, ён нібыта падазраецца ў службовых злоўжываньнях. Да прызначэньня старшынёй Белнафтахіму Ігар Жылін працаваў гендырэктарам «Гродна Азоту». Раней Ігар Жылін, якому 73 гады, працаваў на кіроўных пасадах розных прадпрыемстваў рэспублік былога СССР і Расейскай Фэдэрацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG